Ці добры выхавальнік – бацькоўская папруга?

10:07 / 16.11.2020
202
Многім падабаецца кароткі анекдот: у конкурсе «Настаўнік года» пераможцам стала бацькава папруга. І прыводзяць «пераканаўчы» аргумент: усе мы ў дзяцінстве зведалі смак бацькавага рэменя ці матчынага дубчыка – і нічога, нармальнымі людзьмі выраслі. 

Ці магчыма прымяняць насілле да дзяцей – і ў якой ступені? Да чаго можа прывесці «выхаванне папругай»? Чаму ў дзяцей часам узнікае нематываваная агрэсія? Пагаварыць пра гэтыя і іншыя аспекты пакаранняў мы вырашылі з псіхолагам Юліяй Ражко.

Рожко Юлия.jpgВы заўважылі, што ў нас уся сістэма выхавання пабудавана на пакаранні? Не дзіўна: гэта ж самы эфектыўны спосаб – хутка, танна, надзейна.

Гаворыш-гаворыш нешта дзіцяці – не даходзіць, даў плескача – усё зразумеў і зрабіў! То чаму б ім не скарыстацца? Так лічаць многія.

І пры гэтай уяўнай эфектыўнасці не зважаецца, што ў дзіцяці траціцца давер да бацькоў, паніжаецца іх аўтарытэт, паміж імі знікае ўзаемаразуменне.

Так, пасля пакарання сын ці дачка, хутчэй за ўсё, паслухаюць вас – але не з павагі, не ад разумення, што так, як вы сказалі, – правільна, а з-за страху быць пакараным. І калі трапяць у падобную сітуацыю, веда­ючы, што іх ніхто не кантралюе, не стукне, не накрычыць, то стануць паводзіць сябе, як палічаць патрэбным, магчыма, нават назло: мне зрабілі балюча – я адкажу тым жа! 

Так, я ведаю, многія перакананы, што ў пакаранні, у тым ліку фізічным, няма нічога страшнага: маўляў, нас так выхоўвалі – і мы будзем. Але ж пакаранне пакаранню розніца! 

Вось прыклад з маёй практыкі. Бацька з сынам выконвалі хатняе заданне. Сын нешта не разумеў ці рабіў не так. Бацька раззлаваўся да такой ступені, што стукнуў дзіця тварам аб стол – і рассек малому брыво. І лічыць, што не адбылося нічога страшнага: не змог стрымацца, бо хлапчук тупы, непаслухмяны, упарты.. Я не гавару пра прававы бок справы, а толькі пра маральны. Няўжо бацька лічыць, што пасля гэтага сын яго будзе паважаць, разумець? Слухацца – так, магчыма, бо будзе баяцца – роўна да таго часу, пакуль не зможа даць здачы. Ён будзе сталець ва ўпэўненасці, што ў каго сіла – у таго і права ёй карыстацца. Але ці такога – запалоханага, бязвольнага ці злога, агрэсіўнага – чалавека вы хочаце вырасціць? Ці ўменне падпарадкоўвацца – галоўная мэта выхавання? 

Іншы прыклад. Маці скардзіцца: сын заўсёды ёй пярэчыць. 

– Дзіця не павінна так размаўляць з бацькамі, – пераканана яна. 

– Тое, што ён гаворыць, няпраўда? – удакладняю. 

– Праўда. Але ён дзіця, а я – дарослая, да таго ж – яго маці, і ён не мае права так гаварыць. Ён павінен мяне паважаць.

– За што? Толькі за тое, што вы яго нарадзілі і пражылі больш часу на свеце? Вось вы паважаеце ўсіх калег, кіраўнікоў? Ці кожны з іх заслугоўвае гэтага?

– Не, – прызнаецца маці. – Сярод іх ёсць прафесіяналы, разумныя людзі, а ёсць тыя, хто толькі месца займае. Але ж я не гавару ім пра гэта! 

– І гэта правільна? Вы думаеце адно, а гаворыце іншае, крывіце душой. І дзіця вучыце таму ж.

…Часам я адчуваю бяссілле з-за таго, што эмацыянальнае развіццё ў нас – на нулявым узроўні, што гэтаму мала надаецца ўвагі ў школе і ў сям’і.

Даўно патрэбна ўвесці ў праграму спецыяльны прадмет, дзе будуць вучыць правільна праяўляць эмоцыі. Не страшна, калі дзіця злуецца, становіцца агрэсіўным – трэба толькі даць правільнае выйсце гэтым пачуццям. Усе мы час ад час адчуваем стрэс – гэта нармальнае пачуццё самазахавання. А мы прымушаем дзяцей паводзіць сябе не ў адпаведнасці з тым, што яны думаюць і адчуваюць, а так, як некаму здаецца правільным. Нікога не цікавіць, што ў маленькага чалавечка ў гэты момант баліць душа ці патрабуе выйсця іншая эмоцыя – яно павінна сядзець, склаўшы ручкі, і рабіць тое і так, як загадваюць. 

Часта бацькам няма часу пагаварыць з сынам ці дачкой, дапамагчы ім знайсці адказы на пытанні, што не даюць спакою, разабрацца, што дабро, што зло – у іх заўсёды шмат работы і мала часу. А ад дзіцяці патрабуецца толькі добра вучыцца, правільна сябе паводзіць і дасягаць перамог. Але паўтару яшчэ раз тое, што гаварыла неаднойчы, і не толькі я: закансерваваныя пачуцці нікуды не дзяваюцца, яны абавязкова знойдуць выйсце, калі не цяпер, то пазней. І яно можа быць намнога страшнейшым, чым непаважлівае слова ў адрас маці ці бацькі. 

Часта дзеці падчас размовы з псіхолагам нават не могуць выказаць, што з імі адбываецца, што яны адчуваць. «Мне вось тут, усярэдзіне, вельмі дрэнна, мне баліць. А яны не разумеюць... І каб мозг не вынесла, мне трэба зрабіць нешта такое… няправільнае, каб мяне заўважылі і зразумелі!» 

Мне робіцца страшна, калі аналізую, з чым цяпер звяртаюцца да псіхолага. Калі яшчэ гадоў пяць таму скардзіліся, што дзіця не слухае, грубіць, не хоча вучыцца, то цяпер гэта дэпрэсіі, абыякавасць да ўсяго, нематываваная жорсткасць і нават суіцыдальныя думкі – і гэта ў 11-12 гадоў! Трывожнасць, апатыя – праблемы нашага стагоддзя. Алкагалізм, агрэсія, наркотыкі – вынік таго, што мы з маленства прымушаем дзяцей падаўляць эмоцыі і паводзіць сябе так, як хочацца нам і іншым, а не так, як адчуваюць яны.

Нехта скажа: а як жа без пакарання? Ад уседазволенасці дзеці на галаву сядуць!

Так, пакаранне ў тым ці іншым выглядзе павінна быць, бо любіць і залюбліваць – гэта розныя рэчы. Але! Дзіця павінна дакладна ведаць, за што менавіта яго пакаралі, якое, умоўна кажучы, «злачынства» стала прычынай гэтага. І, па-другое, разумець і адчуваць, што нават калі яго паставілі ў кут ці далі таго ж плескача – яго ўсё роўна любяць і перажываюць – за яго ўчынак, за вымушанае пакаранне. 

Хоць, шчыра кажучы, я не ведаю нікога, хто б у дарослым жыцці з удзячнасцю ўспамінаў, як яго білі ў дзяцінстве. Нават калі атрымліваў заслужана. 

Пераканана: усе праблемы ў сям’і і грамадстве можна вырашыць мірна. Не стамляюся паўтараць: гаварыце са сваімі дзецьмі! Знаходзьце для гэтага час. Распытвайце, тлумачце, пераконвайце, даказвайце, старайцеся зразумець. Але не біце! Бо траўмы, фізічныя, а найперш – маральныя, якія вы прычыніце свайму дзіцяці, яно абавязкова панясе ў дарослае жыццё. 

І невядома, у што яны пераро­дзяцца…



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений