Дзяніс Юцкевіч абраў хобі сваёй прафесіяй

13:58 / 13.11.2020
У цэнтры творчасці дзяцей і моладзі палушанец Дзяніс Юцкевіч даўно стаў сваім. У школьны час хлопец быў выхаванцам мастацкага гуртка, цяпер праходзіць тут вытворчую практыку і ўжо дакладна ведае: працаваць пасля каледжа прыйдзе ў цэнтр творчасці

Як дзіцячае захапленне стала прафесіяй, распытаў наш  карэспандэнт.

– Дзяніс, з чаго пачалося захапленне творчасцю?

– Маляваў з дзяцінства, прычым усім, што пад рукі траплялася: алоўкамі, фламастарамі, фарбамі, крэйдай… – расказвае Дзяніс. –  З класа 5-га стаў актыўна ўдзельнічаць у школьных конкурсах малюнкаў, станавіўся іх пераможцам, атрымліваў граматы – гэта давала дадатковы імпульс. Стаў маляваць больш. Я вучыўся ў Гудагайскай школе і наведваў там гурткі па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве – іх вяла Наталля Вацлаваўна Рынковіч: і вышываў, і шыў, і сувеніры рабіў – хоць і хлопчык, а цікава было. (Смяецца.)

1.jpg

У 9-м класе зразумеў, што хачу звязаць прафесію з мастацтвам. Але быць самавучкам і мець жаданне нечаму навучыцца – гэтага было недастаткова, каб паспяхова здаць уступныя іспыты. Стаў наведваць Астравецкі ЦТДіМ, запісаўшыся ў гурток «Акадэмічны малюнак. Жывапіс», які вядзе Ала Мар’янаўна Зяленская.  У яе займаўся 3 гады, а перад паступленнем у каледж дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прайшоў там курсы. Лічу, паступіў толькі  дзякуючы Але Мар’янаўне. Гэтага педагога ніколі не забуду, вельмі ўдзячны ёй за ўсё, чаму навучыла. 

– Табе падабаюцца розныя віды дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва альбо ёсць любімыя тэхнікі?

– Найбольш падабаецца графіка, дакладней – пуанцілізм – маляванне кропкамі. Упершыню паспрабаваў сябе ў гэтым накірунку на гуртку Алы Мар’янаўны. Яна прапанавала паўдзельнічаць у конкурсе «Мая будучыня». Я бачыў тэхніку пуанцілізму ў кнізе і вырашыў паспрабаваць. Атрымалася нядрэнна. Мая работа (на фота) нават была адзначала абласным журы.

3.jpg

– Любімыя матывы, тэматыка работ? 

– Падабаецца маляваць жывёл, людзей. Цяпер больш рэлігійная тэма цікавіць. Я веруючы чалавек. Раблю брошкі з гліны з выявамі святых. Ёсць інтэрнэт-магазін «Кропля.бай» – там і прадаю.

Пішу партрэты, але толькі для блізкіх. Каб зрабіць партрэт «жывым», я павінен ведаць чалавека – у малюнка таксама ёсць характар. Незнаёмых людзей пісаць не бяруся. 

2.jpg



– Раней ты займаўся  ў цэнтры творчасці, цяпер тут сам вядзеш гурткі. Ты вучыш – ці ўсё ж ізноў вучышся?

– Хоць і працую педагогам па лепцы, лічу, што працягваю вучыцца. У маіх былых настаўнікаў, якія цяпер сталі калегамі, вучуся вучыць дзяцей любімай справе. І працягваю ўдасканальвацца ў апрацоўцы гліны. Мне вельмі дапамагаюць парадамі Ала Мар’янаўна Зяленская і Аляксанд­ра Мікалаеўна Букель.

– Больш падабаецца малюнак, а выкладаеш лепку з гліны. Чаму? Да таго ж, каб весці такі гурток, трэба, акрамя матэрыялу, мець добрае абсталяванне – а каштуе яно вельмі нятанна. 

– Гурткоў выяўленчага мастацтва тут хапае, а гэты накірунак быў не ахоплены. Дарэчы, у кераміцы таксама маляваць трэба. 

Што тычыцца матэрыяльнай базы – яна ў цэнтры цудоўная: ёсць усё, што трэба для работы. Дзеці прыносяць толькі дробныя інструменты.  

Працуем толькі ў кабінеце, дамоў вучні работы не бяруць,  каб не дэфармаваліся. А вось абпалам вырабаў у муфельнай печы займаюся выключна я – так бяспечней. 

4.jpg


– А ці ёсць у цябе іншыя захапленні альбо заняткі?

– Люблю вандраваць. У касцёле Святых Космы і Даміяна ёсць маладзёжная валанцёрская група – пажылым дапамагаем, наведваем дамы інвалідаў, пры храме працуем, у хоры спяваем, на экскурсіі ездзім. Гэтую групу 3 гады таму стварыла сястра законная Наталля Арлянковіч. 

– Пра што ты марыш?  

– Пра мары лепш услых не гаварыць, бо калі не збудзецца – вельмі крыўдна. Таму заўтрашняму дню, лічу, будзе заўтрашні час.

– Але ж без мэты проста плыць па цячэнні – таксама не варыянт?

– Бліжэйшая мэта – здаць экзамены і пайсці працаваць. 

Да снежня буду на практыцы, у лютым – экзамены.  Адпрацоўваць прыйду ў цэнтр творчасці. Тут  мяне добра прынялі, калектыў цудоўны, працуецца лёгка – робіш тое, што любіш. Гэта той выпадак, калі работа і хобі сумяшчальныя паняцці. (Усміхаецца.)

Можа, з цягам часу аформлюся рамеснікам, каб мець магчымасць прадаваць свае работы… Не, больш загадваць не буду. Спачатку адвучуся! 

Дзяніс толькі пачынае рабіць першыя крокі ў самастойным жыцці, але ён дакладна ведае, чаго хоча. Упэўнена, у яго ўсё атрымаецца: па-першае, юнак зрабіў захапленне сваёй прафесіяй, а па-другое, у хаце (чытайце: на радзіме) –  і сцены дапамагаюць. 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: из личного архива Дениса Юцкевича