Жорсткая хімізацыя 80-х, забастоўкі 90-х, кіраўнікі з 40-гадовым стажам –

14:03 / 15.11.2020
340

Пра сельскую гаспадарку раёна мінулага стагоддзя расказвае тагачасны начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі Віталь Бандарык.

Адзначаючы прафесійнае свята хлебаробаў, мы традыцыйна падсумоўваем вынікі зробленага ў бягучым годзе, параўноўваем іх з мінулымі паказчыкамі, адзначаем лепшых працаўнікоў…

А калі зазірнуць глыбей, успомніць, што ўяўляла сабой сельскагаспадарчая галіна 30 гадоў таму, якія людзі і ў якіх умовах тады працавалі, якія задачы вырашалі і якім поспехам радаваліся?

Расказаць пра сельскую гаспадарку Астравеччыны 80-90-х гадоў мінулага стагоддзя мы папрасілі былога начальніка райсельгасхарчу Віталя Бандарык. 

…Плюс жорсткая хімізацыя

– Віталь Анатольевіч, наколькі я ведаю, вы не мясцовы. Якія шляхі-дарогі прывялі на Астравеччыну?

– Я з Вялікай Бераставіцы. Пасля службы ў арміі паступіў у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут – адбіўся, мусіць, уплыў дзеда, слыннага садавода, які вырошчваў экзатычныя па тым часе дрэвы і кусты, нават грэцкі арэх. А яшчэ тое, што першай маёй вайсковай машынай была «хлебавозка». Ад водару свежаспечанага хлеба, з якога пачыналася кожная мая армейская раніца, кружылася галава. І з’явілася цвёрдае перакананне, што хлеб – гэта самае смачнае, самае галоўнае, што ёсць на зямлі. 

Пасля інстытута з дыпломам агранома па ахове раслін прыехаў на работу ў Астравецкую сельгасхімію.

1.jpg

Віталь Бандарык (справа) з лепшым брыгадзірам калгаса «Чырвоны Кастрычнік» Іосіфам Блашкевічам


– Сённяшнія маладыя спецыялісты сельскай гаспадаркі, напэўна, і не ведаюць, што некалі існавала такая арганізацыя ў Варнянах…

– Райсельгасхімія займалася аховай раслін, унясеннем арганікі і мінеральных угнаенняў, вывазкай торфу, вапнаваннем глебы і мноствам іншых спраў.

Тады быў час жорсткай, часам неабгрунтаванай хімізацыі сельскай гаспадаркі. З вясны і да канца восені над палямі раёна кружыў самалёт АН-2, які апрацоўваў пасевы ад фітафторы, каларадскага жука, праводзіў дэфаліяцыю жоўтага лубіну і іншыя хімічныя апрацоўкі. Сёння цяжка ўявіць, што ў той час раён уносіў на палі да 20 тысяч тон аміячнай вады. І не сакрэт, што далёка не ўвесь гэты азот забіралі расліны – значная частка трапляла ў вадаёмы. Для апрацоўкі лёну супраць шкоднікаў выкарыстоўваліся хімічныя рэчывы, з дапамогай якіх амерыканцы палілі джунглі падчас вьетнамскай вайны. Падобныя «тэрмаядзерныя» сродкі прымянялі для знішчэння пырніку, дэфаліяцыі лубіну – у гэтай расліны тэрмін вегетацыі працяглы, апрацоўваючы яе такім чынам, «спальвалі» зялёную масу, і зерне даспявала хутчэй. 

– І ўсім гэтым вам даводзілася займацца?

– Скажам так: усё гэта тым ці іншым чынам «круцілася» вакол мяне як старшага агранома па ахове раслін.

Хоць галоўным маім абавязкам было падпісанне ў гаспадарках актаў выкананых работ – ад гэтага залежала, ці паступяць на рахунак арганізацыі грошы, а значыць, ці атрымаюць зарплату механізатары, ці купім мы тэхніку, запчасткі і г.д. Каб іх падпісаць, трэба было быць псіхолагам і дыпламатам – дамаўляцца, часам хітраваць, падладжвацца пад кіраўнікоў і спецыялістаў. 

Памятаю, прыехаў у калгас «Праўда». Ведаю, што яго старшыня Станіслаў Суднік з рэўнасным недаверам адносіцца да маладога галоўнага агранома Андрэя Севасцьяна – бачыць у ім патэнцыяльнага канкурэнта. Я, папярэдне перагаварыўшы з Андрэем Мікалаевічам, звяртаюся да кіраўніка: маўляў, у раёне заканчваецца дэфаліяцыя лубіну, а ваш аграном сцвярджае, што пакуль рана яе праводзіць… 

– Ды што ён разумее, салага! – узрываецца Станіслаў Пятровіч. – Канешне ж, даўно трэба было пачынаць! 

Ну ўсё – справа зроблена, паперы падпісаны!

Вучыцца – і давяраць

– Каго вы лічыце сваімі настаўнікамі – у прафесіі і ў жыцці?

– Такіх было некалькі.

Першы – тагачасны начальнік райсельгасхіміі Павел Захарэвіч. Калі хацелася штосьці зрабіць, а не складвалася – ламалася тэхніка, хварэлі механізатары, – я злаваўся, перажываў.  А Павел Захаравіч заўсёды глыбакадумна гаварыў: «Віталь, ну што ты нер­вуешся? Ідзі паспі гадзінку – і ўсё наладзіцца». Тады мне гэта здавалася здзекам: ну якое паспі, калі ўсё валіцца! А потым зразумеў, што гэтая не запісаная ні ў адным падручніку парада дзейнічае стопрацэтна: варта супакоіцца, паглядзець з іншага ракурсу – і высветліцца, што ўсё не так страшна, як здавалася.

Другім такім настаўнікам-філосафам быў Часлаў Рынкевіч, легендарны старшыня калгаса «Чырвоны Кастрычнік», у якога я пэўны час працаваў намеснікам. Прыходжу да яго, увесь на нер­вах: пасевы трэба апрацоўваць, а дождж каторы дзень лье як з вядра. «Радавацца трэба! – супакойвае мяне Часлаў Іосіфавіч. – Гэта ж золата з неба падае! Будзе ўраджай – будуць і грошы».

Многаму вучыўся ў Тамары Зарэцкай, намесніка начальніка ўпраўлення па раслінаводстве. Я ў той час працаваў загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі райкама партыі, але, нягледзячы на гучную пасаду, не меў службовага транспарту, і Тамара Андрэеўна часта брала мяне з сабой на раён. У тых паездках я назіраў, як працуе адзін з самых моцных аграномаў раёна, паважаны чалавек, кавалер ордэна Леніна: як размаўляе з людзьмі, вырашае розныя пытанні – гэта была моцная школа. 

– Якой была тады сельская гас­падарка раёна? Што вырошчвалі, на чым працавалі?

– Асноўнымі напрамкамі раслінаводчай спецыялізацыі з’яўляліся льнаводства і бульбаводства. Дастаткова сказаць, што кожную восень мы адгружалі ў Мурманск для патрэб Ваенна-марскога флоту па 16 тысяч тон, а то і больш, другога хлеба.

Папулярнай кармавой культурай для малочнай жывёлагадоўлі была кузіка – сорт караняплодаў латвійская селекцыі. 

Развівалі свінагадоўлю – у калгасе імя Чапаева дзейнічаў магутны комплекс па вырошчванні і адкорму свіней, у калгасах імя Кірава, «Рассвет», саўгасе «Падольскі» – рэпрадуктарныя фермы. Дробныя свінафермы існавалі практычна ва ўсіх гаспадарках, каб карміць працаўнікоў падчас сельскагаспадарчых кампаній.

Тэхніка была, на сённяшні погляд, прымітыўная: да прыкладу, на СЗУ-3,6, асноўным нашым пасяўным агрэгаце, цэлы працоўны дзень стаяў палявод, які павінен быў сачыць, каб не забіліся сашнікі, – у пыле, рызыкуючы зваліцца пад барану ці каткі. Насенне загружалі ўручную. Ды што там, многія сельгасработы, ад праполкі да кармлення жывёлы, ад уздыму лёну да ўборкі бульбы, рабілі нястомныя рукі вяскоўцаў. Сёння можна па-добраму пазайздросціць працаўнікам палёў і ферм, назіраючы, якая тэхніка прыйшла ім на падмогу, – мы ў свой час пра такую нават не марылі.

– А людзі? З кім вы тады працавалі, на каго абапіраліся?

– Найперш – на кіраўнікоў. Гэта была моцная каманда старшынь калгасаў і дырэктараў саўгасаў: Часлаў Рынкевіч, Мечыслаў Валуевіч, Вячаслаў Адахоўскі, Леанід Дарафей, Мікалай Севасцьян, Віктар Ярмак, Яўген Кухарчык, Віктар Паршонак, Мар’ян Шагун, Уладзіслаў Рук, Валянцін Балабановіч, Георгій Кара, Іван Дужык, Леанід Шкуратаў, Валерый Руновіч, Мікалай Грыцкевіч, Міхаіл Жураўлёў – у кожнага з іх быў свой гаспадарскі почырк,  стыль работы. Ды і ў кіраўнікоў арганізацый, якіх прынята называць партнёрамі аграрнікаў, – райсельгастэхнікі Івана Масальскага, райсельгасхіміі Паўла Захарэвіча, райаграпрамзабеспячэння Мечыслава Блашкевіча, насеннай інспекцыі Ганны Гладкай, ветстанцыі Уладзіміра Карповіча, райплемстанцыі Таццяны Шкурскай. У кожнага з іх было чаму павучыцца  – многія працавалі па 20-30, а Часлаў Іосіфавіч Рынкевіч – удумайцеся! – 44 гады: думаю, гэты рэкорд ужо ніхто не зможа пераўзысці.   

Развал

– А потым вы ўзначалілі ўпраў­ленне сельскай гаспадаркі…

– Так, і адбылося гэта ў 1990 годзе, падчас развалу Савецкага Саюза. 

Што страціла сельская гаспадарка з развалам Саюза? Дастаткова сказаць, што вапнаванне глебы, апрацоўка супраць фітафторы, барацьба з каларадскім жуком, культуртэхнічныя работы, нарыхтоўка і вывазка торфу – усё гэта і многае іншае фінансавалася з бюджэту. Паліва, электраэнергія каштавалі капейкі. На базе Астравецкага райаграпрамзабеспячэння дзейнічала саюзная база імпартнай сельскагаспадарчай тэхнікі, пра якую марыў кожны кіраўнік і аграном. 

І ўсё гэта знікла ў адзін момант. Разгубленасць, няўпэўненасць у заўтрашнім дні  адчувалі ўсе. Неяк заехаў на нарад у калгас «Шлях Леніна», дзе кіраўнік з 40-гадовым стажам, вопытныя спецыялісты сядзяць, галовы апусціўшы: што ж далей будзе? Як мог, падтрымаў іх, пажартаваў – хоць у самога на душы было не весялей…

Пахіснулася дысцыпліна, прычым на ўсіх узроўнях. І магчымасцей «закруціць гайкі» не было: як ты іх закруціш, калі ў краіне нічога не круціцца?

Неяк падчас жніва прыязджаю ў калгас імя Карла Маркса, а старшыня, Яўген Кухарчык, гаворыць: 

– Камбайнеры папярэдзілі, што заўтра ў поле не выйдуць. 

У мяне за хвіліну сто думак у галаве пранеслася: зарплату не выдалі? Мала? Канфлікт з кіраўніцтвам?

– Не, усё не тое, – нібыта прачытаў мае думкі Яўген Якаўлевіч. – Папярос няма дзе купіць. 

Гэтую праблему мы вырашылі: падключылі старшыню райспажыўсаюза Юрыя Кацнельсона, прывезлі механізатарам курыва. Але ж папярос, і не іх адных, не было не толькі ў Вароне!

– Хто раздзяляў з вамі у той час нялёгкую ношу сельскагаспадарчага ўпраўленца?

– І тады, і цяпер многае залежыць ад каманды – нездарма ж кажуць, што адзін у полі не воін. Ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі ў той час працаваў дружны калектыў граматных спецыялістаў. І хоць ім – зрэшты, як і ўсім у той час – было няпроста, тым не менш, Раман Івашка, Яніна Новік, Наталля Волк-Леановіч, Ніна Тумашчык, Анатоль Болагаў, Анатоль Ражко,  Мікалай Верамейчык, Святлана Прыка, Сяргей Паляшчук, Яраслаў Гладкі, Ірына Бадунова, Таццяна Масальская, Марыя Камінская, Мікалай Раецкі, Яніна Валадзько адказна адносіліся да сваёй працы і паспяхова спраўляліся з пастаўленымі задачамі.

– З цягам часу справы сталі наладжвацца…

– Так, паступова ўсе пачалі забываць, як добра жылося пры Саю­зе, працаваць у тых умовах, якія былі, і даваць краіне прадукцыю.

У той час мы актыўна супрацоўнічалі з вучонымі. Я запрасіў у раён выкладчыкаў Гродзенскага сельгасінстытута. Палігонам для навуковых эксперыментаў сталі калгасы імя Калініна і «Чырвоны Кастрычнік».  

Але і тут не абыходзілася без казусаў. Памятаю, пасеялі ў апошняй гаспадарцы ў адпаведнасці з усімі рэкамендацыямі вучоных азімае жыта, двойчы падкармілі, прапалолі, апрацавалі ад хвароб і супраць палягання. Прыйшло жніво – стаіць збажына сцяной! Выйшлі ў поле тры камбайны – «Дон», «Колас» і «Ніва». І ўсе тры  на першым жа крузе «задавіліся»: ніводзін не змог узяць такую масу.  Ледзь-ледзь, з натугай, справіліся імпартныя – Е-516 і Е-517. На круг жыта на тым полі дало па 61 цэнтнеру. Але той эксперымент паказаў, што мала вырасціць рэкордны ўраджай – трэба мець тэхніку, каб яго ўбраць.

Другі прыклад плённага супрацоўніцтва з вучонымі – перавод свінагадоўлі калгаса імя Чапаева на новыя тэхналогіі. Парады доктара навук Залмана Гільмана  ўспрыняў тагачасны старшыня гаспадаркі Уладзіслаў Рук: увя­дзенне ў рацыён свіней на адкорме галандскіх канцэнтратаў дазволіла атрымаць  на варнянскім комплексе сярэднясутачныя прывагі ў 560 грамаў – гэта быў трэці паказчык у вобласці і пяты – у рэспубліцы.

Былых не бывае

– І вось прыйшоў час…

– Так, усе мы некалі становімся былымі…

Вельмі складаным для сельскай гаспадаркі раёна быў 1999 год: мароз, затым – засуха… Мы тады атрымалі па 13 цэнтнераў з гектара збожжавых. «Крайнім» за гэты правал прызначылі начальніка ўпраўлення.

Тым не менш, гэта не стала вызначальным для вельмі прыдзірлівага да кадраў тагачаснага губернатара Мінскай вобласці Мікалая Дамашкевіча, які прызначыў мяне начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі Вілейскага райвыканкама – на гэтай пасадзе я працаваў яшчэ 5 гадоў.

А аб тым, наколькі плённай была мая работа на Астравеччыне, меркаваць не мне – людзям. Мне ж за сваю працу не сорамна.

– Усе мы некалі становімся былымі, ўсё ж былых аграрнікаў, не бывае. Што пажадаеце калегам, віншуючы з прафесійным святам?

– Хлеб любіць спакой, цішыню і цеплыню рук, якія за ім даглядаюць. А для гэтага патрэбна, каб у саміх хлебаробаў была гармонія ў душы, каб усяго было ўдосталь і ў меру – сонца, дажджу, сіл, здароўя, настрою, і каб усё прыносіла добры плён. Таго ім і жадаю.





Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений