Ветэраны і работнікі сельскай гаспадаркі расказваюць пра работу і пра сябе

10:59 / 15.11.2020
З чаго пачынаецца сельская гаспадарка? З вёскі і прыгожых дагледжаных дамкоў, якія туляцца адзін да аднаго. З зерня, якое ў канцы лета сыплецца ў засекі залатымі рэкамі новага ўраджаю. З малака, якім аддзячваюць за клопат даяркам на малочна-таварных фермах і комплексах рагулі. Са спрацаваных рук жывёлаводаў, якія пахнуць духмяным сенам… З людзей. Менавіта яны, працаўнікі вёскі, найлепш ведаюць, з чаго пачынаецца сельская гаспадарка.

Напярэдадні прафесійнага свята ветэраны і работнікі аграпрамысловага комплексу раёна расказваюць пра сябе і шлях у сельскую гаспадарку. 

ГАЛОЎНЫЯ БУХГАЛТАРЫ

Яніна Гродзь, КСУП «Гудагай», стаж работы ў АПК – 36 гадоў:

1.jpg

– Родам са Смаргоншчыны. Маці мела інваліднасць, таму больш была пры доме і гаспадарцы. Бацька працаваў даглядчыкам на ферме. Прафесію бухгалтара выбрала выпадкова: ехаць на вучобу далёка не хацелася, бліжэйшая навучальная ўстанова была ў Ашмянах. Пасля заканчэння сельскагаспадарчага тэхнікума ў 1984 годзе па размеркаванні трапіла на Астравеччыну, у калгас імя Калініна (Дайлідкі). З таго часу і працую ў сельскай гаспадарцы.

Калгасы ўзбуйняліся, больш вялікія і паспяховыя гаспадаркі «паглыналі» меншыя, адбывалася рэарганізацыя, але, па вялікім рахунку, работа бухгалтара заставалася нязменнай: балансы, справа­здачы, статыстыка... 

Як толькі пачынала працаваць, усе вылічэнні рабілі ўручную на лічыльніках, пазней – на электронных вылічальных машынах. Калі «Дайлідкі» далучылі да «Гервят», мяне накіравалі ў СВК імя Гашкевіча, потым кааператыў злучылі з «Гудагаем». Цяпер працуем у камп'ютарнай праграме «1С: бухгалтэрыя»: дастаткова ўвесці звесткі, каб яна падлічыла рахункі. 

Бухгалтар працуе не проста з лічбамі, памылка можа дорага каштаваць, таму ўсё па некалькі разоў пераправяраю, асабліва падчас квартальных справаздач. Магу затрымацца на рабоце ці з сабой узяць паперы.

Па галоўнай бухгалтарскай кнізе, у якую ўносяцца асноўныя дадзеныя, уручную, па-даўнейшаму, на паперы пералічваю і звяраю з паказчыкамі ў камп'ютары. Калі лічбы сышліся, са спакойнай душой магу ехаць дадому. 

Мы цяпер добра жывём, грэх скардзіцца, мне ёсць з чым параўноўваць. Памятаю дэфіцытныя 90-я не толькі ў нашым калгасе, але і ў іншых, – па пяць месяцаў не плацілі зарплату. Жылі з гаспадаркі: быў час, трымалі 4 каровы, каля 2 дзясяткаў свіней… І дружныя былі, вясёлыя! Мо, што маладыя? Пры калгасе імя Калініна быў падсобны цэх, яго работнікі хадзілі на бульбакапанне – каля 200 гектараў за восень убіралі.

Для параўнання: у нашай гаспадарцы цяпер садзяць толькі 100 гектараў – і ўсё робіць  тэхніка. 

Работа мне заўсёды падабалася. Вылічыць сабекошт прадукцыі, прыбытак ад яе рэалізацыі. Тыя ж балансы, справаздачы, статыстыка… Бухгалтарская справа – не проста работа, гэта маё жыццё.

Тарэса Пуховіч, КСУП «Міха­лішкі», стаж работы ў АПК – 48 гадоў:

2.jpg

– Самой не верыцца, што галоўным бухгалтарам на адным месцы адпрацавала без малога паўстагоддзя. Толькі ў 2017 годзе стала сапраўднай пенсіянеркай. (Усміхаецца.) Памяць і розум не падводзяць, але ўжо не тое здароўе: крыху пахаджу – і задышка пачынаецца. 

Кім я марыла стаць? Ужо і не ўспомню. Памятаю толькі бацькоўскі наказ: «Дачушка, не ідзі ў бухгалтары! Заўсёды знойдуць да чаго прычапіцца». А жыццё вось як распарадзілася...

Я тутэйшая. Пачатковую школу скончыла ў родных Хацілках. Быў выбар: вучыцца ў Завідзінентах ці ў Свіры – хлопцы з класа выбралі першы варыянт, дзяўчаты – другі. Пасля школы падала дакументы ў Ашмянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. 

Па размеркаванні вярнулася на радзіму, мяне прызначылі бухгалтарам участка, а я па спецыяльнасці эканаміст – тэхнік-планавік. Маладая, зусім пацанка! «Бухгалтарскі ўлік» у нас быў дапаможным прадметам…

Што рабіць, думаю? Але рукі не апусціла, відаць, характар такі. Заўсёды даводжу справу да канца, імкнуся ўнікнуць ва ўсе нюансы. Праз два гады стала галоўным бухгалтарам. Даводзілася цягнуць не толькі сваю работу: каса, банк, разлікі, справаздачы… У «Міхалішках» заўсёды была праблема з заатэхнікамі – запаўняла форму па жывёлагадоўлі. І ў раслінаводстве разбіралася. Я была  ў курсе ўсіх спраў. Які гэта галоўны бухгалтар, калі нешта не ведае пра свой калгас? Непарадак! Ніколі не цуралася грамадскіх спраў, шмат гадоў узначальвала выбарчыя камісіі ў Завідзінентах. 

Раз на год калгасы трымалі справаздачу перад упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання. Да гэтага часу памятаю словы намесніка начальніка райсельгасхарчу Тамары Андрэеўны Зарэцкай: «Адзіны твой мінус у тым, што заўсёды ўсё робіш сама, хоць магла б даручыць іншаму». Але ж нездарма кажуць, хочаш зрабіць добра – зрабі сам.

Мне пашанцавала з мужам. З Войцехам, светлая яму памяць, выгадавалі сына і дачку. І калегі добрыя. Дзяўчаты канторскія не забываюць, старшыні, з якімі працавала, тэлефануюць. З былым намеснікам начальніка райсельгасхарчу Наталляй Волк-Леановіч па адной дарозе колькі крочылі… Мой партрэт заносілі на раённую Дошку гонару, на 60-годдзе падчас абласных «Дажынак», якія святкаваліся ў суседніх Ашмянах, атрымала віншавальнае Пісьмо ад Гродзенскага аблвыканкама… Значыць, не дарма столькі гадоў аддала родным «Міхалішкам», хоць кожны дзень даводзілася ездзіць туды з Завідзінентаў.

ТРАКТАРЫСТЫ

Іосіф Бародка, КСУП «Гервяты», стаж работы ў АПК – 44 гады:

3.jpg

– Пенсію атрымліваю ўжо амаль 10 гадоў, але яшчэ працую, дзякаваць богу, сілы дазваляюць. Я з Гервяцкага краю, нарадзіўся ў Шатэрніках. У Ашмянскім вучылішчы атрымаў правы трактарыста і пайшоў працаваць у калгас імя Леніна (Чэхі). Потым два гады служыў у войску, а пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў гаспадарку. 

Тут, на радзіме, сустрэў сваю другую палавінку. Здарылася гэта на вяселлі знаёмых у Рудзішках. Бачу, дзяўчына стаіць – высокая, статная, прыгожая. Алена мне з першага погляду глянулася. Разам ідзём па жыцці 44 гады. Гаспадыня, якую пашукаць трэба: працавітая, смачна гатуе, усюды ў яе лад і парадак. Двух сыноў выгадавалі, дачакаліся ўнука. Запытайцеся ў нашага Арцёмкі, хто яго лепшы сябар. Дзед! Мы з ім не разлі вада. Відаць, па мне пайшоў, да тэхнікі цягнецца. 

У апошнія гады з вясны да восені трамбую зялёную масу ў сіласных ямах, зімой важу арганіку. Мой трактар К700, як і я, старычок: бурчыць часам, але не падводзіць. (Усміхаецца.) Калі быў маладзейшы, то і збажыну абмалочваў. Гэта цяпер камбайны з усялякімі прыбамбасамі, а мы працавалі на «Нівах». Хоць тэхналогія апрацоўкі палёў змянілася, але і 30 гадоў назад атрымлівалі добры ўраджай: на круг 35-40 цэнтнераў. А якія «Дажынкі» ладзілі ў калгасе! Песні рэхам ляцелі над наваколлем, лепшыя працаўнікі атрымлівалі прэміі і падарункі – сапраўднае свята. І я ў перадавіках быў. 

Можа, яшчэ некалькі гадоў папрацую, а там час і адпачыць. Годная змена падрасла. Радуе, што ў «Гервятах» працуе шмат маладых механізатараў і трактарыстаў.  

Валерый Пятровіч, РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», стаж работы ў АПК – 15 гадоў:

4.jpg

– Зіма на парозе – тэхніка ў гаражы: залатое правіла трактарыста. Корманарыхтоўчы камбайн КЗР-10, на якім працаваў усё лета, пачысціў – трэба ставіць на захаванне. Тэхніка клопат любіць: калі за ёй глядзець, то ў полі не падвядзе. 

У саўгасе працую з перапынкамі: пэўны час быў у лясніцтве, а потым вярнуўся. Дзе яшчэ ў Падольцах такія грошы зараб­лю? Як толькі пачынаецца пашавы сезон, да позняй восені не вылажу з камбайна: здрабняю і падымаю траву, якую потым адвозяць на фермы і комплексы. Галоўнае ў маёй рабоце – не праспаць! (Усміхаецца.) А то каровы застануцца галоднымі. 

Штодзень прачынаюся ў 3 гадзіны: трэба накарміць жывёлу на малочна-таварных комплексах «Падольцы», «Рытань», на фермах «Кямелішкі», «Стрыпуны» і іншых. Другі год у «зялёны сезон» працую, лічы, без выхадных, але прывык. Зімой адпачываю, калі ў саўгасе работы не так шмат. 

Тэхніку люблю з дзяцінства. Нарадзіўся ў Слабодцы – той, што цяпер стала часткай горада, у звычайнай сям’і. Мама на кані па вёсках збірала малако, бацька шафёрам быў. У Свірскім сельскагаспадарчым вучылішчы атрымаў дзве спецыяльнасці – «вадзіцель» і «электрык». Але працаваць з токам і электрапрыборамі мне ніколі не падабалася. Адслужыў у арміі, вярнуўся на радзіму. У Падольцы прыехаў даглядаць дзядулю, які жыў адзін, так і застаўся. 

Ад першага шлюбу ў мяне двое сыноў: Мікіта працуе зваршчыкам у саўгасе «Падольскі», Арцём яшчэ вучыцца. І з другой жонкай Аленай гадуем дваіх дзетак. 

ДАЯРКІ

Ірына Алітойць, малочна-таварны комплекс «Дайлідкі» КСУП «Гервяты» , стаж работы ў АПК – 37 гадоў:

5.jpg

– Нарадзілася я ў казахскім горадзе Кастанай. Гісторыя кахання маіх бацькоў рамантычная. Тата родам з Астравеччыны, і, як і многія, падаўся падымаць цаліну. Там сустрэў маму-прыгажуню. Мне было два месяцы, калі яны прыехалі на бацькаву радзіму – так вырашыў тата.

У Ізабеліне пабудавалі дом, жылі, як і ўсе, садзілі вялікі агарод, трымалі гаспадарку. Мама працавала паляводам у калгасе «Чырвоны Кастрычнік», бацька – жывёлаводам. Памятаю, на танцы збегаю, гадзінку падрамлю – і подбегам на ферму, каб дапамагчы бацьку накарміць жывёлу – кормараздатчыкаў даўней не было. 

Замуж я выйшла за спрытнага хлопца з Дайлідак – чакала яго з арміі. На другі дзень Каляд пабраліся шлюбам. У калгасе імя Калініна працавала ў падсобным цэху, а ў 1985 годзе загадчыца фермы Крысціна Захарэўская перацягнула да сябе. Жывёлу люблю, працы не баюся. Спачатку даглядала за цялятамі, потым працавала ў прафілакторыі. Калі  Дайлідкі адышлі  да гервяцкага калгаса, стала даіць першацёлак. 

На ўсю магутнасць малочна-таварны комплекс запрацаваў у 2013 годзе. З першага дня тут. Раздаіць першацёлку – справа нялёгкая: жывёліна і брыкаецца, і стаяць не хоча, але мы з дзяўчатамі – ра­зам са мной на раздоі працуюць яшчэ тры жанчыны – спраўляемся. Калі ўсё добра, пасля дзесяці дзён карова пераводзіцца ў асноўны статак. 

Па вялікім рахунку, з нашых рук пачынаюцца малочныя рэкі… Калі не памыляюся, надой ад каровы па комплексе «Дайлідкі» складае амаль 21 кілаграм – у гэтым ёсць і наша заслуга. Цяпер  шмат ацёлаў: па 50 і больш. У нашай групе на раздоі каля 75 галоў. Працуем пазменна: два дні праз дзень. 

Жыву адна, але не сумую: магу і цвік забіць, і дровы пашчапаць. Няма той работы, нават мужчынскай, якую не магла б зрабіць. Ваджу машыну – за рулём адпачываю душой. Па жыцці стараюся ісці з узнятай галавой. 

Усюды – на ферме, у полі ці ў кабінеце – жанчына застаецца жанчынай: прыгожай, ласкавай і пяшчотнай. 

Леакадзія Мацясовіч, малочна-таварная ферма «Варона», КСУП «Варняны», стаж работы ў АПК – 18 гадоў:

1.jpg

– Нарадзілася я ў гэтай хаце, дзе і жыву, у вялікай і дружнай сям’і – у бацькоў нас сямёра. Сёстры працавалі ў Вільнюсе. Мяне, як самую малую і шуструю, адправілі да іх – усё ж пад наглядам, бацькам спакайней. Перш працавала, дзе і старэйшая сястра, на ткацкай фабрыцы. Вечарамі было шмат вольнага часу. Запісалася ў спартыўную секцыю. Дарэчы, я майстар спорту па грэблі на байдарцы, бронзавы прызёр Чэмпіянату Літвы 1982 года, хоць у спорт прыйшла толькі ў 17 гадоў. Маме маё захапленне было не па душы – перажывала, што я пастаянна на зборах, баялася, што патану. Ушчувала: «Дачушка, спорт цябе не пракорміць!» Паслухалася – і  паступіла ў Вільнюскі тэхналагічны тэхнікум. Але працягвала працаваць – за некалькі гадоў засвоіла шмат сумежных прафесій. Узначальвала прафсаюзны камітэт ткацкай фабрыкі, дзе калектыў больш за 200 чалавек. Іграла ў аматарскім тэатры. Жадання і энергіі хапала на ўсё.

Ад Літоўскай Рэспублікі мяне паслалі вучыць кубінцаў ткацкаму майстэрству – з усяго Савецкага Саюза нас было толькі некалькі чалавек. Ледзь не штотыдзень слала лісты маме з Гаваны: супакойвала яе, што абавязкова вярнуся, горад мяне не затрымае. Два гады працавала на Кубе – дадому прывезла грошы і шмат сувеніраў. Прыехаўшы, купіла «Масквіча», каб ногі не таптаць. (Усміхаецца.)

Выйшла замуж, нарадзіліся дзеткі.  Цяжка было ў 90-я гады – на сямейным савеце вырашылі вяртацца на радзіму. Вацлаў таксама мясцовы, з Беразоўкі. Бацькі дапамагалі хлопчыкаў гадаваць, я пайшла на ферму. Усё на сабе цягнула – цяпер разумею, што частку абавязкаў трэба аддаваць мужчыне. Жыццё з мужам не склалася. Сама вывучыла сыноў. Старэйшы Рамуальд працуе інжынерам, а малодшы Эдгар па мне пайшоў – ён ветурач у адной з гаспадарак Вілейскага раёна.  

Напачатку 2000-х працавала загадчыкам фермы «Варона». Ужо тады надоі ў нас былі пад 5 тысяч кілаграмаў! У чым сакрэт? У кадрах. Сама падбірала людзей: мясцовая, ведаю, хто чым дыхае. Каманда была проста клас. Наша малочна-таварная ферма стала лепшай у раёне. Сыны вучыліся, грошай не хапала. Угаварыла старшыню, каб перавёў мяне ў даяркі – так апошнія 15 гадоў і адпрацавала. 

Мяне і Наталлю Лакуцэвіч, якая і цяпер працуе аператарам машыннага даення ў «Вароне», аднойчы прызналі лепшымі даяркамі Гродзеншчыны. Падчас ўзнагароджання Уладзіслаў Рук, які працаваў старшынёй камітэта па сельскай гаспадарцы, падвёў нас да  тагачаснага старшыні аблвыканкама Сямёна Шапіры са словамі: «Гэта мае дзяўчаты!» Такая гордасць разабрала – не расказаць.  

На пенсіі не магу сядзець без справы: трымаю карову, коз, качак, курэй, індыкоў. Энергіі ў мяне шмат! Мару стварыць народны тэатр, балазе, вопыт ёсць. Ведаю, што вяскоўцы абавязкова адазваліся б на гэту прапанову – у Вароне і яе ваколіцах жыве шмат таленавітых людзей. 

За жыццё аб’ездзіла паўсвету: Куба, Балгарыя, Польшча, Сярэдняя Азія, увесь Каўказ абышла пешшу на турыстычных злётах… А вось у Піцеры так і не пабывала. Веру, што абавязкова ўбачу белыя ночы ў паўночнай сталіцы Расіі.  

ВЕТЭРЫНАРЫ

Алена Лаўрыновіч, галоўны ветэрынарны ўрач саўгаса імя Мічурына, стаж работы ў АПК – 39 гадоў:

6.jpg

– Жыццё праляцела, нібыта ў адны дзверы ўвайшла, а ў другія – выйшла.  

У дзяцінстве марыла быць медыкам – людзі ў белых халатах мне падаваліся небажыхарамі. Пасля заканчэння Гудагайскай школы падала дакументы ў Астравецкае медвучылішча, але не прайшла па конкурсе.

Мора слёз было! Знаёмая падказала, што ў Клімавічах адкрылі гадзічную школу па падрыхтоўцы ветфельчараў – паступіла туды за кампанію з сяброўкай. Пазней школа стала тэхнікумам. 

Пачынала працаваць на Спондаўшчыне, у калгасе імя Янкі Купалы. Там пазнаёмілася з будучым мужам. Але ў майго шчасця век быў кароткі. Войцех, бядак, трагічна загінуў. Засталася адна з двума сынамі. 

Яшчэ пры жыцці мужа Антон Іванавіч Галяк, з якім працавалі ў Страчанцы, пераманіў мяне ў калгас імя Мічурына.

На тэрыторыі фермы «Смілгі» бушаваў яшчур. Тры месяцы змагаліся з гэтай хваробай – усё лета дома не была. Памятаю, спякота стаіць, а навокал усё белае, быццам снегам прыцярушана – страшнае відовішча. Гэта вапнай дрэвы і будынкі пасыпалі, каб яшчур не распаўсюджваўся. У «Смілгі» прывозілі жывёлу з усёй гаспадаркі і з прыватнага сектара. Наш саўгас і «Кямелішкі» падпарадкоўваліся Гродзенскаму трэсту па нарыхтоўцы і адкорме жывёлы. Усяго пабачыла: і бяскорміцу, і ўраджайныя гады.

Працавала да 2005 года. Хоць сілы ўжо не тыя, што раней, але і цяпер ёсць у хлеўчуку карова, свінні. Не па мне жыць на вёсцы і гаспадарку не трымаць. 

Сыны добрымі людзьмі выраслі. Дачакалася ўнукаў. А для шчасця больш нічога не трэба! 

Галіна Тухта, загадчык Астравецкай участковай ветлячэбніцы, стаж работы ў АПК – 24 гады:

7.jpg

Родам я з Гальшан. Гэта цяпер дзеці ведаюць, кім хочуць стаць, у маю бытнасць такога не было. Неяк завітаў у школу прадстаўнік Ільянскага сельскагаспадарчага тэхнікума, расказаў пра прафесіі, якія там можна атрымаць. І запытаў, каго запісваць. За кампанію з аднакласнікамі і я падняла руку.

Вучыцца ў тэхнікуме было складана, але за год прывыкла. Па размеркаванні мяне і аднакурсніка накіравалі ў калгас на Міншчыне, але справы там ішлі не лепшым чынам. У Астраўцы жыла цётка, яна і падказала, што ёсць вакансія ў ветстанцыі.

Тут сустрэла сваё каханне. Муж быў ваенным. Адправілі яго ў Германію – я за ім, потым перавялі на Пскоўшчыну – туды ў новапабудаваны ваенны гарадок пераводзілі прыбалційскую і нямецкую дывізіі. Я – следам. Не паспееш абжыцца, як трэба збіраць рэчы і зрывацца з месца. Калі ў мужа скончыўся кантракт, вярнуліся на Астравеччыну – быў гэта 1999-ы. Год працавала таксіколагам у ветлабараторыі, а ў 2000-м тагачасны начальнік райветстанцыі Уладзімір Карповіч прапанаваў стаць загадчыкам ветлячэбніцы. 

За 20 гадоў работы мы столькі жывёл  уратавалі! А колькім падкідышам знайшлі гаспадароў і дом: астраўчане чамусьці блытаюць нашу ўстанову з прытулкам. Неяк зімой прыходзім на работу, яшчэ цёмна, а на парозе – тры пухнатыя камячкі «плачуць». Усіх катоў прыстроілі, а чорна-белая прыгажуня, якую мы назвалі Мурзай, стала паўнавартасным членам маёй сям’і.

Аднойчы пад ветлячэбніцу падкінулі двух лабрадораў: «дзяўчынка» была траўміравана пасля аварыі, а «хлопчык» яе ахоўваў: калі побач хтосьці праходзіў, ён падымаў лапу – нібыта прасіў дапамогі.

Супрацоўніца райветстанцыі завезла сабаку на рэнтген у Гауці: пераломаў не знайшлі, але раны былі страшныя. Усе лячылі сабаку. Дзякаваць богу, што і гэта гісторыя мела шчаслівы канец – дарэчы, не без дапамогі «Астравецкай праўды». Сын былой нашай работніцы Тарэсы Янушкевіч размясціў у суполцы вашай газеты ў сацыяльных сетках фотаздымак сабак – праз некаторы час гаспадары знайшліся.

Люблю сваю работу, люблю жывёл. На жаль, не ва ўсіх падкідышаў лёс склаўся шчасліва. Людзі, памятайце запавет Маленькага Прынца: мы ў адказе за тых, каго прыручылі!  



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: