Вынікі сельскагаспадарчага года падводзіць Іван Карніла

09:17 / 11.11.2020
Працаўнікі вёскі цэлы год у клопатах: свое­часова пасеяць і зжаць збожжа, выкапаць бульбу і буракі, нарыхтаваць на зіму кармы, што­дзень падаіць кароў… Нездарма прафесійнае свята гэтых людзей адзначаецца ў трэцюю нядзелю лістапада – можна прыпыніцца, азірнуцца, каб ацаніць дасягнутае і намеціць планы на наступны сезон.

Папярэднія вынікі сельскагаспадарчага года мы папрасілі падвесці першага намесніка старшыні райвыканкама – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Івана Карнілу. 

– Для астравецкіх хлебаробаў гэты год у пэўным сэнсе стаў пераломным – нарэшце, тэндэнцыя апошніх гадоў, калі ніва не радзіла, змянілася: валавы намалот збожжавых сёлета парадаваў. Што дало вынік?

– Лічу, што аграрыі і летась працавалі не горш. Як кажуць, зоркі сышліся. (Усміхаецца.) На гэта паўплывала некалькі фактараў. Восенню было свое­часова паднята зябліва, што дало дадатковы час на правядзенне вясенне-палявых работ. Надвор’е таксама не падвяло: калі летась засушыла, то ў гэтым годзе вільгаці хапіла для наліцця коласу. 

1.jpg


Мы сабралі на 18 тысяч тон больш збожжавых і зернебабовых, чым у мінулым годзе, – каля 61,5 тысячы тон у бункернай вазе. Сярэдняя ўраджайнасць збожжа склала 35,6 цэнтнера з гектара (у 2019-м – 24,9). Найлепш яно сыпалася ў КСУП «Гудагай» (амаль 49 ц/га), найгорш – у КСУП «Міхалішкі» (25,4 ц/га). Але гэта не дзіўна, бо ў гаспадарак розная матэрыяльна-тэхнічная база. 

Адзначу, што ўсе сельгас­прадпрыемствы справіліся з даведзеным планам паставак збожжа  на дзяржаўныя хлебапрыёмныя пункты. Што засталося, будзе выкарыстана для прыгатавання канцэнтрацыйных кармоў для буйной рагатай жывёлы. Сёлета, у параўнанні з мінулым годам, забяспечанасць зернефуражом лепшая. 

– А як урадзілі іншыя культуры?

– Другі хлеб нас падвёў. Вырошчваннем бульбы ў апошнія гады ў раёне займаюцца толькі КСУП «Гудагай» і «Гервяты». Са 132 гектараў бульбянішча мы накапалі крыху больш за 3,2 тысячы тон, ураджайнасць склала 245 цэнтнераў з гектара. Для параўнання: летась – 357 ц/га.

Падыходзіць да завяршэння ўборка цукровых буракоў. На 3 лістапада з 1 620 гектараў караняплоды выкапаны на 1 400, накапана крыху больш за 68 тысяч тон буракоў. На круг цукровікі даюць каля 490 цэнтнераў – ураджайнасць на ўзроўні мінулага года. Па гэтым паказчыку ў лідары выйшлі «гудагайцы» (570 ц/га) і «падальчане» (560 ц/га).  Уборку буракоў завяршылі КСУП «Гудагай», «Гервяты» і РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі». На буракапрыёмныя пункты вывезена каля 54 тысяч тон цукровікаў.

Кукуруза, у адрозненне ад астатніх культур, паказала сябе горш. Ураджайнасць яе зерня – 94 цэнтнера з гектара, летась – 141. Гэта тычыцца і зялёнай масы: 256 цэнтнераў да мінулагодніх 297-мі. На сілас сёлета закладзена  крыху больш за 153 тысячы тон гэтай культуры.

– Якая кармавая база створана на сёлетнюю зімоўку? Не паўторыцца сітуацыя мінулых гадоў, калі ў некаторых гаспадарках адчуваўся недахоп фуражу?

2.jpg


– Добрыя ў гэтым годзе выраслі травы. Калі летась пасля першага ўкосу стаяла засуха – амаль месяц атава не адрастала, то ў 2020-м дажджы выправілі сітуацыю – кармоў сёлета нарыхтавалі больш. 

Што тычыцца сенажу, то яго да зімне-стойлавага перыяду нарыхтавана 110 тысяч тон. Для параўнання: забяспечанасць гас­падарак гэтым відам корму ў 2019-м была 67%, сёлета – 101%. Таксама больш назапасілі сена – амаль 3,3 тысячы тон, так, летась – толькі 2,7. Аднак, паўтаруся, сёлета горш урадзіла кукуруза. 

На адну ўмоўную галаву сёлета нарыхтавана 29 цэнтнераў кармавых адзінак, што на 2 больш, чым летась, – гэта 110% да ўзроўню мінулага года.

Думаю, зімоўка жывёлы на фермах і комплексах сёлета пройдзе больш паспяхова, чым у 2019-м. 

У лідарах раённай корма­на­рыхтоўкі  КСУП «Гудагай» з паказчыкам амаль 34 цэнтнера          кармавых адзінак. КСУП «Гервяты» нарыхтавалі 31, але прыбаўка склала 118% да ўзроўню мінулага года. 

Змінусавалі ў гэтым накірунку толькі КСУП «Варняны» – 22,8 цэнтнера кармавых адзінак (-1,8). Праблема ў гэтай гаспадарцы вырашаецца за кошт прадаўжэння корманарыхтоўкі. Зразумела, што травы цяпер не лепшай якасці, але гэта ўсё ж не прывазныя кармы, якія нятанна каштуюць. Таксама плануем сіласаваць жмых цукровых буракоў.

– Самы час перайсці ад кармоў да іх спажывальнікаў. Якая карціна на канец года вымалёўваецца ў раённай жывёлагадоўлі?

– За 10 месяцаў бягучага года ад адной каровы атрымалі 5 208 кілаграмаў малака (+264 кг да 2019 года, ці 105%). Сярэднесутачная прывага буйной рагатай жывёлы склала 636 грамаў (+23 гр да мінулага года, ці 104%).

Радуе, што павялічылася і рэалізацыя малака. Сёлета на перапрацоўчыя прадпрыемствы яго пастаўлена 47 тысяч тон (летась – 44). Здавалася б, што такое 3 тысячы тон малака? Растлумачу: 277 малакавозаў аб’ёмам 10 тон.

Па надоях ад каровы ў лідарах КСУП «Гудагай», дзе ад умоўнай галавы да лістапада ўжо атрымалі 7 614 кілаграмаў малака (+409 кг). Дарэчы, амаль усе гаспадаркі па гэтым паказчыку нядрэнна плюсуюць. Найбольшая прыбаўка па малаку да мінулага года – 503 кілаграмы – у КСУП «Гервяты». Сёлета жывёлаводы гэтай гаспадаркі ад каровы атрымалі 6 338 кілаграмаў малака.  

Што тычыцца якасці малака, то за 10 месяцаў бягучага года гатункам экстра рэалізавана 40%, вышэйшым – 34% і амаль 26% – першым. Якасць малака ў першую чаргу залежыць ад тэхналогіі – у гэтым накірунку і працуем. 

Лідарства па якасці малака ізноў у КСУП «Гудагай», дзе гатункам экстра перапрацоўшчыкам пастаўлена 61%. Затым ідуць КСУП «Гервяты» з 46% і РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» з амаль 33%.

Па аднаўленні статка таксама сёлета спрацавалі лепш: атрымалі 9 336 цялят (+565, ці 106% да мінулага года). 

– Раскажыце пра рэнтабельнасць сельскагаспадарчай выт­ворчасці ў гаспадарках.

– За 9 месяцаў па раёне яна складае амаль 10%. Па дадзеных эканамістаў, самага высокага паказчыку дасягнуў КСУП «Гервяты» – 18,3%. На 2 пазіцыі КСУП «Гудагай» з 13,5%. У РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» – 5,7%, у КСУП «Міхалішкі» – амаль 2%. На жаль, толькі ў адной гаспадарцы раёна – КСУП «Варняны» – вытворчасць сельгаспрадукцыі нерэнтабельная – мінус 2,7%.

3.jpg



– З чым гэта звязана? Не сакрэт, што справы ў «варнянцаў» ідуць не лепшым чынам. Многім вяскоўцам баліць душа, што некалькі гадоў назад адна з самых паспяховых у рэгіёне гас­падарак цяпер займае апошняе месца ў раённым табелі – і яе «мінусавая» рэнтабельнасць вытворчасці прадукцыі гэтаму пацвярджэнне. 

Ходзяць чуткі, што КСУП хочуць падзяліць: даць «у нагрузку» іншым сельгаспрадпрыемствам раёна… Ці так гэта? Які лёс чакае КСУП «Варняны» і яго работнікаў?

– Адна з прычын цяжкага становішча гаспадаркі – свінагадоў­чы комплекс. Ён пабудаваны ў 1974 годзе і за гэты час і памяшканні, і абсталяванне састарэлі, што негатыўна ўплывае на вытворчасць. Гэта прывяло да парушэння мікраклімату, умоў утрымання жывёлы і вялікаму расходу кармоў – каля 4,5 цэнтнера на цэнтнер прывагі пры сярэдніх паказчыках у 3,2 цэнтнера на новых свінагадоўчых комплесах. У сувязі з тым, што падняўся кошт на бялковую сыравіну, павысілася і цана на камбікорм. Комплекс не ў стане канкурыраваць з новымі су­часнымі свінагадоўчымі аб’ек­тамі. Правесці поўна­маштабную рэканструкцыю гэтага аб’екта ў КСУП «Варняны» няма сродкаў.

Ліквідацыя варнянскага свіна­комплексу адбываецца паэтапна: бяздумна пагалоўе свіней не выразаецца. Людзі, якія там працуюць, без работы не застануцца – у гаспадарцы патрэбны рабочыя кадры, напрыклад, на той жа малочна-таварны комп­лекс «Беразоўка». Да пачатку лета 2021 года плануецца канчатковае закрыццё свінагадоўчага комплексу.

КСУП «Варняны» выдзяляюцца дзяржаўныя субсідыі, аказваюць дапамогу на розных відах сельскагаспадарчых работ суседнія гаспадаркі. Магчыма, чуткі наконт лёсу прадпрыемства ўзніклі з-за таго, што ў гаспадарцы ўласнымі сіламі не могуць цалкам апрацоўваць  ворыўныя землі. Каля  тысячы гектараў глебы перададзена іншым  сельскагаспадарчым прадпрыемствам раёна.

– Калі атрыманыя аграрыямі цэнтнеры і тоны перавесці ў грашовы эквівалент, то якую выручку ад рэалізацыі прадукцыі атрымалі гаспадаркі?

– За 9 месяцаў сумарная выручка раённых сельгас­прад­прыем­стваў склада крыху больш за 64 мільёны рублёў. Найбольшы атры­малі дзве гаспадаркі – КСУП «Гудагай» і «Гервяты» – па 20 342 і 19 963 мільёна рублёў даход адпаведна. Затым ідуць КСУП «Варняны» і РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» – 9 676 і 8 050 мільёнаў. А КСУП «Міхалішкі» рэалізаваў прадукцыі крыху больш чым на 6 300 мільёнаў. 

– Абласныя «Дажынкі» адменены. А як будзем святкаваць раённыя?

– Па традыцыі апошніх гадоў «Да­жынкі» мы праводзілі не пасля заканчэння ўборачнай кам­паніі, а прымяркоўвалі да Дня ра­бот­нікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай пра­­мысловасці. На жаль, сёлета з-за эпідэмічнай сітуацыі з каронавіруснай ін­фек­цыяй COVID-19 такога ўра­чыстага святкавання, як у мінулыя гады, не будзе. Але ўзнагароды і прэміі лепшыя працаўнікі кожнай гаспадаркі аба­вязкова атрымаюць.

6.jpg



– У «Астравецкай праўдзе» ёсць традыцыя, калі кіраўнік напярэдадні прафесійнага свята віншуе сваіх калег і падначаленых. Што пажадаеце работнікам сельскай гаспадаркі?

– У аграпрамысловым комп­лексе Астравеччыны занята значная частка жыхароў нашага раёна. Гэта людзі, дзякуючы намаганням якіх на стале кожнага беларуса ёсць хлеб, мяса, гародніна. 

Ад кіраўніцтва раёна і асабіста ад сябе кожнаму сельскаму працаўніку Астравеччыны хачу пажадаць у першую чаргу зда­роўя, калі чалавек сябе добра адчувае – тады любая работа ў радасць; плёну – паспяховасць гаспадаркі і дабрабыт кожнага асобнага працаўніка залежыць ад нашых агульных намаганняў. 

Няхай ажыццяўляецца задуманае, а ў вашых сем’ях і дамах пануюць лад і згода. З надыхо­дзячым святам, дарагія землякі! Спадзяюся, што разам у наступным годзе некаторыя мінусы мы абавязкова пераправім на плюсы.

– Мы таксама віншуем вас, Іван Мар'янавіч, з надыходзячым прафесійным святам. Поспехаў!


ЛІЧБА

Амаль 10% – рэнтабельнасць рэалізацыі прадукцыі сельгас­­вытворчасці.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: