Как отмечали День Октябрьской революции
14:43 / 06.11.2020
Некалі адзначалі гэтае свята ўрачыстымі лінейкамі ў школе, нясеннем ганаровай варты ля помніка Уладзіміру Леніну, дэманстрацыямі, ваеннымі парадамі… Цяпер усё абмяжоўваецца ўскладаннем кветак да помніка правадыру рэвалюцыі, канцэртамі, да гэтай даты прымяркоўваюць адкрыццё сацыяльна-значных аб’ектаў.
Чым быў адметны святочны дзень, як да яго рыхтаваліся і святкавалі, расказалі нашай газеце жыхары раёна.
Алена Кусойць, в. Альхоўка:
– У летапісе Альхоўскай СШ змешчана інфармацыя, што да 50-годдзя Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі на школьнай тэрыторыі вучні пасадзілі дубок і непадалёк ад яго заклалі капсулу з пасланнем, якое павінны былі прачытаць нашчадкі 2017 года. Пра гэта ўспамінаюць і тыя, хто пісаў тое пасланне. Капсулу мы пакуль не знайшлі – тэрыторыя пераабуладкоўвалася неаднойчы. Але надзею не губляем.
Знайшла запіс пра святкаванне паўвекавога юбілею рэвалюцыі ў Альхоўцы. Там апісваецца, што 6 лістапада на ранішніку першакласнікаў прымалі ў акцябраты; вучні ўручалі падарункі школе – найлепшы зрабілі чацверакласнікі, гэта быў макет «У.І. Ленін у Разліве». Мясцовая фабрыка падарыла дзецям лялечны тэатр. А 7 лістапада жыхары Альхоўкі ўдзельнічалі ў дэманстрацыі ў Міхалішках.
Юрый Мазура, аг. Кямелішкі:
– Адразу ў памяці ўсплыў час, калі вучыўся ў старэйшых класах. Я ўжо быў камсамольцам – па-мойму, многія традыцыі гэтай арганізацыі пераняў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.
У Савецкім Саюзе гэта свята называлася крыху па-іншаму – Дзень Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Выхаднымі былі два дні – 7 і 8 лістапада. У школе – я вучыўся ў Кямелішках – напярэдадні свята малышоў прымалі ў акцябраты. Старшакласнікі 7 лістапада адпраўляліся на ўрачыстасць у раённы цэнтр – нас везлі арганізавана на аўтобусах.
Мяне заўсёды ўражвала вялікая колькасць гарністаў. Дарэчы, тыя школьнікі, якія ўмелі іграць на горне альбо на барабане, рыхтаваліся да выступлення загадзя і ездзілі ў Астравец на рэпетыцыі.
Вольга Валадзько, аг. Падольцы:
– Я родам са Шчучынскага раёна з вёскі Шынкаўцы. Хочацца прыгадаць дзіцячыя і студэнцскія гады.
У школе напярэдадні 7 лістапада праводзілі ўрачыстую лінейку. Яе вёў дырэктар, былы франтавік, ён расказваў нам пра Вялікі Кастрычнік і дасягненні Савецкай краіны. У гэты дзень дзеці апраналіся па-святочнаму: у хлопчыкаў пад касцюм (тады школьная форма была ва ўсіх аднолькавая) – белая кашулька, у дзяўчынак – абавязкова белыя фартушок і каўнерыкі і, канешне, піянеры павязвалі піянерскі гальштук. Потым ладзіўся канцэрт з песнямі, танцамі і абавязкова чытаннем вершаў пра Леніна, Вялікі Кастрычнік – паглядзець на гэтыя выступленні заўсёды прыходзілі бацькі.
На само свята, 7 лістапада, з паветранымі шарыкамі і самаробнымі кветкамі наша сям’я ехала ў Шчучын – паўдзельнічаць у дэманстрацыі, паглядзець на паказ тэхнікі. Але самым заварожваючым для мяне было шэсце ваеннаслужачых мясцовай авіячасці.
У студэнцкія гады я жыла ў Ваўкавыску. Свята Кастрычніка, вядома ж, і там не прапускала. Помню, як ішлі ў агульнай калоне работнікі арганізацый. Удзельнікі шэсця неслі кветкі, шарыкі, транспаранты з назвай сваіх арганізацый, лозунгамі. Калі ў прадпрыемства мелася адметная форма адзення – апраналі яе, выдзяляючы такім чынам сваю «каробку». Наш зааветтэхнікум, апроч іншых, фарміраваў спартыўную групу – у яе трапіла і я. Апранутыя ў спартыўныя касцюмы, мы, ідучы, паказвалі розныя фізічныя практыкаванні. Як гэта было ўрачыста, яскрава! Увесь горад выходзіў! А вечарам ладзіўся канцэрт, які адкрываў і закрываў хор нашага тэхнікума.
Дарэчы, асабіста для нашай сям’і Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі – адметны дзень. (Смяецца.) Менавіта ў гэтае свята мой і сястрын мужы прыехалі знаёміцца да нашых бацькоў. А стрыечная сястра 7 лістапада абодвух дзяцей жаніла. Дзе ж ты забудзешся на такую дату!
Пётр Лобач, в. Альхоўка:
– Удзельнічаў у прыгожых урачыстасцях 7 лістапада падчас службы ў марфлоце. У вучэбцы быў за 30 кіламетраў ад Калінінграда – у Піянерску. З часці нас на цягніку вазілі ў Калінінград трэніравацца маршыраваць на парадзе. Так муштравалі, каб зладжана, прыгожа, без збою, без лішняга руху прайшлі міма трыбун! На свяце тады прысутнічалі замежныя дэлегацыі.
Пасля вучэбкі трапіў у Севастопаль. У нашай часці была трацыдыя на ўсе святы выпраўляць на прагулку маракоў з ваенным аркестрам, каб стварыць у свята добры настрой гараджанам. Людзям гэта падабалася.
Помню, як на Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі нёс ганаровую варту ля Малахава кургана ў Севастопалі. У параднай марской форме мы стаялі без шолаху, а міма праходзілі людзі – і фатаграфавалі, фатаграфавалі… Ніколі ў жыцці мяне столькі не здымалі, як у той дзень. (Смяецца.) Мабыць, мы з саслужыўцамі тады трапілі ва ўсе саюзныя газеты.
Прыгадаю і вёску Лылойці Смаргонскага раёна – я працаваў там у калгасе. Урачыстасць арганізоўваў сельсавет. Былі і мітынгі, і шэсці, і вахту піянеры неслі, як, напэўна, і ўсюды ў савецкі час. А вось адмецінкай свята ў нас была арганізаваная калона матацыклаў з каляскамі – у мяне таксама такі быў. Мы везлі сцягі.
Напярэдадні 7 лістапада ў мясцовым клубе калгас праводіў урачысты сход, на якім адзначалі прэміямі ў 10 рублёў лепшых працаўнікоў гаспадаркі. На той час гэта немалыя грошы былі!
А ў Альхоўцы кардонная фабрыка арганізоўвала паміж зменамі спаборніцтвы па мастацкай самадзейнасці – яны праходзілі ў клубе.
Шэсці шматлюдныя былі, усе да іх рыхтаваліся! Што тут гаварыць, свята Вялікага Кастрычніка некалі было святам для ўсіх!
Валянціна Віннічак, г. Астравец:
– Ой, як было прыгожа! Я працавала ў астравецкай аўтабазе, цяпер – аўтапарк №4. Загадзя рабілі транспаранты, расцяжкі на дрэўках, кветкі з гафрыраванай паперы прымацоўвалі на доўгія палкі, надзімалі паветраныя шарыкі.
З раніцы іграла музыка. Святочна ўбраныя, мы збіраліся ля сваёй арганізацыі (абавязкова бралі дзяцей), разбіралі нарыхтаваныя ўпрыгожанні і ішлі калонай да плошчы на мітынг.
Ля помніка Леніну стаяла трыбуна для выступаючых, па перыметры плошчы для кожнага працоўнага калектыву ўжо былі размеркаваны месцы для пастраення. Кожная калона абавязкова трымала таблічку з назвай свайго прадпрыемства, сцягі – дзяржаўны і арганізацыі, расцяжкі кшталту «Да здравствует революция!», «Слава КПСС!». А ў школьных калонах дзеці яшчэ неслі адзнакі – намаляваныя вялікія «пяцёркі».
Пасля ўрачыстасці адбывалася шэсце. Яно пачыналася з плошчы, затым ішлі па вуліцы Ленінскай убок рынку, заварочвалі на вуліцу Новую, выходзілі на Кастрычніцкую і завяршалі круг на плошчы. Так заканчвалася афіцыйная частка.
Ля Дома культуры работнікаў аўтабазы чакаў аўтобус – туды мы складвалі транспаранты, а потым ішлі ў магазін траціць атрыманыя да свята 3 рублі – складаліся на застолле і ішлі кампаніямі святкаваць. (Усміхаецца.) Дарэчы, у гэты дзень у магазінах выкідвалі дэфіцыт – на адзенне там мала хто глядзеў, больш стараліся ўзяць чаго з прадуктаў.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.