Апошні жыхар Сідарышак Уладзімір Люгоўскі даглядае мясцовыя могілкі

09:17 / 01.11.2020
1011
Пакрысе ў іншы свет адыхо­дзяць нашы бабулі і дзядулі, а з імі – унікальныя звычаі, традыцыі, гаворка – цэлая эпоха… 

У Задушны дзень мы ўзгадваем  блізкіх, сваякоў, знаёмых, якіх няма побач, але якія працягваюць жыць у нашай памяці, і абавязкова ідзём на могілкі – яны раней былі ледзь не ля кожнай вёскі. Калі жыццё ў аграгарадках і вялікіх населеных пунктах яшчэ віруе, то ў вёсачках, на жаль, ужо ледзь цеплецца. 

Кажуць, чалавек жыве, пакуль пра яго нехта памятае, – а памяць людская жывая нягледзячы ні на што. У якую вёсачку Астравеччыны ні завітай – абавязкова зно­йдзец­ца чалавек, які ахвяраваўся даглядаць за магіламі – сваякоў і чужых людзей. Робіць ён гэта не па прымусе, а па ўласным жаданні, поклічы душы – бо яго вясковая існасць не можа спакойна назіраць, калі магілкі, якія ўжо няма каму наве­дваць і даглядаць, параслі травой ці засыпаны лісцем…

Хто, калі не я? 

Верыцца, што такія адданыя роднай зямлі і продкам людзі, па-добраму наіўныя ў сваёй упэўненасці, што нічога асаблівага і звышнатуральнага не робяць,  заслужаць у Бога не адзін «плюсік»…

Гэтак і апошні жыхар Сідарышак Міхалішкаўскага сельсавета, якія прытуліліся да Полацкага тракту, Уладзімір Люгоўскі з жонкай Вольгай даглядае за вёскай, у якой засталося ўсяго шэсць хат, і могілкамі. А яшчэ 50 гадоў назад, калі верыць кнізе «Памяць», тут жыло 23 чалавекі… 

1.jpg


Позняя восень пазалаціла чу­бы тонкастанных бяроз, але пакуль яшчэ не паспела пашчыпаць марозам зялёную траву, якой парасла цэнтральная вуліца Сідарышак, – тут няма асфальту і бруку. Хаткі акуратныя, нават і не скажаш, што пастаянна ў вёсцы, акрамя Люгоўскіх, ужо ніхто не жыве.

Патрэбную сядзібу хутка знахо­джу па залівістым брэху сабачак. На парозе дагледжанага дома мяне сустракае гаспадар Уладзімір Люгоўскі – чалавек з бла­кітнымі вачыма, добрым і ад­крытым тварам. З ім мы літа­ральна за некалькі хвілін абышлі ўсю вёску. 

Мужчына на пенсіі, таму воль­­нага часу для размоў хапае. А вось яго жонка Вольга Эду­ардаўна яшчэ працуе кла­даўшчыком у Міхалішкаўскай школе. Кожны дзень Ізыдоравіч во­зіць сваю другую палавінку на работу ў аграгарадок.

З-за эпідэміі каронавіруса некаторыя ўраджэнцы Сідарышак, якія стала жывуць у Літве, не змаглі прыехаць сёлета на малую радзіму, таму Уладзімір Ізыдоравіч ля ўсіх шасці хат некалькі разоў за лета абкошваў траву – не будуць жа зарастаць пустазеллем! Не дзеля ўдзячнасці ён гэта робіць – інакш не можа. 

2.jpg



Мужчына пайменна памятае, хто ў якой хаце жыў, і называе самыя распаўсюджаныя яшчэ некалькі дзе­сяцігоддзяў назад прозвіш­чы: Ёч, Люгоўскія, Бранцэвічы…

– Ужо і няма ў каго распытаць адкуль паходзіць назва вёскі, – мужчына паціскае плячыма. – Старэйшыя людзі казалі, што раней вёска была на іншым баку гасцінца, але часта здараліся пажары: не паспявалі людзі адбудоўвацца, як агонь ізноў усё знішчаў, таму дамы перанеслі на гэты бок. Вогненная навала спынілася. Праўда, калі немцы наступалі, то спалілі дзве хаты – пасля вайны на іх месцы людзі адбудавалі новыя. У вёсцы было 8 жылых дамоў, далей жыў Шылка, за ім – Мацясовіч, – паказвае ў бок лесу Уладзімір Люгоўскі. – Жытло было з большага раскідана па хутарах, але ўсё адно паселішча звалася Сідарышкамі. 

Вёска ў дзяцінстве Уладзіміра Ізыдоравіча, якое прыпала на сярэдзіну 60-х гадоў, была напоўнена жыццём, людзьмі і дзіцячым смехам. 

– Усе разам бавіліся: я, сястра, тры суседскія хлопцы, Ванда Ёч, вечны покуй Казік Ёч – яны не сваякі, а цёзкі па прозвішчы, – удакладняе мужчына. – Да суседскай бабулі ўнучкі з Мінска прыязджалі. Тры дзяўчынкі жылі непадалёк ад нас, на  хутары Цагельня – чаму ён так называўся, ведаю. Бацькі казалі, што калісьці там быў завод па вырабе цэглы. Татка мой там нарадзіўся. Хата ўжо завалілася, а сад ёсць. Памятаю, калі там аралі, то траплялася цэгла з польскай гербавай пячаткай. У бацькі сям’я была вялікая: ці то сем, ці то дзевяць дзяцей. На печы ўсе і выгадаваліся: адзін аднаго за ногі цягалі. (Усміхаецца). З Мінар – матуля (толькі так: лас­кава і з пяшчотай у голасе падчас усёй нашай размовы называе сваю маці мой суразмоўца. Пазней зразумею, чаму.– Заўв. А.Г.). Даўней іх было тры хутары з аднолькавай назвай, матуля – з трэціх Мінар. Там ужо ўсё парасло пустазеллем, бабры зямлю затапілі, воддаль лес пасаджаны… 

3.jpg


Мужчына ўспамінае, як старэйшыя людзі расказвалі, што пры Польшчы ў Сідарышках была школа: прыходзілі дзеці з Мінар, Бабіч, Сінкішак. Нават будынак, які пазней быў прыстасаваны пад жыллё, застаўся. Праўда, цяпер хата, як і астатнія ў Сідарышках, глядзіць пустымі шклянымі ваканіцамі…

– Бацька не вучыўся зусім, мог толькі распісацца. Няма чаго дзівавацца: ён 1920-га года нараджэння, Вялікую Айчынную вайну прайшоў у Войску Польскім. Ведаю, мог застацца ў Польшчы, але нешта не склалася. Калі да нас прыязджала яго сястра, то ў хаце старэйшыя размаўлялі па-польску. Добра гэтую мову ведала суседка – Марыя Аляксандраўна Куцька, – з вуснаў Уладзіміра Ізыдоравіча ліецца такая смачная, мяккая беларуская гаворка, перасыпаная слоўцамі-дыялектамі, якую цяпер нават у вёсцы не часта пачуеш, – адно задавальненне слухаць.

– Бацька працаваў ў калгасе на будоўлі. Цэнтральная сядзіба раней была ў Жукойнях. Матуля была на гаспадарцы: мелі тры каровы, цялушку, свіней – як і ўсе. Хоць тата за матулю быў старэйшы на 13 гадоў, але жылі яны дружна. Не прыпомню, каб ён слоўца дрэннае на яе сказаў ці закрычаў – не разлій вада. Матуля мяне не дачакалася з ар­міі, –  вочы мужчыны вільгатнеюць і напаўняюцца здрадніцкімі слязьмі. – Маладая была, мела ўсяго 47 гадоў. Калі я служыў у войску, юнакоў адпраўлялі ў Афган. Ці то ад моцнага хвалявання, што і мяне пашлюць у гэтае пекла, ці то здароўе падвяло – але адной раніцай яе не стала. Бацька расказваў, як і заўсёды, у той дзень яна прачнулася рана, каб абысціся па гаспадарцы і накарміць жывёлу. Нават печ распаліла, але так, апранутая ў хатні фартушок, і звалілася. Мне служыць заставалася паўгода, –  Ізыдоравіч на хвіліну змаўкае і зглытвае даўкі камяк. – На пахаванне мяне адпусцілі, а спакою на душы не было – не пагаварыў з матуляй, не абняў, не ўбачыў яе ўсмешкі… Бацька потым сышоўся з адной бяздетнай жанчынай, але жыццё ў іх не склалася. Відаць, моцна кахаў сваю Зоню – за матулю больш года не пражыў. Пахаваныя яны разам на мясцовых могілках. 

…Люгоўскія, як і большасць сапраўдных вяскоўцаў, якіх, на жаль, ужо амаль не засталося, трымаюць гаспадарку: карову, в’етнамскіх свіней, якіх Ізыдоравіч называе «нярускімі». 

– Засталіся мы з Волечкай адны ў Сідарышках. Жонка мясцовая, з Сарочча, там яшчэ быў даўнейшы млын – пазней яго разабралі – і тры хаткі, – узгадвае Уладзімір. – Пасля арміі  прыйшоў у калгас, спачатку быў слесарам, потым далі машыну. Вольга працавала ў канторы, якая была на месцы цяперашняга сельсавета. Чым глянулася жонка? – саромеецца. – А бог яго ведае! Усё разам сышлося: і прыгожая, і па характары добрая, і гаспадыня, якую яшчэ пашукаць. Шлюб у красавіку 1983 года ў міхалісным касцёле даваў ксёндз Казімір – прозвішча ўжо і не ўспомню – добры, лагодны быў святар. Дачушкі павырасталі і, як птушачкі, разляцеліся з бацькоўскай хаты – стварылі свае сем’і. Мы багатыя бабуля з дзядулем: маем 5 унучак і 3 унукі. На лета, ды і не толькі, яны прыяджаюць да нас пагасціць: рыбу вудзім на сажалцы, якую сам выкапаў, ходзім у ягады і грыбы. Лічы за хатай – лес Сарві-тут, за трактам – поле, а направа – Ігнаськаў лес… Не вёска, а рай! Усё ёсць: і балотца з журавінамі, і баравікоў кашамі насі. А алені якія зімой да самай хаты прыходзяць, не расказаць! Рогі на галаве, нібыта вялікі куст. Шкада толькі, што людзей больш няма...

…На Задушкі ледзь не ля кожнага пахавання на сідарышскім могільніку загарацца агеньчыкі свечак і лампадак – людская памяць жыве.

4.jpg



***
У кожнай асабістай гісторыі жыцця, як і ў расповедзе Уладзіміра Люгоўскага пра бацькоў, вёску, суседзяў, ёсць нябачная сувязная нітачка з нашым агульным мінулым – продкамі. 

Яны, хоць і не мелі адукацыі, але не толькі сеялі і жалі збожжа, даілі кароў, касілі, кляпалі, шчапалі, аралі, ткалі, пралі… – словам, цяжка працавалі, але, па вялікім рахунку, былі такімі ж, як і мы: кахалі, марылі, расчароўваліся, хацелі лепшага жыцця, калі не для сябе, то хоць бы для дзяцей і ўнукаў…

З апошнім жыхаром Сіда­рышак накіроўваемся на мясцовыя могілкі, якія размяшчаюцца таксама пры Полацкім тракце, але за кіламетр-паўтара ад вёскі. 

Хоць рыхтаваць артыкул я прыехала за паўтара тыдні да Задушак і Уладзімір Люгоўскі, зразумела, толькі збіраўся наводзіць там грунтоўны парадак да Усіх святых і ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў – гэта зрабіць ён запланаваў у апошнія выхадныя да свята, – могільнік выглядаў дагле­джаным. Нідзе ля безыменных магіл з металічнымі крыжамі без подпісаў, не было высокай травы, штучных кветак, толькі бруснічнік аплятаў невысокія бугаркі невядома чыіх паха­ванняў, быццам сама прырода аддавала даніну памяці спачылым, на магілкі якіх па розных прычынах ужо ніхто не наведваецца.

– Абкошваю могільнік не­каль­кі разоў на год. Са стрыечным братам Анатолем з Ласёў неяк знялі, потым паставілі на месца абгароджу, каб выра­заць парослае кустоўе. Сельсавет устанавіў кантэйнеры для смецця. Некалькі гадоў назад сабраліся з хлопцамі, каб прыбраць аварыйныя дрэвы –  некаторыя маглі зваліцца і разбурыць помнікі: я, вальшчык лесу з мясцовага лясніцтва, зяць на трактары і сусед, які прыязджае з Вільні. Спарадкавалі ўсё. Тут бацькі ляжаць, воддаль – дзве матуліны сястры, яны маленькімі памерлі, – паказваючы на ма­гілкі, расказвае Уладзімір Лю­гоўскі. – Тут брат матулі, далей таты родная сястра, цётка Геня, Антось Бранцэвіч… А гэта магіла цёткі Уладыславы, па мужу – Лявоніхі, лявей ляжыць мужчы­на, што ладныя рашачкі і цабэркі ладзіў… Хоць і не родзічы, але ўсе свае, з адной вёскі. Жыць і спаць спакойна не змагу, калі тут будзе буяць пустазелле. Хто, калі не я? – рытарычнае пытанне апошняга жыхара Сідарышак маўклівым рэхам разрэзала цёплае каст­рычніцкае паветра.

5.jpg






Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений