41 тур конкурсу «Пазнай Астравеччыну»

08:13 / 30.10.2020
Падбіраючы заданні на конкурс, мы стараемся «правесці» нашых чытачоў па розных куточках раёна, прапануем пазнаць помнікі прыроды, гісторыі, культуры, архітэктуры, імкнёмся, каб адносна цяжкія пытанні чаргаваліся з больш лёгкімі. І здавалася, што апошняе заданне – адно з самых лёгкіх. Тым не менш, у чарговы раз пераканаліся, што на самыя відавочныя пытанні часам прыходзяць няправільныя адказы. Да слова: на працягу конкурсу практычна нікому не ўдалося пазбегнуць памылак, а часам самыя складныя заданні браліся «на раз» – растлумачыць гэты парадокс мы так і не змаглі.

Вось і цяпер, хоць практычна ўсе канкурсанты пазналі на здымку астравецкі касцёл Святых Космы і Даміяна, былі і памылковыя адказы.

1.jpg



У гэтага храма цікавая і драматычная гісторыя. Варта ўспомніць, што з ім звязаны першы пісьмовы ўспамін пра Астравец – менавіта дзве меры мёду, адпісаныя тагачасным уладальнікам Геранёнаў Юрыем Гаштольдам астравецкаму касцёлу Дзевы Марыі і Усіх Святых, які пазней быў асвечаны ў гонар святых Космы і Даміяна, далі нагоду лічыць годам нараджэння Астраўца 1468-ы. Хоць, безумоўна, калі было каму фундаваць мёд, то, значыць, Астравец ужо існаваў і людзі – прынамсі, манахі – тут жылі і раней.

Святыя Косма і Даміян – родныя браты, якія бясплатна лячылі людзей. Яны лічацца апекунамі медыцынскіх работнікаў і сямей. Жанна Волк-Леановіч сцвярджае, што гэта адзіны каталіцкі касцёл у Беларусі ў гонар гэтых святых.

У 1616-18 гадах гаспадары мястэч­ка Ян і Алена Корсакі на месцы старога драўлянага ўзвялі новы мураваны касцёл, які быў знішчаны ў сярэдзіне 17 стагоддзя.  У 1785-1787 гадах астравецкія дамініканцы зноў вымуравалі цагляны храм, а каля яго – плябанію і кляштар.

У 1795 годзе пасля падзелу Рэчы Паспалітай Астравец апынуўся ў складзе Расійскай імперыі. У 1866-м пасля падаўлення паўстання Кас­туся Каліноўскага каталіцкі касцёл перарабілі ў праваслаўную царкву. 

Пасля распаду Расійскай імперыі Астравец зноў увайшоў у склад Польшчы, касцёл Святых Космы і Даміяна вярнулі католікам. 

Храм ніколі не зачыняўся, нават у гады савецкай улады і падчас вайны. 

2.png



Пастановай Савета Міністраў Беларусі астравецкі касцёл Космы і Даміяна атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці рэгіянальнага значэння.
Гэты каталіцкі храм – прыклад архітэктуры позняга барока з элементамі класіцызму,  ён уключаны ў экскурсійныя туры па тэрыторыі Беларусі. Знешне касцёл нагадвае велічны палац, унутры знаходзіцца шмат каштоўных абразоў канца 18-га – пачатку 19-га стагоддзяў. 

Храм – адна з асноўных адметнасцей нашага горада. Прыемна, што канкурсанты расказалі пра яго гісторыю шмат цікавых падрабязнасцей і нават адшукалі рэдкія гістарычныя здымкі.

За ўдзел у гэтым этапе конкурсу 2 балы атрымлівае Андрэй Ваўчок. 3 – Кацярына Вараб’ёва, па 4 балы на гэты раз паклалі ў скарбонку Жанна Волк-Леановіч, Ганна Мілашэвіч, Святлана Марозава, Алег Драган, Марына Кімса, Алена Памецька, Вікторыя Іванцэвіч.

(Рэдакцыя прыносіць прабачэнні Алене Памецьцы за выпадкова недалічаны ёй у мінулым туры бал – цяпер у агульным заліку  справядлівасць аднавілася!)

Працяглы час лідары ў конкурсе застаюцца нязменнымі: Алег Драган – 138 балаў, Марына Кімса – 136, Жанна Волк-Леановіч і Ганна Мілашэвіч – па 132.

Наступнае заданне конкурсу, на наш погляд, досыць складнае. Цікава, як справяцца з ім нашы канкурсанты?


Дзе гэта, што гэта?

1.jpg



Нагадваем: далучыцца да конкурсу «Пазнай Астравеччыну» можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды, фотаздымкі і відэа.

Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефонах 2-03-64, 7-08-44, +375-29-328-75-99 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з конкурсным заданнем (да аўторка ўключна).



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Нина Рыбик