І бедны можа адчуць сябе багатым

12:28 / 28.10.2020

Разные житейские истории – веселые и грустные, поучительные и «ни о чем» – вы можете присылать нам на обычную (Островец, ул. Энгельса, 2А) или электронную ostrov_red@tut.by почту, воспользовавшись баннером «Предложить новость» на главной странице сайта ostrovets.by в правом нижнем углу или оставив сообщение в группах «Островецкой правды» в социальных сетях.

Ваши истории будут опубликованы на сайте газеты и в социальных сетях, а лучше – напечатаны на страницах «Островецкой правды».

1.jpg


У часы, калі мы яшчэ толькі вучыліся вымаўляць словы «супермаркет» і «буцік», я – так склаліся сямейныя абставіны – часцей ездзiла ў Вiльнюс, чым у Мiнск. Любiла  прайсці па дарагіх магазінах – калі не купіць, дык паглядзець, што прадаюць і па якой цане.

Заходжу неяк у супермаркет, а там рэкламуюць дарагушчую каву: 15 лiтаў (тады ў Літве яшчэ літы былі) за пачак. І тут жа стаіць кава-машына – жадаючых частуюць «напоем багоў»: наліваюць у аднаразовыя кубачкі памерам з паўмізінца. Я падышла, выпiла прапанаваную порцыю, падзякавала, пахвалiла – было за што: кава і сапраўды смачная! І пайшла далей. Супермаркет вялiзны – пахадзiла,  паглядзела… Вярнулася да кава-машыны, выпiла яшчэ кубачак, уяўляючы сябе арыстакраткай у дарагім атэлі… Пайшла, купiла пачак  кавы за лiт з капейкамi – i выйшла з таго маркету шчаслiвая! 

Затым зазірнула ў магазін дарагога парфуму. Якія там водары! А фірмы – «Кенза», «Шанэль», «Ніна Рычы»… А цэны! Маёй зарплаты якраз на адзін флакон хопіць… Але ж побач стаяць малюсенькiя адкрытыя флакончыкi духоў – для пробы. Я, вядома ж, падышла: «Шанэль №5» – на адно запясце, «Кенза» – на другое... Купляць не стала. Навошта? У наступны прыезд зноў зайду, дарагі водар доўга трымаецца…



Iду далей – магазін футраў яркімі агнямі падміргвае, запрашае. Чаму б не зайсцi, не адчуць сябе багатай? Тым больш што я ўжо  пахну  дарагiмі духамі, якiя цудоўна спалучаюцца з водарам добрай кавы! Кансультант гэта ўнюхала з парога – і «заскакала» вакол мяне: «Што жадаеце? У нас новая калекцыя. Думаю, вам гэты блакітны пясец цудоўна падыдзе. Але норка больш практычная… Вы што больш любіце?» 

Прымерыла і пясца, і норку – шчыра скажу: мяне так нiхто ніколі не лашчыў, як гэтыя дарагія футры!  Глянула так, між іншым, на цэннік з некалькімі нулямі…

– Не магу выбраць, – кажу. – Прыйду заўтра са сваім бойфрэндам – яму плаціць, хай вызначыцца, што мне лепш пасуе.

Выйшла з магазіна шчаслівая – i патэпала на тралейбусны прыпынак. А на душы так хораша! 

Усё ж, што ні кажыце, а  прыемна хоць на iмгненне адчуць сябе багатай!

Рэгiна ДРЭМА



Текст: Главный администратор