З экспазіцыі школьнага музея: Кямелішкаўская школа

11:26 / 21.10.2020
Астравеччына пакуль не можа пахваліцца раённым музеем, затое ў  школах створаны, плённа працуюць і пашыраюцца невялікія музеі краязнаўчай і  гісторыка-этнаграфічнай накі­ра­ванасці – усяго іх 11. Пра кожны з іх мы расказваем у праекце «Астравецкай праўды»  –  «З экс­­пазіцыі школьнага музея». 

Каб дакрануцца да гісторыі

Ідэя стварэння музея ў Кямелішкаўскай школе ўзнікла 20 гадоў назад. Ініцыятарамі збору старых рэчаў сталі настаўніцы  беларускай мовы і літаратуры Галіна Салавей і Данута Марцінкевіч.  Дапамогу ім аказалі вучні і педагогі школы, жыхары аграгарадка і бліжэйшых вёсак. 

– Першых наведвальнікаў наш этнаграфічны куток прыняў 7 лютага 2001 года, – узгадвае сённяшні загадчык школьнага музея Данута Марцінкевіч. – Тады якраз праходзіў вечар сустрэчы, прымеркаваны да юбілея школы, і ў піянерскім пакоі мы размясцілі музейную экспазіцыю. 

13.jpg



Пачатак прыйшоўся да душы і былым вучням школы, і настаўнікам. Таму праз нейкі час з’явіліся новыя экспанаты,  экспазіцыя стала пашырацца і яе перанеслі ўжо ў  іншы пакой.

– Гэта і ёсць наш музей, – дэманструе невялікае памяшканне, напоўненае прадметамі ўжытку і мэбляй, дырэктар школы Аляксандр Іванцэвіч. – Праўда,  ужо і тут стала цесна. У гэтым навучальным годзе плануем частку экспанатаў перанесці  ў іншы пакой і стварыць экспазіцыю, якая будзе дэманстраваць этапы апрацоўкі лёну і воўны.

Для гэтага ў школьным музеі  ёсць усе неабходныя рэчы. Шмат гадоў назад Галіна Салавей і Данута Марцінкевіч адшукалі кросны, прывезлі іх у  школу, нацягнулі ніткі – станок сярэдзіны  мінулага стагоддзя рабочы, і сёння на ім можна працаваць. Праўда, такіх аматараў ужо амаль і не засталося.

1.jpg



– Я не тку, а вось мая калега, з якой мы пачыналі музейную справу, Галіна Салавей, умее гэта рабіць. У гэтым памяшканні цеснавата, таму кросны стаяць незапатрабаваныя. Калі ўсё размесцім у асобным пакоі, то ў нашых экспанатаў таксама пачнецца новае жыццё. 

І тады ў сённяшнім памяшканні музея застанецца толькі беларуская хатка сярэдзіны 20 стагоддзя.

– Я заўсёды ганарыўся тым, што ў нашым музеі ўсе экспанаты  можна ўзяць у рукі, – гаворыць дырэктар школы. –  З аднаго боку, у нас няма сучасных стэндаў, якімі цяпер напоўнены практычна ўсе музеі, затое тут жыве дух старых часоў.

– Я вучыўся ў Міхалішкаўскай школе і помню тамтэйшы музей.  Якія ж былі ў нас, школьнікаў, адчуванні, калі мы туды прыходзілі! Усё можна было пакратаць – гэта было вельмі запамінальна і цікава. Таму, калі ўсе пераходзілі на стэнды, мы вырашылі пакінуць усё так,  як было ў звычайнай вясковай хаце.

14.jpg



Тры гады назад у рамках бізнес-кампаніі ў Кямелішкаўскай школе распрацавалі экскурсію па аграгарадку, якая ўключала  наведванне яўрэйскіх могілак, пагранічнага і пажарнага пастоў, мясцовай участковай бальніцы і, зразумела, школы і музея.

– За гэты час у нас на экскурсіях пабывалі многія суседнія школы, праходзіў раённы семінар намеснікаў дырэктараў школ, – расказвае Аляксандр Іванцэвіч. – І ўсім было вельмі цікава! Чым унікальны наш аграгарадок? У нас ёсць усе тыя ж сацыяльныя аб’екты, што і ў Астраўцы. Я не мясцовы жыхар, але за 20 гадоў прыкіпеў да Кямелішак, ганаруся і даражу гэтымі мясцінамі і лічу іх сваёй малой радзімай.

Сялянская хатка

Сёння экспазіцыя Кямелішкаўскага школьнага музея складаецца з некалькіх раздзелаў.   

Самы вялікі з іх расказвае пра інтэр’ер жылога памяшкання сярэдзіны 20 стагоддзя.

– Мы з Галінай Мікалаеўнай былі апантаныя зборам старых рэчаў. У тыя часы  іх можна было сабраць шмат, праблема была ў тым, што не было, дзе захоўваць, – узгадвае Данута Марцінкевіч. – Напрыклад, вось гэты ложак мы ўзялі таму, што ён быў самы малы, яго без праблем можна было вынесці з хаты і паставіць у нас.

3.jpg



Вялікая дабротная шафа і камода, стол, самавары, дзіцячая люлька, лавы, прадметы быту – пра кожны з іх настаўніца можа расказваць гадзінамі.

2.jpg

4.jpg



– Вось «бразгуны» майго дзядулі, кошыкі, сявенька, начоўкі для цеста і для мыцця – сёння гэта ўжо гісторыя, – гаворыць загадчык музея. – І нашы дзеці падчас наведвання музея могуць да яе дакрануцца, каб потым перадаць цеплыню гэтых рэчаў, расповеды пра іх сваім дзецям.

Данута Марцінкевіч  беражліва перабірае вышываныя і саматканыя ручнікі і абрусы, фартухі, якімі карысталіся ў мінулым стагоддзі жыхаркі Кямелішак, і верыць, што яе вучні захаваюць багатую спадчыну нашага народа. 

5.jpg


З гісторыі школы

Гэты раздзел  не самы вялікі, затое адзін з важнейшых для педагогаў  і вучняў.   

– У музеі сабрана багата матэрыялаў пра нашу школу. Пакуль што іх, на жаль,  няма дзе выставіць, – расказвае загадчык музея. – Але яны не ляжаць «мёртвым грузам»: настаўнікі са школьнікамі іх вывучаюць і пішуць даследчыя працы, з якімі выступаюць на навукова-практычных канферэнцыях.

Бярэш у рукі дзённік  вучаніцы першага выпуску сярэдняй школы Ванды Медэйшы і адразу ж спыняешся на 1-й старонцы –  увагу прыцягваюць не столькі адзнакі, колькі «Правілы для вучняў», зацверджаныя ў 1943 годзе: «Кожны вучань абавязаны: упарта і настойліва авалодваць ведамі для таго, каб стаць адукаваным і культурным грамадзянінам і прынесці як мага больш карысці Савецкай Радзіме…» – усяго 20 пунктаў, якія распавядаюць, як трэба весці сябе ў школе, з настаўнікамі і аднакласнікамі. А заканчваецца гэты спіс папярэджаннем: «За парушэнне правіл вучань падлягае пакаранню, аж да выключэння са школы».

6.jpg



Гэткую ж прыцягальнасць мае і «Пашпарт сярэдняй школы». Згодна з ім, у 1948-1949 навучальных гадах у мікрараён Кямелішкаўскай сямігадовай школы ўваходзілі Кямелішкі, Вялікія і Малыя Свіраны, Шадзюны, Хмяляны, Стрыпуны, Пянанішкі, Вердзялішкі. Выкладанне прадметаў вялося на рускай мове, школу наведвала 186 вучняў. У наступным навучальным годзе іх было ўжо 252. Дарэчы, вучыліся дзеці ў дзве змены.
Класныя журналы, пратаколы пасяджэнняў педагагічных саветаў, Падзячныя лісты і пасведчанні аб заканчэнні школы, старыя падручнікі на розных мовах – да «сведкаў» школьнага жыцця сярэдзіны мінулага стагоддзя тут  адносяцца беражліва.

7.jpg



– Усё гэтае багацце мы знайшлі  ў старой школе – і шчаслівыя, што яно захавалася, – гаворыць Данута Марцінкевіч. – Гэтак жа, як і званочак 1879 года, які і сёння дае пачатак і заканчэнне навучальнаму году. Ён, хаця і з’яўляецца экспанатам нашага музея, займае пачэснае месца ў кабінеце дырэктара школы.

8.jpg


Вайна ў лёсе мястэчка

З павагай у школе адносяцца і да гераічнай спадчыны нашай краіны. Экспазіцыя «Вялікая Айчынная вайна ў лёсах землякоў» змешчана не ў музейным памяшканні, а ў суседнім з ім кабінеце.    

10.jpg



Тут можна даведацца пра гісторыю яўрэйскага насельніцтва, мясцовых людзей, якія ваявалі на фронце, – многія з іх вярнуліся на радзіму і ўнеслі значны ўклад у развіццё раёна.

9.jpg



– Частка гэтай экспазіцыі размешчана ў фае школы, – дэманструе дырэктар часовую выставу. – Варта, каб сённяшнія школьнікі разумелі, якую бяду нясуць чалавецтву войны.

Духоўная спадчына аграгарадка

Адзін з раздзелаў школьнага музея прысвечаны кямелішкаўскаму касцёлу Нараджэння Багародзіцы.   

– Культавы будынак з’яўляецца цікавым узорам драўлянага дойлідства, – расказвае загадчык музея. – У нас сабраныя матэрыя­лы  і пра гісторыю касцёла, і пра ксяндзоў, якія тут служылі.

Захоўваюць у школе і касцёльныя кнігі, якія ўтрымліваюць звесткі пра сем’і, што  адносіліся да гэтай парафіі, іх веравызнанне і нават перыядычнасць наведвання імі храма.

11.jpg



– На жаль, многае ўжо згублена, вывезена ў іншыя краіны і аднавіць  або вярнуць, наўрад ці атрымаецца, – разважае Данута Марцінкевіч. – І добра, што калісьці нам прыйшла думка стварыць гэты музей і захаваць тое, што яшчэ можна было знайсці.

Знакамітыя землякі

Людзей,  якія праславілі сваю старонку, нямала і сярод былых вучняў Кямелішкаўскай школы.    

Прынамсі, многія з тых, хто некалі тут нарадзіўся ці вучыўся, сёння вядомыя  людзі  – урачы, настаўнікі, спартсмены, работнікі сельскай гаспадаркі… І гэты пералік можна працягваць доўга. Пра іх жыццё і дзейнасць расказваюць некалькі стэндаў у школьным фае.

– У нашай школе вучыўся Стэфан Казлоўскі, – расказвае Данута Марцінкевіч. – Творчы чалавек, які цудоўна малюе.

Дарэчы, адным з экспанатаў школьнага музея з’яўляецца партрэт настаўніцы нямецкай мовы Ніны Казіміравай, які напісаў шмат гадоў назад былы школьнік Стэфан  Казлоўскі.

12.jpg



Загадчык школьнага музея з асаблівай цеплынёй расказвае пра экспанаты, гартае напісаныя школьнікамі даследчыя працы – і верыць, што сабранае застанецца і будзе перададзена наступным пакаленням.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Елена Ярошевич