У гасцях у кветкавода Людмілы Анімуцкай

07:01 / 16.10.2020
З Людмілай Анімуцкай была знаёма даўно, ведала яе як цудоўнага педагога. Яшчэ больш упэўнілася ў гэтым напярэдадні Дня настаўніка. Тады ж даведалася пра захапленне жанчыны кветкамі – і напрасілася ў госці. Гэта нагода, мабыць, дасць штуршок для ўзнаўлення нашай даўняй тэматычнай старонкі «У гасцях у кветкаводаў».

– Захапленне кветкамі прыйшло  толькі  тады,  калі  пачалі  будаваць  уласны  дом,  –  узгадвае Людміла  Іванаўна.  –  Яшчэ  ішлі работы па яго ўзвядзенні, а я ўжо пасадзіла на ўчастку ружы – яны, дарэчы  і  сёння  радуюць  вока. Толькі перасяліліся ў іншае месца. 

1000.jpg


І  калі  агароднікі,  як  правіла, збіраюць  ураджай  восенню,  то для апантаных кветкаводаў кожная пара – своеасаблівы адрэзак, які прыносіць плён працы.

–  Здаецца,  зімой  можна  адпачыць. Я ж, як правіла, абдумваю планы, прыдумваю ідэі на наступны год: дзе сфарміраваць хаця б яшчэ адну клумбу, што пасадзіць, як  сумясціць  шматгадовыя  і  аднагадовыя расліны, – усміхаецца кветкавод.

Работы  па  пасадцы  кветак Людміла  Іванаўна  распачынае  ў канцы студзеня.

–  Каб  кветкі  радавалі  вока ледзь не на працягу года, іх трэба  пасеяць  і  вырасціць.  Я  гэта заўсёды  раблю  самастойна.  У апошнія гады рассаду не купляю. Залог добрых кветак – добрае насенне.  Набываю  яго,  як  правіла, у  спецыялізаваным  магазіне  ў Смаргоні. Не абыдзешся без якаснага  грунту – яго таксама трэба купіць.  А  потым  пікіроўка,  падкормка,  рассаджванне.  Сястра часам смяецца, што  сама шукаю сабе работу. А я прызвычаілася – і без гэтага не магу.

0005.jpg


Тым  больш  што  кветкавае  захапленне Людмілы падтрымлівае сям’я.

–  Часам  рассада  займае  шмат месца і ў пакоях, і ў калідоры, але і  муж,  і  дзеці  адносяцца  да  гэтага  спакойна,  дапамогуць  і  грунт прывезці,  і  гаршчкі  размясціць  у патрэбным  месцы,  –  расказвае Людміла Іванаўна.

А  потым  прыходзіць  вясна  –  і рассада з дома перасяляецца на вуліцу. 

– Кветкі для мяне – аддушына, без  іх  не  ўяўляю  свайго  жыцця, –  разважае  Людміла  Анімуцкая. 

006.jpg


– Першымі на ўчастку зацвітаюць крокусы,  затым  надыходзіць чарга  цюльпанаў,  нарцысаў, анюціных вочкаў. Планую завесці ірысы – на жаль, на ўсё, што хочацца займець, не хапае месца.

Эстафету  падхопліваюць пятуніі,  лабэлія,  лілейнікі,  ружы, вяргіні...  –  кожнай  кветцы  свой час і догляд. 

–  Пятуніі  таксама  вырошчваю сама. Упэўнена, калі захацець, то ўсё атрымаецца. Многае, канешне,  залежыць  ад  насення,  хаця ёсць  у  мяне  і  самасейкі  –  і  яны таксама  добра  растуць  і  цвітуць. Залог добрых кветак – у першую чаргу добрая зямля і падкормка. Да таго ж увесь час  неабходна за імі  даглядаць  –  паліваць,  прышчыпваць  адцвіўшыя  кветканосы...    Кардынальную  «стрыжку» пятуній  праводжу  ў  сярэдзіне лета  –  поўнасцю  абразаю  ўсе галінкі  нават  з  кветкамі  –  сэрца шчыміць, але праз 2 тыдні на месце  зрэзаў  з’яўляюцца  новыя парасткі.  Як  вынік  пятунія  цвіце да самых марозаў, – дзеліцца вопытам Людміла Іванаўна.

Участак  Анімуцкіх  буяе  і пеларгоніямі. Яны «знайшлі» месца каля дома – пад дахам у вялікіх кашпо.

0002.jpg


–  Я  іх  вырошчвала  самастойна.  Як  падрастуць,  пачынаю фарміраваць  кусцік.  Дарэчы,  не трэба баяцца іх абразаць – у такім выпадку  з’яўляюцца  дадатковыя галінкі, і расліна аддзячыць пышным цвіценнем. Восенню пераношу гаршчкі з кветкамі ў падвал ці іншае цёмнае халаднаватае месца, дзе захоўваю да ранняй вясны.  А  потым  шляхам  падкормак зноў удаецца атрымаць прыгожы кусцік і пышнае цвіценне.

Любіць  Людміла  Іванаўна  і аксаміткі – і яны з лета да позняй восені  цешаць  сэрца  гаспадыні і  ўсіх,  хто  заходзіць  у  прыгожы двор Анімуцкіх.

–  Сёлетні  год  прыйшоўся  даспадобы  ружам.  Квітнець  яны пачалі  вельмі  рана,  дорачы кветкі нам на працягу ўсяго лета. Парадавалі  і  вяргіні  –  адна  з  іх вельмі падобна на лілею. Каб не раслі  высокімі,  парасткі  прышчыпваю,  –  дзеліцца  сакрэтамі догляду  кветкавод  з  11-гадовым  стажам.  –  Дарэчы,  толькі недасведчанаму  здаецца,  што глядзець  за  раслінамі  не  трэба: пасадзіў – і забыў. Так не атрымаецца.  Шматгадовыя  расліны, якія  выкопваюцца  восенню, таксама  патрабуюць  догляду: захоўваю іх у падвале. Неабходна  прывезці  пясок  і  прасушыць яго,  каб  перасыпаць  клубні  –  у гэтым дапамагаюць мае мужчыны.

003.jpg


Дарэчы,  за  газон  каля  дома Анімуцкіх яны і адказваюць. І ён радуе  зелянінай,  на  ім  не  знойдзеш пустазелля.

–  Газон  звычайна  косіць  сын. Часам даводзіцца выслухаць ад яго за тое, што на газоне пасаджаны ружы і хосты – іх больш за  20  відаў,  разбіты  невялікія кветкавыя  зоны.  Канешне,  гэта ўносіць  складанасць  у  працэс пакосу.  Затое  прыгожа!  –  разважае  Людміла  Іванаўна.  –  З газонам, як і з кветкамі,  таксама  даводзіцца  павазіцца:  яго  і прарыхліць  трэба,  і  пратравіць ад пустазелля, ды і паліў ён таксама любіць.

Дарэчы, ваду, на думку кветкавода,  любяць усе без выключэння расліны, таму раніца, асабліва ў  гарачыя  дзянькі,  у  Людмілы Іванаўны  пачынаецца  з  паліву раслін  і  выдалення  адцвіўшых кветканосаў.

007.jpg


–  Мне  здаецца,  што  можна  пасадзіць  любую   маладую раслінку, добра глядзець за ёй – угнойваць, паліваць – і будзе вам радасць і прыгажосць! – упэўнена аматар кветак.

Ёсць  у  Людмілы  Іванаўны  і самы любімы ў двары куток – тут яна любіць пасядзець з кубачкам кавы і памарыць…

– Адсюль адкрываецца цудоўны від  на  ўвесь  мой  кветнік,  –  паказвае  любімае  месца  Людміла Анімуцкая.  –  Побач  туі,  хосты, гартэнзія – у мяне яна трох відаў «ваніла фрайз», «сільвер долар», «грандфлора»,  далей  –  самшыты,  юкі  –  летась  яны  парадавалі мяне кветкамі. Збоку – лілейнікі. Іх у мяне больш за 40 відаў і розных  форм.  Сёлета  доўга  цвілі, а  гібрыды  парадавалі  кветкамі яшчэ і восенню.

004.jpg


І  хоць  у  кветкавым  царстве Людмілы Анімуцкай усё пачыналася  з  ружаў,  і  яна  нават  уявіць не магла, што побач з імі могуць з’явіцца іншыя віды, з часам кветак стала больш.

– Спачатку мне хацелася проста  купіць  кветачку,  якой  у  мяне няма, потым стала набываць розныя іх сарты. У кожнай ёсць нейкая адмецінка, якая прываблівае і заварожвае, – хочаш-не хочаш, а купіш, – расказвае Людміла.

І праўда, галоўнае – захацець бачыць і мець вакол сябе прыгажосць, любіць кветкі і аддаваць ім  кожную  вольную  хвілінку. І  ўсё  атрымаецца.  Так  было  і  ў Людмілы  Анімуцкай.  З  адной ружы з часам каля дома разляглося  сапраўднае  царства  кветак.


Бліц-апытанне

– Што выберыце ў падарунак: букет ружаў ці расліну, якую потым можна будзе пасадзіць у кветніку?

– Я люблю букеты з ружаў, але не адмоўлюся ад любых кветак.   А  тыя,  што  затым  можна  будзе  пасадзіць  у  кветніку,  прыму  з  вялікім задавальненнем.

008.jpg


– Хатнія ці вулічныя кветкі?

–  Канешне,  вулічныя.  Хатніх  кветак  у  мяне  няшмат.  Але  ёсць шыфлера, якую мне падарылі гадоў 20 назад. Тады мы яшчэ жылі ў Альхоўцы. Прычым яна любіць расці ў адным і тым жа месцы. 

– Аднагадовыя ці шматгадовыя расліны? 

– Пачыналася ўсё з адных ружаў. Пасля з’явіўся газон, лілейнікі… аднагадовыя  кветкі  –  я  іх  вельмі  люблю,  хаця  з  імі  шмат клопатаў.

– Ці лёгка быць валадаркай такога кветкавага царства? 

009.jpg


– Прыгожыя кветкі, дэкаратыўныя і садовыя дрэвы і кусты, лаўкі  для  адпачынку  –  для  ўсяго  гэтага  трэба  не  толькі  жаданне  і імкненне, але і падтрымка блізкіх. Ды і фінансавы бок адыгрывае немалую ролю. Аднак усё гэта дорыць радасць, пазітыў і прыгажосць. 

Парады ад Людмілы Анімуцкай:

– Раніца кветкавода павінна пачынацца з паліву – за дзень, асабліва ў гарачае надвор’е, глеба перасыхае – і кветка патрабуе вільгаці.

– Кветканосы, якія адцвілі, абавязкова трэба выдаляць – тады расліна парадуе больш пышным цвіценнем.

– Усяму жывому трэба корм. Гэтак жа і расліне – яе неабходна ўгнойваць.

– Калі расліне не падабаецца ў тым ці іншым месцы, яе абавязкова трэба перасадзіць. Затое, калі знойдзеш патрэбнае месца, яна парадуе цябе кветкамі.





Текст:
Фото: Елена Ярошевич