Гонар Астравецкага раёна і саўгаса «Падольскі» – галоўны эканаміст Валянціна Русенчык

08:03 / 17.10.2020
292
Паспяховасць і ўвогуле жыццядзейнасць усяго сельскагаспадарчага прадпрыемства ў многім залежыць ад эканамістаў: спрагназаваць работу гаспадаркі, выявіць хібы, падлічыць намалочаныя тоны збожжа і надоенага малака і зрабіць прагноз на будучы год… Гэта і многае іншае на «выдатна» робіць галоўны эканаміст РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» Валянціна Русенчык – партрэт жанчыны сёлета занесены на раённую Дошку гонару.  З гэтай нагоды мы сустрэліся са спецыялістам, каб пагутарыць пра работу і не толькі.

3.jpg


Перш чым распытаць у Валянціны Уладзіславаўны пра шлях у сельскую гаспадарку, пацікавілася, што яна адчула, калі даведалася, што трапіла на Дошку гонару Астравецкага раёна.

– Пра тое, што некалі буду ў ліку лепшых працаўнікоў нашага краю, нават і падумаць не магла, – прызнаецца жанчына. – Спіс занесеных на Дошку гонару работнікаў надрукавалі напярэдадні Першамая ў «Астравецкай праўдзе» – там было і маё прозвішча. Знаёмыя, калегі і аднавяскоўцы віншавалі, а мне было неяк няёмка… Заўсёды думала, што туды трапляюць самыя лепшыя, а тут з’явіўся і мой партрэт – мне здаецца, што нічога асаблівага я не зрабіла. Удзячна кіраўніцтву саўгаса і калектыву за аказаны давер і прызнанне маёй работы.  

Пра дзяцінства

– Я з простай вясковай сям’і. Мама родам з хутара непадалёк ад вёскі Літвяны, тата з Савішак. Ведаю, што матчыны  бацькі пераехалі сюды з Літвы яшчэ за савецкім часам і набылі ладны кавалак зямлі: пры калектывізацыі яны ўступілі ў калгас. Дзед працаваў кавалём, бабуля, як і большасць тагачасных жанчын, хадзіла на палявыя работы, пазней даіла кароў на мясцовай ферме. 

Жыццё ў маіх бацькоў не склалася – мама вярнулася на радзіму, на Астравеччыну, у другі раз выйшла замуж. Айчым, светлая яму памяць, і яго родзічы для мяне блізкія людзі. 

Я вучылася ў Кямелішкаўскай школе, пры гэтым усе прадметы ў нас выкладаліся на рускай мове… Раней было шмат моладзі і дзяцей – класы былі вялікімі, не тое што зараз. 

Пра прафесію

– Мне складана ўспомніць, кім я хацела стаць. Гэта цяпер дзеці мараць пра прэстыжныя прафесіі, у мой час хлопцы з большага хацелі пайсці ў шафёры, а дзяўчаты марылі быць настаўніцамі. 

Мае бацькі працавалі ў сельскай гаспадарцы – на той час калгаснікі добра жылі і зараблялі, а вёска квітнела. Ад дабра даб­ра не шукаюць – без праблем паступіла ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (Горыцкую) на факультэт «Эканамічны ўлік і арганізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці». 

Застацца ў горадзе ніколі не хацела. Часта на канікулах гасціла ў родзічаў у Вільнюсе: пасля некалькіх дзён, праведзеных у кватэры, хоць мы гулялі па горадзе і на вуліцы бавілі вольны час, адчувала сябе бы запёртай у чатырох сценах. Вёска – гэта свабода, там лягчэй дыхаецца і думаецца.

Пасля заканчэння акадэміі, да радасці, мяне размеркавалі на Астравеччыну –  у страчскі калгас, калі не памыляюся з назвай, «Савецкая Беларусь». Чатыры гады там адпрацавала эканамістам па працы і заработнай плаце, а потым вярнулася на радзіму. У саўгасе «Кямелішкі» была бухгалтарам, потым галоўным бухгалтарам… Пасля аб’яднання з Падольцамі з 2009 года працую ў саўгасе галоўным эканамістам. 

За гэты час шмат чаго змянілася. Памятаю будаўніцтва першага ў нашай гаспадарцы малочна-таварнага комплекса ў Рытані. З яго ўвядзеннем у лепшы бок змяніліся і валавая вытворчасць, і якасць малака – упершыню на перапрацоўчыя прадпрыемствы сталі адпраўляць яго гатункам «экстра». Галоўнае – людзі сталі працаваць у камфортных умовах.

Праўда, у сельскай гаспадарцы, асабліва гэта тычыцца раслінаводства, год на год не прыходзіцца. Хоць кажуць, дарма на надвор’е наракаеце, але нікуды ад яго не дзенешся. Хоць касцьмі ляж, але не ўсё ад чалавека залежыць. Засушлівыя вясна і пачатак лета 2016–2017-ых гадоў асабліва даліся ў знакі. Сёлетні год ураджайны – намалацілі каля 8 500 тысяч тон збожжа, у мінулым – толькі за 4 700. А памятаю гады, калі мелі і па 12 тысяч тон…

Пра вольны час

– Кветкамі не захапляюся: побач з домам і матулінай сядзібай растуць самыя звычайныя вяргінні, астры і гладыёлусы. Калі можна назваць хоббі пазнаваць нешта новае – то гэта пра мяне. 

Люблю чытаць, асабліва пра культуру і звычаі іншых народаў і краін. У апошні час захапілася французскім Правансам. Хацела б убачыць знакамітыя архітэктурныя работы Гаўдзі ў Барселоне, але гэта пакуль застаецца марай. То фінансаў не стае, ды і выпраўляцца адной у падарожжа боязна – хоць разумею, што гэта ўсё адгаворкі. Хто ведае, мажліва некалі мара стане явай…


Бліц-апытанне

– Кім вы працавалі б, калі не галоўным эканамістам?

– Напэўна, выбрала б сферу паслуг. Мне падабаюцца стасункі з людзьмі, хоць у кожнага, вядома, свой характар, настрой, жыццёвыя акалічнасці. Мне блізкі па духу гасцінічны бізнес – у гэтай галіне, дарэчы, працуе пляменніца.

– Без чаго вы не ўяўляеце свайго дня і жыцця ўвогуле?

– Мой ранак пачынаецца з кубачка кавы: люблю спакойна, у цішы спланаваць наперад дзень. На рабоце, думаю, не толькі для мяне, але і для кожнага чалавека, не апошнюю ролю іграе атмасфера. Калі калектыў дружны і згуртаваны, тады і працаваць у ахвоту.

– Якую кнігу параілі б прачытаць кожнаму?

– Такой няма. Заўважаю па сабе, што ў розным узросце падабаюцца розныя жанры і аўтары. Калісьці любіла фантастыку, пазней –  дэтэктывы, асабліва Агату Крысці. Цяпер мне бліжэй публіцыстыка, а не мастацкая літаратура. Хемінгуэя, напрыклад, магу перачытваць не раз.

– Уявіце, што толькі ад вас залежыць развіццё аграпрамысловага комплексу краіны ўвогуле і вашага саўгаса ў прыватнасці. Што вы змянілі і зрабілі б у першую чаргу у сельскай гаспадарцы?

– Пра такія маштабныя рэчы я магу разважаць толькі з пазіцыі звычайнага вясковага чалавека. 

У савецкія часы была папулярная практыка дэкампенсацыі: больш паспяховыя галіны выцягвалі адстаючыя. Разумею, што той метад састарэў і не актуальны для сучасных рэаліяў, тым больш што ў Беларусі няма тых жа газу і нафты, але ў нас ёсць зямля – наша галоўнае багацце, таму развіццё сельскай гаспадаркі, на маю думку, па-ранейшаму застаецца адным з асноўных накірункаў у эканоміцы краіны.

Хочацца, каб статус работніка сельскай гаспадаркі быў больш высокім, каб працаўнікоў ферм і палёў цанілі: усё ж такі вёска горад корміць…. 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений