Куды знік камень-следавік ад Вялікай Вёскі?

13:47 / 14.10.2020

Пісьмо, што прыйшло ў рэдакцыю ад чалавека з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, гаспадара аграэкасядзібы «Хутар Камарышкі» Аляксандра Дарашэвіча, шакіравала. Па словах аўтара, ад Вялікай Вёскі знік вядомы камень-следавік – адна з адметнасцяў нашага раёна, хоць і не вельмі папулярная з-за сваёй аддаленасці.

Куды ён знік? Першая думка, якая ўзнікае ў падобным выпадку: укралі! Але хто? І як? Каб выцягнуць з зямлі і транспарціраваць шматтонны валун, патрэбна спецыяльная тэхніка. Ды і знаходзіўся камень у пагранічнай зоне, куды і па грыбы не з’ездзіш без спецыяльнага дазволу, – а тут цэлая спецаперацыя!

Мы папрасілі вядомага спондаўскага краязнаўцу Іаланту Валуевіч расказаць пра гэты камень – і, па магчымасці, разабрацца «на месцы», куды ж падзявалася мясцовая славутасць?

Чытайце – усё даведаецеся самі!

Ніна АЛЯКСЕЕВА

Святое – да святога

Пра мясцовы камень-следавік я даведалася напачатку 2000-х. Вучань Спондаўскай школы Сяргей Караткевіч, адзін з удзельнікаў краязнаўчага аб’яднання «Бацькаўшчына», якое дзейнічала пры сельскай бібліятэцы, расказаў, што непадалёк Клюшчан, за Вялікай Вёскай, знаходзіцца вялізны камень з адбіткам нагі. Мы зацікавіліся – і, «асядлаўшы» веласіпеды, рушылі ў дарогу: хацелася на свае вочы ўбачыць гэты цуд. Сяргей правёў нас па сцяжынцы, якая праз поле і роў вяла на ўскраек лесу, дзе ляжаў камень.

01.jpg

Не буду крывіць душой: выбіралася ў гэтую вандроўку ў досыць скептычным настроі: ну што можа быць на маёй Спондаўшчыне такога, што я не ведаю? Але скептыцызм знік, калі ўбачыла вялізны валун, расчэрчаны рознымі знакамі, з паглыбленнем пасярэдзіне, якое моцна нагадвала след чалавечай нагі – нават вялікі палец угадваўся. Усе сталі разувацца, каб прымерыцца да следу. Не ўтрымалася і я – і так утульна было маёй назе ў гэтай нішы, што, калі б не чарга ахвочых заняць маё месца, мусіць, стаяла б доўга… І хоць след быў невялікі, усе, які б памер нагі ні мелі, казалі, што адчувалі сябе ўтульна і абаронена.

Пазней запісала ад мясцовых жыхароў паданне пра тое, як Маці Божая ў свой блаславёны месяц май сыходзіць з нябёсаў. Некалі ішла Яна па зямлі – а людзі і птушкі спявалі, ўслаўляючы Яе; палі і гаі апраналіся ў самыя прыгожыя ўборы, каб сустрэць Яе, духмяная чаромха і бэз упляталі кветкі ў Яе косы. Праходзячы міма Вялікай Вёскі, Багародзіца залюбавалася гэткай прыгажосцю і стала на камень, каб далей было відаць і чуваць – заслухалася, затрымалася, бо з вёскі даносіліся такія цудоўныя спевы, нібы гэта не людзі, а самі анёлы славілі Багародзіцу і Яе Сына. Усяго некалькі хвілін стаяла на адным месцы Найсвяцейшая Панна – а адбітак Яе нагі застаўся на камені назаўжды.

Старажылы расказвалі, што жыхары Вялікай Вёскі і наваколля наведваліся сюды ў каляндарныя святы, а ў маі прыносілі кветкі, спявалі святыя песні. Хто хацеў паправіць здароўе або пазбавіцца ад бедаў, прыходзілі да каменя з просьбамі. Але ў часы ваяўнічага атэізму пра следавік забыліся.

Напачатку 2000-х чуткі пра святы камень разышліся далёка за межы раёна, да яго сталі прыязджаць здалёк. Не раз прыводзіла сюды экскурсіі і я. Хоць дайсці да каменя было няпроста: спачатку трэба пераадолець глыбокі, парослы высокай крапівой роў, далей прайсці па полі, перарэзаным лесавозамі вялізнымі каляінамі, потым па камянях перабрацца на другі бок ручая – а адтуль ужо да запаветнага ўскрайку лесу недалёка…

Аднойчы прыслалі за мной машыну турысты, сярод якіх былі і замежныя госці. Напачатку яны саманадзейна спрабавалі самі адшукаць дарогу да следавіка, а потым зразумелі, што задача гэтая ім не па сілах, і паслалі за правадніком. Калі мы з пляменніцай прыехалі на месца, то ўбачылі толькі рознакаляровыя панамы, якія, нібы дзівосныя грыбы, вытыркаліся з высокай травы. З цяжкасцю сабрала іх у гурт і давяла да каменя. У яго выемках ляжалі еўра, літы, злотыя, пфенінгі і іншыя дробныя грошы. Нехта расказваў сябрам, што знаёмая, наведаўшы камень, зацяжарыла. Хто верыў, хто пасмейваўся, але да следу прылажыліся ўсе…

Калі вярталіся назад тым жа цярністым шляхам, заспрачаліся з пляменніцай, ці варта было б перавезці следавік у больш даступнае для людзей месца. Я казала, што каменю гэтаму варта было б ляжаць каля касцёла, дзе людзі маглі б часцей яго наведваць. А пляменніца пярэчыла, што святыя камяні могуць выконваць сваю ролю толькі там, куды іх палажыў сам Бог. І ў тым, што прабірацца да каменя трэба з такімі цяжкасцямі, ёсць свая «фішка»: каб нешта атрымаць, трэба пастарацца, бо што лёгка даецца – мала цэніцца.

Тым не менш, былі спробы «прыхватызаваць» наш святы камень. Аднойчы вяскоўцы ўбачылі, што следавік абкапаны з усіх бакоў, відаліся сляды трактара. Але, мусіць, магутнасці тэхнікі не хапіла, каб зрушыць з месца такую махіну. Ці сам камень не хацеў ісці ў сквапныя рукі? Мужчына, які быццам бы намагаўся забраць камень, нядоўга затрымаўся на гэтым свеце. Хто ведае, супадзенне гэта, заканамернасць ці кара нябесная?

23.jpg

Пасля гэтага вяскоўцы Іван Каванскі і Напалеон Пілімон зрабілі вакол каменя прыгожую і надзейную агароджу, каб дзікія і хатнія жывёлы не падыходзілі блізка, не ганьбілі сакральнае месца.

У апошнія гады да прыродных цяжкасцей, з якімі непазбежна сутыкаліся жадаючыя дакрануцца да следавіка, дабавілася яшчэ адна сур’езная перашкода: ён апынуўся ў памежнай зоне. Ды і Вялікая Вёска пусцее год ад году. Трэба быць рэалістамі: не за гарамі той час, калі святы камень асірацее, застанецца замшэлым і забытым у здзічэлым полі…

Вярнуць святое да святога вырашыў ксёндз Казімір Ляховіч, пробашч Быстрыцкага касцёла. Яму пра следавік расказалі спондаўскія жыхары – два гады, з 2010 па 2012, ксёндз Казімір адпраўляў службу ў Клюшчанскім касцёле. А сёлета ўзнікла неабходнасць рэканструяваць Святаянскую крынічку – пачысціць рэчышча, якое ў гады атэізму завалілі камянямі, засыпалі гравіем, вызваліць ад хмызняку навакольную тэрыторыю. Распачаўшы работы па добраўпарадкаванні, каля крынічкі выкапалі вялікі камень, на якім таксама заўважны след: па паданні, яго пакінуў блажэнны цудатворца Міхал Гедройц, які паходзіў з Быстрыцы і жыў у 15-16 стагоддзях.

Тады і ўспомніў святар пра следавік каля Вялікай Вёскі. Параіўшыся са старшынёй касцельнага камітэта і парафіянамі, ксёндз Казімір Ляховіч 11 кастрычніка адслужыў святую імшу ў Клюшчанскім касцёле, памаліўся і падзякаваў парафіянам, іх бацькам, дзядам-прадзедам, якія шанавалі і збераглі да нашых дзён святы камень – і перавёз следавік ад Вялікай Вёскі да Быстрыцкай крынічкі.

Цяпер разам з яшчэ двума размешчанымі побач святымі камянямі ён, трэба спадзявацца, будзе ўмацоўваць у людзях веру і дараваць здароўе. І кожны, хто захоча, зможа не проста ўбачыць гэты цуд, а і дакрануцца да яго.

Іаланта ВАЛУЕВІЧ

Текст: Главный администратор