Дети о мамах

10:16 / 14.10.2020
Выхаванцы дзіцячых садкоў расказалі карэспандэнту «раёнкі» пра самых дарагіх, любімых, ласкавых і клапатлівых людзей у сваім жыцці – матуляў. І нават намалявалі іх партрэты – трэба ж, каб усе ведалі, пра каго ідзе размова.

Паліна Янкойць, Спондаўскі НПК:  

Uw41kxL5sVg.jpg



– Мая мама сапраўд­ная рукадзельніца – яна ўмее рабіць са стужак, пацерак і бліс­ка­вак прыгожыя бан­цікі, гумкі і заколкі! Мне падабаюцца ўсе ўпрыгажэнні, якія яна прыдумвае, але найбольш – складзеныя ў форме марожанкі. 

Усё, што  для гэтага трэба, мама купляе – часта ездзіць у магазін у Камарова. А потым складае ў скрыначкі – там столькі ўсяго! І мне можна гэта ўсё кратаць! 

Ідэі мама прыдумвае сама (часам і я ёй падказваю!), а потым уручную шые ці прыклейвае – у яе ёсць спецыяльны пісталет. І я вучуся рабіць такія прыгожасці, у мяне ўжо ружачка атрымліваецца! 

hPqgrfdVWSA.jpg

Мама  Наташа




Я вырашыла: калі вырасту, буду таксама шыць – толькі не банцікі і гумкі, а гальштукі!

Агнія Бразевіч, Варонскі НПК: 

Агнія.jpg



– Мама працуе ў магазіне ў Варнянах. Яна прадае фарбу, шпалеры, вёдры, малаткі – усялякія патрэбныя для рамонту рэчы. 

Люблю, калі мама бярэ мяне да сябе на работу: яна дазваляе пакратаць (толькі акуратна!) тое, што стаіць на паліцах, часам нават вёдры можна дапамагчы ёй скласці. 

У магазін часцей прыходзяць цёці. А калі нікога няма, каб мама не засумавала, я расказваю ёй пра дзіцячы садок, сваіх сяброў. 

Прадавец – гэта цікавая работа, але я, калі вырасту, хачу стаць доктарам і лячыць маленькіх дзяцей. Я нават кроў з пальца здаваць не баюся!

Дзіма Рабіза, яслі-сад №5 г. Астраўца: 

IMG_4500.jpg



– Маю маму завуць Аля. Яна гаспадыня – галоўная па дому: пыласосіць, прыбірае, мые посуд, падлогу, вокны, сочыць за чысцінёй, гатуе ежу…  Я дапамагаю, але калі работа складаная, то лепш маме не перашкаджаць – я так, як яна,  яшчэ не магу зрабіць. 

Мама на работу не ходзіць, бо займаецца нашай Ксюшай – ёй ноль годзікаў.  У мяне ёсць яшчэ адна сястрычка – Каця, ёй 3,5 гадкі хутка будзе, яна, як і я, ходзіць у дзіцячы садок. Каб мама паспала даўжэй, тата гатуе нам сняданак. 

Калі сястрычкі падрастуць, яны таксама стануць гаспадынямі, але мама будзе ўсё роўна самай галоўнай. А мы з татам будзем зарабляць грошы, каб купляць ім уборы, смачняшкі, ну і сабе таксама. (Усміхаецца.)

Аліна Садоўская, Мальскі яслі-сад: 

Аліна.jpg



– Акрамя таты, нас у мамы пакуль трое: я, Рома – ён ходзіць у сярэднюю групу (дзіцячага садка. – Заўв. аўт.) і Вадзім – вучыцца ў 3-м класе. 

Мама на работу не ходзіць, бо хутка ў нас з’явіцца сястрычка Сафія. Гэта я такое імя прыдумала! А Рома ёй аддасць сваю каляску, яна пакуль у альтанцы стаіць. 

Мая мама ўмее ўсё: і за намі глядзець, і ў хаце прыбіраць, і гатаваць – найсмачней у яе атрымліваюцца цэпеліны! Яна дапамагае нам з братам Ромам рабіць падзелкі ўсялякія ў дзіцячы садок: мы прыдумваем – а яна робіць… Калі народзіцца сястрычка, мне давядзецца ўжо дапамагаць маме:  чай для таты і брацікаў заварваць. (Сур’ёзна.) А Сафію будуць Рома з Вадзімам глядзець.

Без имени-1.jpg



Калі вырасту, хачу быць падобнай да мамы: насіць такую ж прычоску, як яна.

Рома Давідовіч, Падольскі НПК: 

IMG_4777.jpg



– У маім двары шмат кветак – іх садзіць мама. Яе завуць Лена. Мы маем два агароды і адзін квятарнік (кветнік. – Заўв. аўт.) – там, напрыклад, ружы растуць. А яшчэ ў ім стаяць невялікія ліхтарыкі, яны свецяць кветкам ноччу, каб ім было весялей, толькі не грэюць, як сапраўднае сонца. 

Мама галоўная за кветкі – гэта ж яна іх садзіла! А Мірэк (брат) дапамагае іх паліваць. Яшчэ, каб яны былі прыгожыя, іх трэба расціць і траву палоць. (Задумваецца.) А вось дзе мама бярэ кветкі? Думаю, нехта выкапвае дзіркі і садзіць у іх… Дык так жа мама робіць! (Недаўменна.) Не ведаю тады, адкуль яны! Адно мне не падабаецца, што на квятарнік прылятаюць пчолы – мёд збіраць. Толькі вось вулляў у нас няма – шкада! Пчала можа ўджаліць, але я не баюся, бо ведаю, што ёй трэба сказаць «соль-вада» – і яна адлятае. Гэта мяне мама так навучыла!

У хаце ў нас таксама шмат кветак ёсць – у гаршчках. Кактусаў няма, бо мама іх не любіць: яны калючыя і іх нельга з-за гэтага пакратаць. А самыя любімыя маміны кветкі стаяць у пакоі, дзе камп’ютар.
Галоўны памочнік па дому ў мамы мой брат Ярык – ён дапамагае сачыць за парадкам. Калі я вырасту, таксама буду дапамагаць, толькі не ведаю, як.

Маргарыта Качкан, Рытанскі НПК: 

IMG_4781.jpg



– У мяне мама Зоя. Яна ўмее вадзіць машыну. Калі мама збіраецца куды-небудзь ехаць, надзявае штаны,  у спадніцы – нязручна, і каблукі пераабувае.

Я шмат куды езджу з мамай: у магазіны ў Мінск, Смаргонь, на Нарачы (возера Нарач. – Заўв. аўт.), на рэчку…  А вось у рэстаран толькі тату ўзяла! 

За машынай сочыць тата: ён яе рамантуе і мые! А мама, калі ёй трэба ехаць, пытае ў яго дазволу: ці можна, Паша, машыну ўзяць? Ён заўсёды кажа, што можна. А вось на работу маму падвозіць тата – да Вароны, а там яна садзіцца ў чырвоны аўтобус і едзе працаваць пагранічнікам! Яна правярае машыны, каб у іх не было зброі, бомбаў; людзей прапускае, а калі затойвальнік (парушальнік. – Заўв. аўт.) – тады не пусціць.

У нас белая машына, а калі я вырасту, у мяне будзе залатая і абавязкова – вялікая! Я буду на ёй вазіць бацькоў і хросных – Карыну і Юру. Неяк Юра прасіў, каб мама завезла ў бальніцу яго дачушку,  – вазіла.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст:
Фото: Рита Дремо и Марина Бурак