У Клюшчанах і Баранях адзначылі 130-годдзе Казіміра Сваяка

14:13 / 06.10.2020

Напэўна, раз у стагоддзе ў гэты свет прыходзяць людзі, якія справамі, думкамі і памкненнямі змяняюць яго да лепшага. З такіх – наш зямляк, паэт і святар Казімір Сваяк. Сёлетні год – юбілейны: 130 гадоў назад у лютым у невялікай вёсачцы Барані на свет з’явіўся Канстанцін Стэповіч.

З лёгкай рукі яго сваячкі і краязнаўцы Іаланты Валуевіч і ксяндза Анатоля Захарэўскага на Астравеччыне прайшла сваякоўская сустрэча людзей з розных куточкаў Беларусі, якія памятаюць і любяць Казіміра Сваяка.

Дата імпрэзы некалькі разоў пераносілася, у апошні момант тыя, хто павінен быў прысутнічаць на сустрэчы, адмаўляліся – але Казімір Сваяк сабраў у Клюшчанах самых адданых сваіх паслядоўнікаў. Тым больш на гэты год прыпадаюць ажно тры знакавыя падзеі з жыцця паэта-святара: 105-годдзе святарскага пасвячэння, прэміцыі ў Клюшчанскім касцёле, пачатку служэння ў Камаях і 100 гадоў з пачатку працы ў Засвірскай парафіі.

На жаль, тры гады назад у Клюшчанах дашчэнту згарэў касцёл Святога Яўхіма, але памяць людская жывая. Намаганнямі невялічкай парафіі і святара Анатоля Захарэўскага былая плябанія пасля капітальнага рамонту гасцін на адчыніла дзверы перад вернікамі – цяпер тут, у светлым памяшканні штонядзелю праходзяць імшы.

3.jpg


Па традыцыі імпрэза ў гонар Казіміра Сваяка пачалася з богаслужэння на беларускай мове. Пасля імшы вяскоўцы і жыхары навакольных вёсак засталіся ў каплічцы, каб паслухаць гасцей. Здавалася б, столькі сказана і напісана пра Канстанціна Стэповіча, што і дадаць больш няма чаго. Але што ні год – то з’яўляюцца адкрыцці, становяцца вядомымі новыя факты.

4.jpg


– Прыемнай нечаканасцю стала для мяне вестка ад Юрыя Внуковіча, які ў архівах адшукаў верш студэнткі з Жодзішак на смерць Казіміра Сваяка, – расказала Іаланта Францаўна. – Раённая газета падтрымала маю ідэю аб правядзенні конкурса твораў да 130-годдзя Казіміра Сваяка. Веру, што гэты верш і плён творчасці іншых людзей знойдуць месца на старонках «Астравецкай праўды». На жаль, сёння няма тут шанавальніцы творчасці Сваяка Святланы Буланавай, але яна даслала свой верш.

Пранікнёна, моцна і шчыра выступіў лідар гурта «Балцкі субстрат» Максім Іўкін. Песня аб Святым Язафаце на словы Казіміра Сваяка і кранальныя радкі з малітвы айца Льва Гарошкі даляталі да кожнага сэрца і знаходзілі ў ім водгук.

10.jpg


Ніводная сваякоўская імпрэза на Астравеччыне не абыходзіцца без вернікаў з Камаяў.

– Першая сустрэча нашых двух парафій адбылася ў 2006-м. З той пары па ініцыятыве ксяндза Яцэка Хутмана мы сустракаемся два разы на год: у лютым, калі нарадзіўся Сваяк, – у Камаяк, у маі, у месяц яго спачыну, – у Клюшчанах, – сказала заўсёдніца сваякоўскіх сустрэч Генуэфа Дубіловіч. – Увогуле Канстанцін Стэповіч быў двойчы пацалаваным Богам – як святар і як паэт.

Лірычнае выступленне зямлячкі падхапіла спеўная група «Маці ў малітве».

Слова ад варнянцаў трымала Людміла Кухарэвіч – яна, дарэчы, як многія з прысутных, стаяла ля вытокаў зараджэння сваякоўскіх сустрэч. Да слова, па ініцыятыве жанчыны ў Варнянах нядаўна таксама ўспаміналі святара. Людміла Іванаўна прачытала адзін з псалмаў Канстанціна Стэповіча і акапэльна выканала ўласную песню, узгадаўшы яшчэ аднаго слаўнага сына гэтых зямель – Янку Быліну: «…тут Быліна спяваў, шчасце доўга шукаў. І Айчыне Сваяк сэрцам вершы складаў…».

8.jpg

Галіна Паўлава – унучка актыўнага ўдзельніка знакамітага «Хаўруса сваякоў» Юзука Лаўрыновіча – пранікнёна прачытала верш пра святароў і ўзгадала свайго дзядулю.

…«Вёсачка Барані», «Дробна драбніца» – па традыцыі ў гэты дзень гучалі гэтыя і іншыя песні.

Потым усе выправіліся ў Барані ў дом-музей братоў Стэповічаў, каб прайсціся сцежкамі, па якіх ступалі босыя ножкі маленькага Кастуся, падыхаць жыватворным паветрам – яго так не хапала Сваяку, які памёр ад сухотаў. Хоць Бог ямуксяндзу адмераў на гэтай зямлі ўсяго 35 гадоў, ён зрабіў столькі, колькі некаторыя не паспяваюць за ўсё жыццё. І цешыцца душа, радуецца сэрца, што справа Казіміра Сваяка жыве, дзякуючы яго нястомным самаадданым шанавальнікам: святарам Яцэку Хутману і Анатолю Захарэўскаму, светлай памяці Яську Драўніцкаму, Іаланце Валуевіч, Максіму Іўкіну і многім іншым…





Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Татьяна Кучевская