Мая мама – настаўнік! І я таксама!

17:19 / 03.10.2020
Ці лёгка дзецям, калі маці ці бацька працуюць у школе? Няўжо ім даводзіцца ўсе 11 гадоў старанна вучыцца і прыкладна сябе паводзіць? І чаму дзеці настаўнікаў часам таксама выбіраюць гэтую ж прафесію? Пра гэта расказалі маці – настаўнік беларускай мовы і літаратуры Гудагайскай сярэдняй школы Ірына Жалток – і яе дачка – настаўнік англійскай мовы СШ №3 Ілона Міцкевіч.

– Чаму вы сталі настаўнікамі?

Ірына Жалток: Па-першае, я старэйшая ў сям’і – і мне давялося быць «настаўніцай» для сёстраў. Бацькі ўвесь час былі заняты працай, і я забірала дзяўчатак з садка, а потым, калі яны пайшлі ў школу, дапамагала ім выконваць дамашняе заданне,  правярала яго. Па-другое, я, як і многія дзяўчынкі, гуляла «ў школу» з лялькамі – у іх былі сшыткі, дзённікі, а ў мяне – журнал, дзе я выстаўляла адзнакі. 

У выбары прафесіі важную ролю адыграла Тэрэса Пятроўна Грыневіч, якая працавала ў сістэме адукацыі, – яна прапанавала мне паступіць у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Я паспрабавала. Зоркі сышліся… – як вынік, ужо 25 гадоў у школе. 

І сёння  не ўяўляю сябе ў іншай прафесіі. Канешне, я не спрабавала – хаця прапановы былі, – але мне і  не хочацца. 

1.jpg



Ілона Міцкевіч: Напэўна, пра­фе­сія перадалася мне на генным узроўні. Я са школьных гадоў была актывісткай, лідарам. Заўсёды хацелася кагосьці навучыць, накіраваць, штосьці арга­нізаваць… Гэта з часам стала звычкай. Хаця да 11 класа не ве­дала, кім жа мне стаць і што выбраць. Я спявала, танцавала, і грала на музычных інструментах – і многія былі ўпэўнены, што звяжу жыццё са сферай культуры. Але я заўсёды ведала, што для мяне гэта толькі хобі. Прафесія ж па­вінна быць сур’ёзнай і адказнай! 

У 11 класе на настаўніцкае свя­та ў школе быў дзень сама­кі­равання – мы праводзілі ўрокі. Я вяла рускую мову і літаратуру. Хаця на той час ужо сур’ёзна зай­малася вывучэннем англійскай, – аднак упэўненасці, што магу вучыць дзяцей гэтаму, не было. Урокі прайшлі добра, а напрыканцы школьнікі сказалі, што з мяне атрымаўся б добры настаўнік. Я задумалася і выра­шы­ла паступаць у Беларускі дзяр­жаўны ўніверсітэт на спецыяль­насць «фі­лолаг, выкладчык англійскай і італьян­скай мовы, перакладчык».

2.jpg



– Успомніце сваё «баявое хрышчэнне».

Ірына Жалток: Яго, напэўна, не было. Я ўладкавалася ў школу, а на наступны дзень пай­ш­ла ў дэкрэтны адпачынак. Таму ўражанняў ад першага працоўнага дня не засталося. 

Праз два гады выйшла на працу. Мне далі два пятыя класы. Дзеці былі шустрыя, актыўныя – і я адказна рыхтавалася да ўрокаў. Мне заўсёды хацелася стаць для іх аўтарытэтам. Здаецца, усё так і атрымалася. З першымі маімі пяцікласнікамі – потым я стала іх класным кіраўніком – падтрымліваем стасункі і цяпер, нам ёсць пра што пагаварыць.

Ілона Міцкевіч: У школе я працую толькі з мінулага года. Канешне, было хваляванне. Асабліва складана было рыхтавацца да першых урокаў –  хацелася зацікавіць дзяцей. Практыка ў нас, канешне, была, але гэта ж зусім іншае.

Напэўна, хутка ўліцца ў рабочы працэс дапамагло тое, што мне далі больш гадзін англійскай мовы, чым належыць на стаўку, і класнае кіраўніцтва. Цяпер мае вучні ўжо ў 9 класе – а гэта мноства мерапрыемстваў, накіраваных на стварэнне калектыву, бо ў класе вучацца дзеці з розных гарадоў і нават краін.

Сёння магу сказаць, што мне пашанцавала з дзецьмі, іх баць­камі і калегамі – не было такіх пытанняў, у вырашэнні якіх мы не знайшлі кампраміс. 

– Ці часта звяртаецеся за дапамогай адзін да аднаго?

Ірына Жалток:  Калі гаварыць пра школьную пару, то мае дзеці ўсе хатнія заданні рабілі самастойна, я амаль ніколі не правярала правільнасць іх выканання. На ўроках, калі абмяркоўвалі той ці іншы твор, у нас, канешне, была палеміка. А ў пазакласнай рабоце Ілона і Саша былі маімі першымі памочнікамі. Саша і сёння, ужо з’яўляючыся студэнтам, часам прапануе дапамагчы правесці, напрыклад, ты­дзень беларускай мовы.

Ілона таксама заўсёды дапамагала мне ў арганізацыі мера­прыемстваў, але калі гэта датычылася кон­курсаў, у якіх  вызначаўся пера­можца, удзель­ні­чаць у іх адмаў­ля­­лася. Затое яна ахвотна выступала на сцэ­не, спявала, танцавала. 

Хаця, напэўна, у большасці настаўнікаў такія актыўныя дзеці. 

Ілона Міцкевіч: Калі вучылася ў школе, з павагай ставілася да ўсіх настаўнікаў, у тым ліку і да мамы. Магчыма, крыху пабойвалася яе, мне не хацелася яе турбаваць – і большасць праб­лем старалася вырашаць сама. Праўда, потым мама заглядвала ў журнал – і даведвалася пра мае «поспехі».

Цяпер маміна патрымка, як настаўніка і калегі, мне патрэбна  нават больш, чым раней.

– Выкладаць школьныя прадметы свайму дзіцяці складана? І наадварот – вучыцца ў школе, дзе працуе твая маці, лёгка?

Ірына Жалток: Я вучыла і дачку, і сына. У Сашы, дарэчы, была яшчэ і класным кіраўніком. Спачатку было вельмі складана. Ты мама, але не маеш права патураць сваім дзецям. Так што за любую правіннасць у класе мае сын і дачка атрымлівалі першымі – нават калі не былі вінаватымі.

Калі трэба было пахваліць, – напрыклад, Саша заўсёды выразна расказваў вершы – выставіць яму адзнаку мне дапамагалі вучні. Увогуле ў дачыненні да ўласных дзяцей я была скупая на пахвалу. Дарэчы, для сына і дома, і ў школе я была Ірынай Мікалаеўнай. З дачкой больш складана – яна  называла мяне толькі на вы – у школе, дома, зразумела, я заставалася мамай. Ад Ілоны я часта выслухоўвала крытыку: чаму таму ці іншаму вучню паставіла нізкую адзнаку, навошта шмат увагі ўдзяліла тлумачэнню новай тэмы, калі яна лёгкая, чаму захапілася на ўроку менавіта гэтым прыёмам і гэтак далей….

А калі дачка стала настаўніцай – напэўна, ёй было лягчэй у параўнанні з іншымі маладымі спецыялістамі – я ёй штосьці раіла, падказвала. Магчыма, яна гэта і не выкарыстоўвае ў рабоце, але выслухоўвае.
Як маці, мне прыемна, калі гавораць, што мая дачка – доб­ры настаўнік. Даводзілася чуць такія меркаванні. Ды я і сама бачу, што яна вельмі адказна ставіцца да падрыхтоўкі да ўрокаў. 

А яшчэ добра, што мы працуем у розных школах. Мама ж ёсць мама. І адна справа, калі твая дачка – вучаніца, і зусім іншая – калі яна становіцца калегай.

Ілона Міцкевіч: Мне было складана ў школе. Па-першае, мама заўсёды і ўсё ведала пра мае поспехі і няўдачы. Я і сёння памятаю, як яна «адчытала» за «5» па кантрольнай рабоце па фізіцы – гэты прадмет мне заўсёды цяжка даваўся, такая ж і ніжэйшыя адзнакі былі амаль ва ўсіх маіх аднакласнікаў. Мама ж бачыла толькі маю – і яна была самая горшая. І я таксама…

Я заўсёды старанна рыхтавалася да ўсіх урокаў. Былі прадметы, якія складана даваліся – фізіка, матэматыка, але іх вялі цудоўныя настаўнікі – і я не магла прыйсці на ўрок непадрыхтаванай, таму што паважала іх.

Да беларускай мовы і літа­ратуры, нягледзячы на тое, што іх выкладала мама, я таксама заўсёды рыхтавалася. Хаця аднойчы не вывучыла верш – выступала на канцэрце і не паспела – і раніцай сказала пра гэта маме. І яна, зразумела, выклікала мяне першай... Было сорамна, аднак гэта стала для мяне навукай…  Сёння гэтыя выпадкі і я, і яна ўспамінаем са смехам.

Затое цяпер я бачу ўсе плюсы, калі твая мама настаўніца і калега, да якой я магу звярнуцца ў любы момант, каб параіцца. У яе ж велізарны вопыт працы з дзецьмі – і яна ведае адказы на ўсе мае пытанні! Магчыма, я прыму іншае рашэнне, але абавязкова яе выслухаю.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: