«Ластаўка» сабрала турыстаў

12:22 / 30.09.2020

Пра маленькую радзіму, родныя мясціны і землякоў гаварылі і спявалі школьнікі, ім прысвячалі перамогі на спартыўных этапах – у дзіцячым лагеры «Ластаўка» прайшоў раённы турзлёт «Вектар на Астравеччыну».

1.jpg


Тое, што тэматычны накірунак быў выбраны правільна, пацвярджала надвор'е: сонечныя і цёплыя, хоць і ветраныя, дзянькі ў апошнія выхадныя верасня выпадаюць нячаста.

Журы прыйшлося папацець – дзень турыста для каманд быў распісаны па гадзінах: конкурс фотаздымкаў, прадстаўленне і быт турыста, эстафета «Сцяжынка даверу», дарц, інтэлектуальны марафон «Знатакі лесу», веласіпедны этап і конкурс мастацкай самадзейнасці. Пераможцы вызначаліся па найбольшай колькасці набраных балаў.

КАМПЕТЭНТНА

Марына Жвірыдоўская, культарганізатар ЦТДіМ:

– Напярэдадні дня турыста цэнтр творчасці сумесна з фізкультурна-спартыўным клубам арганізавалі для вучняў 8-9 класаў турзлёт. Падрыхтавалі цікавыя і пазнавальныя заданні, дзе патрэбна праявіць хуткасць, крэатыўнасць, кемлівасць, творчыя і інтэлектуальныя здольнасці. Упэўнены, што пераможа мацнейшы!

СЛОВА ЖУРЫ

Ірына Раткевіч, старшыня раённай арганізацыі «Белая Русь», член журы:

– Кожны год на цэнтральнай пляцоўцы “Ластаўкі” збіраюцца самыя смелыя, актыўныя, цікаўныя і спартыўныя маладыя турысты нашага раёна. У вас сёння ёсць мэта, ёсць напрамак, у якім вы будзеце рухацца – вектар на Астравеччыну. Ганарыцеся сваёй зямлёй, роднымі краявідамі і працавітымі людзьмі.

З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ

Удзельнікі каманды «Патрыёты» Варнянскага НПК:

Варняны.jpg


Артур Кяжун: – Мы любім сваю краіну, таму для каманды выбралі назву «Патрыёты».

Дзіяна Боўша: – Першую частку этапаў мы ўжо прайшлі. Усё стараліся рабіць дружна, разам. Для нас турзлёт – гэта адпачынак, хоць былі і складаныя заданні.

Мікіта Якушчонак: – Мне цяжэй за ўсё даліся «Купіны». Там трэба ўмець трымаць баланс, а гэта скадана.

Артур Кяжун: – А самым вясёлым мне падаўся этап, дзе трэба было скласці палатку. Наперадзе яшчэ чырлідзінг і шмат іншых конкурсаў. Спадзяёмся на перамогу, а задавальненне ўжо атрымалі.

Адны конкурсы былі каманднымі, у другіх удзельнічала па некалькі прадстаўнікоў – але ўсе без выключэння заданні былі цікавымі не толькі для дзяцей, якія, падбадзёрваючы і падпіхваючы адзін аднаго, рваліся наперад – да перамогі, але і для журы, якое старалася аб’ектыўна ацаніць кожнае выступленне.

На погляд старонняга чалавека, які памятае рамантыку турыстычных паходаў, самым цікавым і хвалюючым быў першы агульнакамандны конкурс – прадстаўленне і побыт.

Так, «Дылетанты» з гімназіі запомніліся гісторыяй, якая здарылася з імі ў Астраўцы: доўга і рознымі дарогамі хадзілі яны ў пошуках таямнічай вуліцы «Трыліпеня», а знайшлі «3 Ліпеня». У частцы арганізацыі турыстычнага быту карыснай падалася ідэя гімназістаў пакет для смецця апусціць у вырытую ямку: ветрам не парве, а калі прыкрыць дзірваном, то і птушкі не разнясуць.

гімназія.jpg


Каманда СШ №1 «Інь Янь» арганізавала не толькі спальныя месцы, але і спецыяльную зону рэлаксу. А яшчэ – незвычайнае снеданне з бутэрбродзікамі «Куляй у роцікі» і чароўным элексірам. Ні тое, ні другое пакаштаваць карэспандэнту не прапанавалі – і правільна: самім спатрэбіцца. А пра кожнага члена каманды іньяньцы расказалі ў вершаванай форме – Так, Рома ў іх спартсмен, Вольга – сапраўдная зорка, а Цёма – проста сімпатычны хлопец…

СШ1-2.jpg


«Атамны востраў» СШ №2 запрасіў журы ў астравецкае царства – праўда, самае што ні ёсць сучаснае. Так, на невялічкай тэрыторыі тут размясціліся асноўныя гарадскія аб’екты: ЖКГ, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, новая бальніца, САК «Імпульс», цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, РАНС і родная школа. У абедзеннай зоне каманда «ўзвяла» кафэ «Ланч», а адпачыць прапанавала ў «Сан Хатэлі», у якім і цэны, трэба адзначыць, самыя «сучасныя» – 200 долараў за суткі!

СШ-2.jpg


Каманда СШ №3 «Турыстычны атам» падказала, што на Астравеччыне можна ўбачыць шмат цікавага, у якім накірунку ні пайдзі. Налева чакае неперадавальная прыгажосць мясцовай прыроды, направа – славутасці раёна, сярод якіх асаблівае месца займае касцёл Святой Тройцы ў Гервятах і, зразумела, атамная электрастанцыя. Дарога прама прывядзе турыста ў сярэднюю школу №3, дзе рэалізуецца адзіны на Астравеччыне «атамны» праект.

СШ3-2.jpg



Варнянскія «Патрыёты» расказалі пра сакрэты, якімі павінен валодаць сапраўдны турыст: да прыкладу, каб даведацца накірункі свету, трэба паглядзець на дрэва. Калі гэта пальма, то вы адназначна знаходзіцеся на поўдні. Аднымі з першых яны пажадалі перамогі сапернікам, заявіўшы пры гэтым, што ўсе варнянцы – «людзі няпростыя: кемлівыя, спрытныя і творчыя».

Каманда гервяцкай «Ракеты» коратка пра сябе расказала з дапамогай фотаздымкаў, якімі аздобіла свой «карабель», і распавяла пра мясціны, адкуль прыляцела: пра свой край, землякоў і родную школу, дзе свята захоўваецца гістарычная памяць. Асаблівасць выступлення гервятцаў, як і іх побыту – прастата і мінімалізм.

Гервяты.jpg


Гудагайцы выбралі для каманды гаворачую назву – «Гудок». На тэрыторыі іх лагера, як і заведзена ў рэжымнай зоне, вялося відэаназіранне. Пра свой побыт і захапленні гэта каманда расказала коратка, але вельмі ёміста, па-ваеннаму: тут у іх харчблок, там – штаб, далей – медпункт. Напрамак захапленняў і вучобы гудагайцаў падказвала і не зусім турыстычнае, але ўсё ж у адным стылі «абмундзіраванне», якое яны пасля змянілі на спартыўнае адзенне – бегаць, скакаць і пераадольваць перашкоды ў спадніцах дзяўчынкам было б складана.

Гудагай2.jpg


«Землякі» з Міхалішкоўскай сярэдняй школы – «промневыя» дзяўчаты і «плячыстыя» хлопцы, як яны самі сябе ахарактарызавалі, у песні расказалі пра «крутых» жыхароў роднай вёскі, мясцовыя славутасці. А на маляўнічым стэндзе на ўваходзе ў лагер адлюстравалі асноўныя этапы жыцця Міхалішак. Хочацца адзначыць лайфхак ад гэтай каманды пры падрыхтоўцы побыту: дзірван на месцы пад кастрышчам яны выразалі квадрацікам і акуратна скруцілі ў валік, каб потым раскласці яго назад.

Міхалішкі.jpg



Каманда Рымдзюнскай сярэдняй школы з літоўскай мовай навучання выдзялялася назвай – «КМТС», што азначае «Каго Маглі Таго Сабралі». Месца стаянкі рымдзюнцаў адрознівалася чысцінёй, парадкам і аскетызмам, характэрным для загартаваных у паходах турыстаў. Прыхільнасць каманды да такіх «мінімалістычных» падарожжаў пацвердзілі і правілы, якімі яны карысталіся: больш ежы і менш народу. «КМТС» – адзіная каманда, якая пажадала поспеху ўсім. …І сабе асабліва.

Рымдзюны.jpg


ВЫНІКІ ПАДВЕДЗЕНЫ

У раённым турзлёце, які быў насычаны на падзеі і эмоцыі, па выніках усіх конкурсаў найбольшую колькасць балаў набрала каманда «Атамны горад» СШ №2, на другой прыступцы замацаваліся міхалішкоўскія «Землякі», 3 месца – у «Дылетантаў» гімназіі №1.





Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Ольга Хотянович