Студатрадаўскі рух поглядамі розных пакаленняў

12:47 / 29.09.2020
Маладосць – непаўторны цудоўны час, калі душа прагне новых уражанняў, хочацца скараць вяршыні і ў пошуках прыгод некуды ісці, бегчы, ехаць, бо на месцы не сядзіцца. Ці не гэтае пачуццё падштурхоўвала юнакоў і дзяўчат 60-80-х, закінуўшы ў заплечнік самае неабходнае, адпраўляцца падымаць цаліну, будаваць БАМ ці асвойваць нязведаныя тэрыторыі? Ці не для гэтага сучасная моладзь запісваецца ў студэнцкія атрады

Студатрадаўскі рух мінулага і сучаснага: ці моцна ён змяніўся за гады і чым прыцягвае цяперашніх байцоў? Пра гэта і не толькі мы распыталі ў прадстаўнікоў розных пакаленняў – адказнага сакратара раённага савета ветэранаў Валерыя Ламекі і педагога-псіхолага Рымдзюнскай сярэдняй школы з літоўскай мовай навучання Сняжаны Янушэўскай.

– Калі ўпершыню пачулі словазлучэнне «студэнцкі атрад»?

Валерый Ламека: 

1.jpg



– Пра існаванне такіх атрадаў я даведаўся, калі быў студэнтам Гродзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. І пасля першага курса далучыўся да гэтага руху. 


Сняжана Янушэўская: 

– Пра работу студатрадаў даведалася, калі прыйшла працаваць у школу. Зацікавіліся,  пазнаёмілася з гісторыяй студ­атрадаўскага руху, а затым і стала камандзірам аднаго з такіх атрадаў. 

– Калі, як і чаму папоўнілі рады байцоў?

Валерый Ламека: 

– Яшчэ са школы я быў актывістам: захапляўся кнігамі, мастацкай самадзейнасцю, але больш за ўсё – спортам. Мне было цікава ўсё новае і нязведанае, а студатрадаўскі рух быў тады вельмі папулярным сярод камсамольцаў. Канешне, вельмі хацелася трапіць у лік байцоў, што адпраўляліся на будоўлю ў іншыя рэспублікі СССР. Ды не пашанцавала: туды бралі больш «прывілегіраваных» гісторыкаў – за гэта мы іх не вельмі любілі. Я трапіў у студатрад, які працаваў у Астраўцы. Каля цяперашняй СШ №1 мы дапамагалі пракладваць цеплатрасу, але асноўным аб’ектам будоўлі быў дом №10 па вуліцы Ленінскай, для якога нашы байцы рабілі фундамент. Блокаў тады не было – ставілі апалубкі, куды залівалі бетон, умацоўваючы яго камянямі, якія трэба было перш па палях сабіраць, ды і бетону не адзін цэнтнер перанесці. Цяжка было, але цікава. 

Пасля трэцяга курса, ужо ў складзе іншага студатрада, паехаў у Зэльвенскі раён. Там працавалі на меліярацыі: у канавы з вадой забівалі слупы, укладвалі так званую фашыну (арэшнік), капалі дзірван. Хоць і стамляліся, але весела было: ехалі на працу ў кузаве грузавіка – песні спявалі, вечарам на пасядзелкі збіраліся, насценную газету выпускалі. 

Сняжана Янушэўская: 

2.jpg



– Студатрадаўскі рух быў для мяне чымсьці новым і незвычайным. Менавіта з-за цікаўнасці і вырашыла паспрабаваць сябе ў гэтай дзейнасці. Таму на прапанову ўзначаліць сельскагаспадарчы атрад з ліку вучняў нашай школы згадзілася не раздумваючы. І ўжо другі год з’яўляюся іх камандзірам. Працавалі мы на палях КСУП «Гервяты»: абразалі каласкі і праполвалі буракі. Дарэчы, школьнікі ахвотна запісваюцца ў студатрады.  

– У чым рамантыка студ­атра­даўскага руху? 

Валерый Ламека: 

– Калі мы працавалі ў Зэль­­венскім раёне, наш атрад называўся «РИТМ» і расшы­ф­роў­ваўся як «романтики, искатели, творители, мечтатели». Мы шукалі новых уражанняў, імкнуліся пабываць у цікавых месцах, паспрабаваць сілы ў розных спецыяльнасцях. Маладосць і прага нязведанага – хіба гэта не рамантыка? 

Сняжана Янушэўская: 

– У ініцыятыўнасці, крэа­тыў­насці і шчырасці моладзі. А таксама ў настроі, з якім прыступаеш да справы.

– Што больш за ўсё запом­нілася і спадабалася?

Валерый Ламека: 

– Работа ў студатрадах дае, можа, і не вельмі багаты, але жыццёвы вопыт, які застаецца з табой назаўсёды.   

3.jpg



Сняжана Янушэўская: 

– Стасункі з вучнямі, іх непасрэднасць і індывідуальнасць. Мы не толькі працавалі на палях, а праводзілі мерапрыемствы і спаборніцт­вы. Менавіта падчас іх рас­крываюцца характары пад­леткаў і становяцца віда­воч­нымі рысы, якія не заўсёды заўважаеш у школе. 

– Калі была б магчымасць пакінуць паведамленне студ­ат­радаўцам  будучыні, што б вы ім пажадалі?

Валерый Ламека: 

– Шануйце маладосць, наведвайце як мага больш новых цікавых мясцін, не бойцеся рызыкаваць і выпрабоўваць сябе, паважайце людзей усіх прафесій і не цурайцеся ніякай працы. 

Сняжана Янушэўская: 

– Ведайце, што жыццё не бывае лёгкім, але гэта неверагодны, каштоўны дар. Захоўвайце нашу планету квітнеючай і ўрадлівай. Памятайце: грошы – не самае галоўнае. Куды больш важна рабіць дабро і жыць у згодзе са сваім сумленнем – у якім бы стагоддзі вы ні жылі.  



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: