Творчыя сустрэчы штовечар праводзяцца ў гандлёвым цэнтры ZAMI

10:33 / 25.09.2020

А вы ўжо ведаеце, чым зоймецеся доўгімі нуднымі восеньскімі вечарамі, якія, вядома ж, не заўсёды будуць такімі цёплымі і прыемнымі, як у гэтыя апошнія вераснёўскія дні? Калі перспектыва штовечар закідваць у сябе «мыльную жуйку» бясконцых серыялаў ці «вісець» на тэлефоне» вам не вельмі падабаецца, то ёсць альтэрнатыва.

Прапануе яе гандлёвы цэнтр ZAMI, які неаднаразова здзіўляў нас неардынарнасцю падыходаў да наведвальнікаў. Тут то кніжную паліцу для буккросінгу паставяць – і, кажуць, карыстаецца попытам! То выступленне сталічнай групы наладзяць.

А цяпер вось у восеньскія вечары запрашаюць на творчыя сустрэчы. З кім? Ды хоць бы і з вамі! У гэтых сустрэч няма праграмы, афіцыйных выступоўцаў, не патрэбны касцюмы. Ды што там – нават мікрафона няма! Зрэшты, апошняе можна аднесці хутчэй да ліку недахопаў, які арганізатары збіраюцца ў бліжэйшы час выправіць.

6.jpg

Затое ёсць піяніна («Умееш – сыграй, не ўмееш – не ламай» – такая шыльда вісела некалі каля яго), некалькі зручных лавак. А яшчэ – людзі, якім хочацца вырвацца з хатняй руціны і правесці вечар у прыемнай кампаніі з творчымі людзьмі, аднадумцамі.

Пачатак гэтай традыцыі – хочацца спадзявацца, што яна стане такой, – быў пакладзены ў звычайны будні вечар мінулай серады.

Пакуль адны спяшаліся за вячэрай у «Гиппо», другія пілі каву, а трэція выбіралі цацку дзіцяці, за піяніна села Алена Севасцьян. І…

2.jpg

Людзі, што спяшаліся па сваіх справах, запавольвалі крок – іх змрочныя твары асвятляліся ўсмешкай. Усё ж у музыкі сапраўды ёсць своеасаблівая магія!

А потым клавішы нясмела кранулі маленькія пальчыкі Сонечкі Швец, заплакала дуда ў руках Юрася Панкевіча, пад акампанемент Улада Сапегі пачытала вершы Дзіяна Дабрадзеева, узяў у рукі гітару Сяргей Аўдзеенка… І вечар перастаў быць сумным і будзённым. З’явілася ў ім іскрынка, што сагрэла душу. І асвятляла яе ўвесь астатак дня…

3.jpg

5.jpg

4.jpg


Восеньскія творчыя сустрэчы ў ZAMI плануецца зрабіць традыцыйнымі. І калі вам стане сумна ці адзінока, захочацца пагутарыць з цікавымі людзьмі, паслухаць музыку ці вершы, паспяваць ці сыграць на музычным інструменце – прыходзьце а 19 гадзіне ў гандлёвы цэнтр.

1.jpg

Туды, аказваецца, можна хадзіць не толькі за пакупкамі, але і за настроем.





Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Нина Рыбик