Грыб акружнасцю больш метра вырас… на дачы!

14:29 / 23.09.2020

Хочаце пабачыць унікальную прыродную з’яву? – з такім інтрыгуючым пытаннем прыйшоў у рэдакцыю наш пазаштатны аўтар Віталь Бандарык.

Ну які ж журналіст адмовіцца пабачыць, а потым і расказаць чытачам пра нешта ўнікальнае?

І вось мы едзем у дачны пасёлак Каменка. Віталь Анатольевіч да апошняга захоўвае інтрыгу. А калі нарэшце дэманструе «ўнікальную з’яву», то я перш не магу зразумець, што ж тут незвычайнага? Гарбузы растуць і большыя, хіба што колер нейкі незвычайны… Ну і форма нешта такое нагадвае…

09.jpg


Ну якія ж гэта гарбузы! – здаецца, нават пакрыўдзіўся Віталь Анатольевіч. – Гэта грыбы!

І сапраўды, добра разгледзеўшы, зразумелі, што ў траве і сапраўды грыбы-дажджавікі: на палянцы каля дачнага ўчастка мы іх налічылі 6 ці 7.

– Не так даўно было 17: уся паляна бялела, – расказвае мой «экскурсавод».

Самаму вялікаму «ветэрану» грыбной паляны на дзень нашага прыезду споўнілася 18 дзён – старажыл! Гаспадар дачнага ўчастка Станіслаў Дарашкевіч спецыяльна абгарадзіў белага волата, каб хто выпадкова не збіў. У засушлівыя дні Станіслаў Станіслававіч нават паліваў свайго гадаванца, каб ён раней часу не пастарэў: па-першае, хоча, каб грыб выспеў і споры яго рассыпаліся па наваколлі, па-другое, з чыстай цікаўнасці: да якіх жа памераў можа вырасці дажджавік? У дзень нашага знаёмства вышыня грыба складала 45 сантыметраў, дыяметр – 42 сантыметры, а акружнасць – метр і 14 сантыметраў!

08.jpg


– Думаю, ён важыць не менш 5 кілаграмаў, – упэўнены Віталь Анатольевіч.

Грыбы каля дачнага ўчастка Станіслава Дарашкевіча ніхто не садзіў і споры іх не рассейваў: магчыма, нехта незнарок прывёз іх на колах аўтамабіля. Але вось ужо гадоў 5 у канцы жніўня–пачатку верасня дажджавікі ў гэтым месцы даюць адменны ўраджай.

Праўда, гаспадар яго не збірае: лічыць за лепшае пайсці ў лес па баравікі, тым больш, што іх сёлета – хоць гаць гаці.

Тым не менш, дажджавікі – ядомыя і да таго ж вельмі смачныя. Гэта пацвярджаюць і ветэраны сельгасвытворчасці муж і жонка Цішковы, кожны з якіх нядаўна размяняў соты дзясятак. Гасцінец з дачы Станіслава Дарашкевіча яны прыгатавалі, пасмакавалі і ацанілі на вышэйшы бал!

Так што тым, ад каго баравікі ў лесе «хаваюцца», можна параіць: едзьце па грыбы ў дачны пасёлак Каменка!





Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик