Пра што раскажуць у музеі Мальскага дзіцячага сада
08:53 / 09.09.2020
Пра кожны з іх мы расказваем у праекце «Астравецкай праўды» – «З экспазіцыі школьнага музея».
Пачатак пачатку
Першая школа ў сённяшнім аграгарадку Малі адкрылася ў 1927 годзе ў доме Вікенція Анімуцкага і працавала да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Заняткі тут вяліся на польскай мове, прозвішча першай настаўніцы – Рэгінская.
Пасля вызвалення тэрыторыі раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў аднавілася і работа школы. На гэты раз яна адкрылася ў доме Браніслава Свілы, выкладалі прадметы ў ёй па-руску.
У 1946 годзе з вёскі Філіпаны ў Малі перавезлі будынак, у якім адкрылі пачатковую школу. Яе дырэктарамі ў розны час былі Рэгіна Стаціна і Данута Пашкоўская.
У 1991 годзе пачала пісацца новая старонка гісторыі ўстановы: калгас «Чырвоны Кастрычнік» узвёў будынак, у якім размясціліся дзіцячы садок і пачатковая школа. Так было да 1996 года, калі тут адкрылася базавая школа.
У 2008 годзе ў рамках будаўніцтва ў Малях аграгарадка прайшоў капітальны рамонт будынка. Праз нейкі час базавую школу рэарганізавалі ў дзіцячы сад-пачатковую школу, а потым тут застаўся толькі дзіцячы сад.
Спадчына
У нашым раёне Мальскі дзіцячы сад – адзіная дашкольная ўстанова, якая мае музей.
– Наш садок унікальны сваім музеем. Мне здаецца, што і ў вобласці няма дашкольных устаноў, у якіх былі б зарэгістраваны музеі, – расказвае загадчык садка Анастасія Багдановіч. – Канешне, у многіх ёсць музейныя вугалкі, беларускія хаткі, але не музеі.
Усё гэта адбылося, дзякуючы багатай спадчыне – яна дасталася садку ад базавай школы, дакладней, тых, хто займаўся зборам і захаваннем каштоўных рэчаў і прадметаў.
Калі глядзець па кнізе экспанатаў, то першыя з іх паступілі ў школу ў 2004 годзе – у той жа час адкрыўся і музейны пакой.
У снежні 2018-га ва ўстанове з’явілася вялікае вольнае памяшканне, куды і «перасяліліся» сабраныя экспанаты.
– Па ўмовах рэгістрацыі музея, яго плошча павінна быць не менш за 50 квадратаў і ўтрымліваць пэўную колькасць экспанатаў. Калі мы выканалі ўсе патрабаванні – з’явіўся музей, – расказвае загадчык садка.
Стваральнікам музейнага пакою ў 2004 годзе стала Вольга Нікалайкава – цяпер яна працуе ў СШ №1 і там таксама займаецца музейнай дзейнасцю. З 2013 года ім кіравала Наталля Буйнарэвіч. Пераўтварэннем пакою ў музей, які атрымаў назву «Спадчына», займалася Алена Змітровіч. Цяпер загадвае музеем кіраўнік фізічнага выхавання і загадчык гаспадаркі Людміла Кажаноўская.
Быт беларусаў
Умоўна памяшканне музея можна раздзяліць на некалькі частак. Самая вялікая з іх прысвечана жыццю і побыту беларусаў пачатку 20 стагоддзя.
Тут і гаспадыня беларускай хаты – печ, побач посуд, якім карысталіся нашы продкі, вялікі стол з лавамі, ложак, калыска і, канешне ж, абраз.
– Амаль кожны, хто працаваў у нашай установе ў розныя гады, зрабіў унёсак у развіццё музея, – гаворыць Анастасія Багдановіч. – Рэчы збіралі ў жыхароў аграгарадка і бліжэйшых вёсак. Субаткевічы, Пашкевічы, Шлыковічы, Гайдановічы Расамацкія, Капцюгі, Нікалайкавы, Вайткевічы… – цяпер сямейная спадчына гэтых і многіх іншых людзей стала экспанатамі нашага музея.
Захоўваецца тут і шмат асабістых рэчаў Людмілы Кажаноўскай і яе маці: вышыванкі, выцінанкі, дываны, ручнікі і іншыя.
Асаблівасцю гэтага музея з’яўляецца тое, што любы экспанат наведвальнікі могуць пакратаць, пасядзець на ложку, пакалыхаць калыску з лялькай, патрымаць у руках лапату, якой адпраўлялі ў печ хлеб…
– Тут так цікава, – наперабой расказваюць дашкольнікі. – Мы часта сюды прыходзім. У нас дома таксама ёсць такія ручнікі, а калыска зусім іншая – яна на падлозе стаіць.
Так малышы знаёмяцца са спадчынай сваіх продкаў і вучацца яе захоўваць.
– На канікулах музей прымае шмат наведвальнікаў са школ і дашкольных устаноў раёна, – гаворыць Анастасія Багдановіч. – Збанкі, калаўроты, прасы – усё гэта дзецям цікава.
Ішла вайна народная
Асобная экспазіцыя музея прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны і землякам, якім давялося прайсці праз яе выпрабаванні.
Адкрывае гэты раздзел вялікая панарамная карціна, якая адлюстроўвае адзін з баёў, – гэта падарунак музею настаўніцы пачатковых класаў Людмілы Грымбоўскай. Побач размясцілася яшчэ адна экспазіцыя-панарама баёў Вялікай Айчыннай вайны – асабліва ёй цікавяцца хлопчыкі.
На стэндах размешчаны фотаздымкі і біяграфічныя звесткі пра землякоў, якія прайшлі дарогамі вайны.
– На лёс Мечыслава Ігнатовіча выпала шмат выпрабаванняў. Ён удзельнічаў у абароне Ленінграда, перажыў блакаду, тройчы быў паранены. Пасля апошняга ранення Мечыславу Станіслававічу прапанавалі камісавацца, але ён вырашыў прадоўжыць службу ў канвойных войсках. І толькі ў 1946 годзе вярнуўся на Астравеччыну, – праводзіць экскурсію загадчык дзіцячага садка. – Яшчэ адзін наш зямляк Браніслаў Лаўрэцкі на вайну адправіўся ў 1944 годзе. Ваенную падрыхтоўку праходзіў у Любліне, прысягу прымаў у Варшаве, ваяваў у пяхотнай роце пры танкавай дывізіі.
Казімір Базюк, Станіслаў Анімуцкі і іншыя землякі-салдаты – у кожнага з іх свой лёс і свая перамога. Некаторыя не вярнуліся з вайны.
У час святкавання юбілейных дат экспазіцыя перамяшчаецца ў фае, каб з ёй маглі пазнаёміцца ўсе, хто заглядвае ў садок.
Малая радзіма
Гэты раздзел музея прысвечаны гісторыі вёскі, школы і калгаса.
– Адданыя працы – так мы характарызуем працаўнікоў сельскай гаспадаркі, – расказвае Анастасія Багдановіч. – Раней Малі адносіліся да калгаса «Чырвоны Кастрычнік», дзякуючы якому, нагадаю, мы маем такі цудоўны будынак.
І таму адна з экспазіцый прысвечана старшыні калгаса Чаславу Рынкевічу.
– З сельскай гаспадаркай гэты чалавек быў звязаны з 1950 года – пачынаў рахункаводам, працаваў галоўным аграномам, з 1959 года узначаліў «Чырвоны Кастрычнік», – расказвае экскурсавод. – Вопытны, ініцыятыўны, адукаваны чалавек – пад яго кіраўніцтвам калгас дабіваўся лепшых вынікаў па ўраджайнасці збожжавых і па надоях у жывёлагадоўлі.
Захоўваюцца ў музеі і экспанаты, звязаныя са школай. Самы каштоўны – пасведчанне, выдадзенае Чаславу Мекіну, аб заканчэнні школы ў 1945 годзе.
Асоба Гашкевіча
У асноўным пакоі музея размешчаны толькі невялікі стэнд, распавядаючы пра жыццё і дзейнасць нашага земляка, першага расійскага консула ў Японіі Іосіфа Гашкевіча. Галоўная экспазіцыя знаходзіцца ў другім кабінеце.
– Вывучэннем дзейнасці Іосіфа Гашкевіча ў нашай навучальнай установе займаліся шмат гадоў, – узгадвае Анастасія Багдановіч. – Былі наладжаны трывалыя стасункі з беларуска-японскім цэнтрам у Мінску, да нас не раз наведваліся госці з Японіі, мы маем шмат лічбавых матэрыялаў, якія датычацца жыцця і творчасці нашага славутага земляка.
У 2017 годзе навучальная ўстанова стала ўдзельнікам конкурсу дабрачынных праектаў, які праводзіла АТ ІК АБЭ.
– У выніку праект «Наш зямляк Іосіф Гашкевіч – першы расійскі консул у Японіі» атрымаў грашовую падтрымку ў 68 тысяч расійскіх рублёў. Дзякуючы гэтаму, мы змаглі аформіць экспазіцыю, набыць аргтэхніку для выпуску інфармацыйных матэрыялаў.
На стэндзе адлюстраваны найбольш значныя падзеі з жыцця Гашкевіча і яго сям’і; напісаныя ім і пра яго кнігі; інфармацыя аб аб’ектах, названых у гонар славутага земляка. Тут жа размешчаны копіі матэрыялаў і макет памятнага знака, устаноўленага ў аграгарадку Малі.
У часе і прасторы
У спадчыну ад школы дзіцячаму садку засталося некалькі старых альбомаў. Сярод іх – летапіс Мальскай базавай школы, у якім падрабязна расказваецца пра святы і мерапрыемствыя, што праходзілі ва ўстанове на працягу года.
– Працуюць у нашым музеі і часовыя выставы, – расказвае Анастасія Багдановіч. – Так, у нас сабрана багатая калекцыя старых навагодніх цацак – мы ўпрыгожваем імі ёлку. Ёсць у нас калекцыя паштовак савецкіх часоў – прыгожыя, каляровыя – такіх цяпер ужо і не знойдзеш.
Увагу дашкольнікаў абавязкова прыцягвае часовая выстава па энергазберажэнні, дзе сабраны экспанаты ад керасінавай лямпы да розных відаў лямпачак.
Праводзяць у музейным памяшканні і розныя святы: Калядкі, Масленіцу, Дажынкі і іншыя, удзельнікамі якіх з’яўляюцца дзеткі, іх бацькі і выхавальнікі.
ЛІЧБА
157 экспанатаў сабрана ў музеі «Спадчына», 128 – адносяцца да асноўнага фонду.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.