Конкурс, прысвечаны 130-годдзю Казіміра Сваяка, працягвае Ганна Валуевіч

11:29 / 07.09.2020
У дзяцінстве я часта чула пра далёкага сваяка, паэта і святара Канстанціна Стэповіча (Казіміра Сваяка) ад сваёй цётачкі Іаланты Валуевіч, мясцовага краязнаўцы. Яна 43 гады адпрацавала бібліятэкарам Спондаўскай бібліятэкі і шмат ведала пра нашага слыннага земляка,  моцна ім ганарылася. 

12.jpg



У бібліятэцы вісеў вялікі партрэт святара-паэта з адбіткам пакуты на твары і выразным позіркам. Ён запомніўся – але ў падрабязнасці жыцця Казіміра Сваяка я ў дзяцінстве не ўнікала. 

Калі атрымлівала вышэйшую адукацыю, апублікавала тэзісы пра Сваяка, якія былі ацэнены на «выдатна» і надрукаваны ў навуковым зборніку ВНУ, – аднак далей гэтай тэмай займацца не стала: трэба было рыхтавацца да абароны дыплома.

Не так даўно цётачка расказала, што бясследна знікла карціна «Сваяк на прыступках Клюшчанскага касцёла», якую напісаў блiзкі сябар і зямляк святара мастак Рамуальд Ракіцкі.

Мая дзейнасць звязана з фотаздымкамі і фотамантажом, таму я вырашыла з дапамогай сучасных сродкаў аднавіць страчаную карціну. Знайшла некалькі фотаздымкаў згарэлага Клюшчанскага касцёла (за фота асобная ўдзячнасць Зофіі Шапель з вёскі Кісялі), у якім некаторы час служыў Канстанцін Стэповіч. Фота  ксяндза адшукала ў інтэрнэце. 

2.jpg



З любоўю і ўдзячнасцю за тое многае, што зрабіў Казімір Сваяк для ўсіх нас, я  паспрабавала аднавіць карціну мастака-самавучкі, напісаную шмат гадоў таму.  І не змагла пераадолець спакусы зрабіць свой фотамантаж: злучыла згарэлы касцёл і яго нястомнага служыцеля і абаронцу Казіміра Сваяка – так яны змогуць быць разам да сканчэння веку.

1.jpg



Ганна ВАЛУЕВІЧ



Текст: Главный администратор