Дагестан і Беларусь – дзве кропкі ў сэрцы Рубэна Гукасава

14:29 / 30.08.2020
Дзе чалавеку добра, утульна, спакойна? Там, дзе ён нарадзіўся, – ці там, дзе жывуць яго родныя? А можа, там, дзе ён атрымаў прызнанне, – ці там, дзе яго разумеюць? Напэўна, там, дзе ён адчувае сябе сваім, калі навакольныя не зважаюць на колер скуры, адметныя рысы твару, асаблівасці мовы, звычкі… Тады і дыхаецца лёгка, і спіцца салодка, і працуецца добра, і жывецца мірна – ПАД АДНЫМ НЕБАМ.

А калі такіх месцаў, якія сталі роднымі, у чалавека некалькі? Тады кожнае з іх проста займае асобны куточак у душы.

У жыхара аграгарадка Падольцы Рубэна Гукасава армянска-беларускія карані. А радзіма, успаміны пра якую пераносяць нашага земляка ў дзяцінства, у Дагестане – на беразе ракі Сулак.

Рубэн Гукасаў.jpg



МЕСЦА ПРЫЦЯГНЕННЯ – ПАЎНОЧНЫ КАЎКАЗ

Зармік Рубэнавіч і Вераніка Іосіфаўна Гукасавы пазнаёміліся ў Казахстане на асваенні цаліны. Там маладыя людзі і пажаніліся.

– А ў Дагестан трапілі, як і многія ў тыя, савецкія, часы людзі: на рацэ Сулак ішла будоўля Чыркейскай гідраэлектрастанцыі – паехалі зарабляць грошы, – расказвае Рубэн. – Мама была поварам у рэстаране і падпрацоўвала тынкоўшчыкам, а бацька па прафесіі газаэлектра­зваршчык.

Рака Сулак – жамчужына энергетыкі Паўночнага Каўказа, на ёй размешчаны цэлы кас­кад  ГЭС. А Сулакскі каньён глыбінёй каля 2 000 метраў – адна з самых вядомых славутасцей Дагестана.

2.jpg



– Пакуль узводзілі плаціну ў гарадку энергетыкаў Дубкі, людзі, што  прыехалі на ўсесаюзную будоўлю, жылі ў рабочым пасёлку Дружба.  Калі плаціну пабудавалі, – пасёлак і аўлы, якія былі ў нізіне,  затапіла, –  працягвае мужчына. – Вышыня той плаціны высачэзная: глядзеў уніз – людзі здаваліся мурашамі. 

Першынец Зарміка і Веранікі Рубэн нарадзіўся ў Дагестане. Маці хлопчыка хутка зацяжарыла ізноў, таму амаль на год Рубэна забрала да сябе ў Кіравабад бабуля па бацькавай лініі.  Хоць горад гэта азейбарджанскі, насялялі яго заўсёды этнічныя армяне. 

3.jpg

Зармік з жонкай у гасцях у цешчы з цесцем



Кіравабаду ў 1989 годзе вернута першапачатковая назва – Гянджа. А ўвогуле перайменоўвалі горад чатыры разы: Гянджа, Елізаветпаль, Гянджа, Кіравабад  і зноў Гянджа. 

– Бацька часам узгадвае бабуліну хату, ды і я, як цяпер, бачу такую карцінку: высокая каменная агароджа, прыватны дом, выкладзены брук, на жэрдцы сушацца колцы чурчхелы (салодкая кілбаса з вінаграднага соку з дабаўленнем грэцкіх арэхаў)..., – з настальгіяй малюе мясціны дзяцінства наш зямляк.

Дарэчы, месца жыхарства армян Гукасавых-старэйшых паўплывала на напісанне прозвішча.

– Першапачаткова наша прозвішча гучала Гукасян, аднак  у Кіравабадзе яго запісалі на азейбарджанскі манер: у іх прозвішчы заканчаюцца на -аў, -еў – так атрымаўся Гукасаў, – тлумачыць Рубэн.

Прозвішча Гукасян ад армянскага імя Гукас, што ў перакладзе азначае «сэрца».

ДАГЕСТАНСКАЕ ДЗЯЦІНСТВА  

Рубэн пражыў у Дагестане 10 гадоў, таму нядзіўна, што ўспаміны дзяцінства, напаўняючы сэрца невымоўнай пяшчотай, вяртаюць яго ў гэтую краіну – на малую радзіму, у Дубкі.

– Гарадскі пасёлак, у якім мы жылі, быў шматнацыянальным. На будоўлі працавалі беларусы, рускія, украінцы, каўказцы… Сябравалі паміж сабой, разрозненасці не было. Школа была рускай, замежная мова – толькі нямецкая. У саміх дагестанцаў шмат народнасцей: аварцы, кумыкі, лакхты… Мова адна, асноўная,  – аварская. Але размаўлялі па-руску – Савецкі Саюз, – расказвае Рубэн Гукасаў.  – Мясцовае насельніцтва жыло не ў пасёлку, а ў цяснінах. Падчас землятрусаў іх дамы вельмі пашкоджвала і  часам разбурала.

У памяці мужчыны засталіся вялікія перавалы, горныя серпанціны, грэцкія арэхі ўздоўж дарог, чыстае, як сляза, Чыркейскае вадасховішча, велізарныя, у рост дзяцей,  арлы, а яшчэ – дом, сябры, дзіцячыя забаўкі.

4.jpg

Рубэн з малодшым братам



– Мы жылі ў 16-кватэрным доме, у кожнай сям’і быў свой агародзік, – прыгадвае мужчына. – Вінаград у нас так не рос, як у бабулі, бачна, халаднаваты яму клімат, па смакавых якасцях нагадваў нашу беларускую «ізабэлу». Трэснутыя кавуны на рынку бясплатна раздавалі. І памідоры таксама давалі ў нагрузку пераспелыя –  а куды ж іх падзець.

Прырода

– Пароды дрэў не адрозніваліся разнастайнасцю: сасна, елак не бачыў, невысокенькія дубы і бярозкі, – пералічвае Рубэн. –  З пладовых – яблыні, тутоўнік, чарэшні, персікі, абрыкосы, кізіл. А вось бульбу там вырасціць немагчыма было – каменне, зямля была завазная. На рынку бульбу прадавалі разважаную па 3 кілаграмы – дробная, а каштавала 3 рублі.

Хадзілі на горныя плато за шампіньёнамі, ажынамі, а  бліжэй да Каспійскага мора можна было назбіраць падбярозавікаў і падасінавікаў.

Што тычыцца зімы, снег ляжаў у гарах нават летам, а ў пасёлку калі і выпадаў, то хутка таяў. 

– Але ў снежкі паспявалі пагуляць, – смяецца мужчына. –  Затое тэмпература надвор’я ў -10 градусаў «адмяняла» школьныя заняткі, лічылася вельмі холадна, – «студзіць» марозу дапамагалі вятры. Яны моцныя былі – аднойчы аж шкло ў вокнах выдавіла, маці толькі і паспела што мяне аднесці, і яно рассыпалася. Землятрусы вельмі часта здараліся: калі невялікія, то дома сядзелі, а ў моцныя ўсе выходзілі на вуліцу.
 
Стравы 

Прыгадвае Рубэн матуліну далму – кшталту галубцоў, толькі ў вінаградных лістах;  лобіа –  тушаную фасолю з вострымі прыправамі, зяленівам і грэцкім арэхам;  марынаваную ў расоле з чырвоным бураком, вострым перцам, кінзой, часнаком і морквай капусту. 

Далма і лобіа – нацыянальныя стравы грузінскай, армянскай  і азейбарджанскай  кухань. 

– Мама добра гатавала аджыку. Пельмені рабілі за сталом усёй сям’ёй, я і цяпер толькі дамашнія ем; рыс і грэчку перабіралі таксама ўсе. Рабілі чабурэкі, пяклі аладкі, бліны з маслам і цукрам, піражкі з бульбай, яйкам, рысам і цыбуляй, капустай, – прыгадваючы смак  страў, перабірае іх у памяці  Рубэн. – Суп малочны варылі – дарэчы, малако і масла было па талонах. 

А яшчэ дзеці рабілі з пшаніцы жуйкі: засыпалі ў рот зялёныя, неналітыя зярняткі – і жавалі, пакуль не атрымлівалася аднародная маса.

Успомніў Рубэн і смачныя дагестанскія пульхныя пшанічныя праснакі. Казаў, бачыў, як адна бабуля іх пякла ў рускай печы. 

– Моцна люблю бульбу тушаную – асабліва, як маці робіць: рэжа на чатыры часткі – каб кускі былі вялікімі, дабаўляе соус востры, часнок,.. – расказвае, нібы смакуючы кожнае слова, мужчына.

Гульні

– Вядома ж часта бавілі час у гарах. Узроўні – звар’яцець можна, там яшчэ цясніна была, стаялі гаражы – дык па іх дахах скакалі – з аднаго на другі, – прыпамінае Рубэн. – Лавілі рыбу на самаробныя донкі – метраў  за 350 рака цякла. З цясніны ўніз падпаленыя пакрышкі спускалі – і глядзелі, як скатваюцца. 

Гулялі дзеці ў хованкі, гарадкі, піку, лянгу: выразаны кружок памерам з манету авечай скуры, на які замацоўвалі выліты свінец, падкідвалі нагой – хто больш разоў. Каталіся лёжма з гары на самаробных самакатах – кшталту санак з падшыпнікамі. Ляпілі з гліны машынкі, якія потым абпальвалі ў кастры; формы для іх вылівалі са свінца.

8.jpg

Рубэн у дзяцінстве



– Рабілі тарзанкі, ганялі ў футбол; хакей з мячом, а калі з шайбай – то выходзілі на асфальт. Варотамі быў каркас са спружынамі ад матраса, – усміхаецца Рубэн Гукасаў. – А яшчэ лавілі скарпіёнаў на продаж – з іх рабілі кулоны. Ідзём, падымаем камень – яны там сядзяць, і палачкай заганяем ў слоічак. Здабывалі тарантулаў: наліваем ваду ў іх норку і галінкай тыкаем  туды – вылазяць і ў слоік адразу. Тады нясём да яшчарак і скарпіёнаў – устройваць баі. 

– У Дагестане былі і вужы, і глухары – гэта бязногая неядавітая яшчарка пясчанага колеру, у лагеры любілі іх на шыю павесіць і дзяўчат тады палохаць; і гадзюкі, і невялікія вараны, і саранча, – працягвае мужчына. – А яшчаркі памерам сантыметраў у 30, кусалі да крыві. Чарапахі вялікія, сухапуткі, – мы на іх каталіся, а вось марскія былі невялікімі.

Сямейнымі гульнямі Гукасавых былі шэшэбэш – нарды, шахматы і шашкі. 

Прыгадаў Рубэн і мусульманскае свята Курбан-байрам, калі яны з сябрамі хадзілі «валачобіць».

– У іх ласункі надта смачныя. Ведалі, хто святкуе, хто прымае – да таго і ішлі, – успаміне наш зямляк. – Яйкі яны не фарбавалі, толькі салодкасці рабілі – адзін шчарбет  чаго каштуе! Іншыя прысмакі… На праваслаўную пасху таксама хадзілі па хатах – толькі ўжо  за яйкамі.  Мама яйкі таксама фарбавала, і цяпер так робіць: заварвае шалупінне ад цыбулі, кладзе ў панчошку яйка, абкладвае лісцікамі альбо травінкамі – для ўзору, і вытрымлівае нейкі час.

НА РАДЗІМЕ МАЦІ 

– У Дагестане бацькі жылі з 1968-га па 1981 год, потым – у літоўскім Электрынай, дзе таксама будавалі ГЭС. А праз год прыехалі ў Беларусь – на Астравеччыну, на радзіму маёй маці­ – яна родам з хутара Пінікла, непадалёк ад Глінішча. І засталіся, – прыгадвае кропкі жыццёвых прыпынкаў Рубэн Гукасаў. 

Зарміку на Астравеччыне падабалася – ён з сям’ёй кожнае  лета прыязджаў да цешчы з цесцем у госці, і калі жонка прапанавала перабрацца сюды жыць, пагадзіўся, бо «ў іх там так спакойна, што нават дзверы не зачыняюць: венік стаіць прыслонены да дзвярэй – значыць, зачынена, і ніхто не зойдзе»

– Я палюбіў раку Вілію яшчэ з дзяцінства, – смеючыся, кажа Рубэн. – Помню, як лавілі з бацькам і дзедам рыбу брадніком – і паймалі вугра. Бацька ўпершыню тады бачыў гэту рыбіну – таму выкінуў яе, сказаўшы, што змеяў не ловіць.

Вілія, па-літоўску Нярыс, – рака даўжынёй больш за 500 кіламетраў, якая працякае па тэрыторыі Беларусі і Літвы. Гэтая водная артэрыя – самая наведваемая ў нашай краіне,  прывабная для сплава і рыбалкі.

Ні жывучы ў Дагестане, ні потым у Беларусі ў сям’і Гукасавых на армянскай мове не размаўлялі – асяроддзе было рускамоўным.

– Толькі калі цётка прыязджала. А так па-руску гаварылі. Неяк жылі ў Падольцах  будаўнікі-армяне – вось яны размаўлялі з бацькам па-армянску. Але тата ўжо прызабыў некаторыя словы – не ўсё разумеў. Хаця акцэнт у яго захаваўся. Да гэтай пары блытае «ён-яна» – гэта нармальна, – дзеліцца мужчына. – Бацька ведае і армянскую, і азейбарджанскую мовы, яны падобныя, як, напрыклад, беларуская і ўкраінская. 

Хоць і не гаворыць на армянскай, але разумее яе  і маці Рубэна Вераніка Іосіфаўна – песні мужу заўсёды дапамагае спяваць.

Раней азейбарджанскі і дагестанскі алфавіты выкарыстоўвалі кірыліцу, цяпер – лацініцу.

Пасля пераезду  ў Беларусь Рубэн не мог прывыкнуць да мясцовай гаворкі – кажа, словы былі яму незразумелымі і смешнымі.

– А яшчэ і школа ў Падольцах беларуская! – складана было,  пакуль не дасталі падручнікі на рускай мове. Добра яшчэ, што настаўнікі тлумачылі па-руску. Так і экзамен здаваў: прынеслі мне хрэстаматыю, сказалі крыху перакруціць словы, толькі не моцна – бо намудру, – смяецца мужчына. – Цяпер разумею і мясцовы дыя­лект, і беларускую мову, і чытаць магу – пачуццё цікавае: чуючы беларускую, нібы замежную, перакладаю для сябе ў галаве.

На пытанне, чаму Рубэн і яго жонка Алена дачку Вікторыю і сына Віталя назвалі славянскімі імёнамі, адказ аказаўся прос­тым:

– Цяжка з нязвыклымі для мясцовасці імёнамі: людзі іх блытаюць, каверкаюць...  У дзяцей маіх братоў таксама імёны нашы, беларускія.

5.jpg

Сям'я Рубэна (злева направа): зяць Аляксандр, дачка Вікторыя, Рубэн, жонка Алена, сын Віталь



ПАСЛЯСЛОЎЕ

– Я жыву ў Беларусі ўжо 37 гадоў. Па бацьку – армянін, па дзяцінству – дагестанец, па маці і месцы жыхарства – беларус, – працягвае Рубэн. – Жаніўся на мясцовай дзяўчыне. Хрысціўся тут, у міхалішкаўскім касцёле, перад сваім вяселлем. Тата з мамай таксама ўзялі шлюб у Беларусі. 

Стала другой Радзімай Беларусь і для яшчэ двух сыноў Зарміка Рубэнавіча і Веранікі Іосіфаўны: Карэн таксама жыве ў Падольцах, Артур пасяліўся ў Астраўцы. 

6.jpg

Злева направа: Карэн, Зармік, Рубэн, Вераніка, Артур



– Цяпер з дагестанскай зямлёй мяне звязваюць толькі ўспаміны дзяцінства і аднакласнікі, з якімі стасуюся ў сацыяльных сетках, – падсумоўвае Рубэн Гукасаў. – Хацелася б з’ездзіць на малую радзіму, дзецям паказаць – нават сцяжынкі, думаю, узгадаў бы. Заўсёды, калі чую ці трапляецца што на вочы пра тыя краі, цікава. Усё, што звязана з тым часам, не адпускае.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: