Ці робяць астраўчане на зіму нарыхтоўкі

09:02 / 28.08.2020
Канец лета і пачатак восені – час збіраць ураджай. Наш карэспандэнт пацікавіўся ў астраўчанак, ці робяць яны нарыхтоўкі на зіму.

Ганна Зімніцкая, сакратар:

Зімніцкая.jpg



– Марынаваныя агуркі і памідоры ў нашай сям’і разыходзяцца на «ўра», а салаты чамусьці не так. Кожнае лета стаўлю ў слоікі шмат гародніны, кампотаў і варэння. Магу падзяліцца некаторымі парадамі, бо ў гэтай справе я не навічок. 

Усё лепш стэрылізаваць. Пры марынаванні агуркоў воцат дадавайце непарэдна ў слоік, а соль і цукар – у сам марынад. Варэнні і кампоты з ягад з костачкамі варта захоўваць не больш за год. 

Сафія Комар, пенсіянерка:

Комар.jpg



– Кожны год раблю шмат нарыхтовак з гародніны, садавіны, ягад, грыбоў. Сёлета засушлівае лета, хутка пажаўцеў агурочнік – на градцы засталося шмат пераросткаў. Іх шкада выкідваць, таму падкажу гаспадыням лёгкі рэцэпт пад назвай «Бананы». З агуркоў здымаем скурку, вымаем семачкі і наразам прадаўгаватымі кавалкамі. На 750 грамаў  вады спатрэбяцца 1,5 шлянкі цукру, 200 грамаў воцату і адна сталовая лыжка солі. Усё даводзім да кіпення, дадаём агуркі, часнок, моркву і тушым  15 хвілін. Потым раскладваем у слоікі, закручваем машынкай і стэрылізуем. Проста і смачна!

Таісія Папяльніцкая, пенсіянерка:

Папяльніцкая.jpg



– Як шэсць гадоў назад пераехала ў Астравец, перастала рабіць нарыхтоўкі. Калі жыла ў Вавяранах, і марынавала, і саліла гародніну. Асабліва смачнай у мяне атрымлівалася салянка. Гэта цяпер багаты выбар прадуктаў у магазінах, раней такога не было – таму рабілі нават адмысловыя прыправы.

Вікторыя Юргелянец, галоўны спецыяліст:

Юргелянец.jpg



– Канец лета я жартоўна называю «слоікавым сезонам»: стаўлю агуркі, перцы, памідоры,  кампоты і варэнні – зімой як знойдзеш. Хоць давяраю правераным рэцэптам, але не грэбаю і парадамі з інтэрнэту. У мяне падрастаюць двое памочнікаў – Расціслаў і Дар’я. Хоць дзеці яшчэ малыя для наразання, але памыць гародніну ці ягады – ім па сілах. Ды і весялей разам працаваць!

Аксана Ляўкевіч, у дэкрэтным адпачынку (без фота):

– Лічу, што ставіць на зіму дзясяткамі слоікаў гародніну і садавіну – перажытак савецкіх часоў. Па-першае, такія прадукты некарысныя – пасля тэрмічнай апрацоўкі не застаецца вітамінаў і спажыўных рэчываў, па-другое – гэта займае шмат часу, які лепш патраціць на больш цікавыя і прыемныя рэчы.  Наша сям’я стараецца правільна харчавацца: ягады, гарошак, моркву, бабы замарожваю. Зімой гародніну дадаю ў супы, а з парэчак і маліны вару кампоты, морсы і кісялі. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Алёна Ганулич