Якой была астравецкая статыстыка

10:01 / 23.08.2020

– успамінае былы галоўны эканаміст Валянціна Змітровіч.

1.jpg


АД ЗААТЭХНІКА ДА ЭКАНАМІСТА

Так склалася, што заатэхнік Валянціна з Дзятлаўскага раёна, якая прыехала па размеркаванні ў калгас імя Куйбышава, уладкавалася загадчыкам фермы, выйшла замуж і засталася ў Астраўцы, дзе і стала шукаць новую работу.

Так атрымалася, што ў 1979 годзе Валянціна Змітровіч прыйшла на працу эканамістам раённай інфармацыйна-вылічальнай станцыі – менавіта так называўся тады аддзел статыстыкі . Начальнікам яе быў Іван Адамовіч, яго намеснікам – Ларыса Філіпчык. Пазней кіраўніком стала Марыя Міхалоўская, потым – Святлана Шлыковіч, якая і сёння ўзначальвае аддзел.

Раней статыстыка месцілася каля ваенкамата ў драўляным будынку – цяпер ужо яго не існуе. Цеснавата там было: невялічкі лічыльны кабінет для аператараў, бухгалтэрыя, кабінеты галоўнага бухгалтара і інжынера, памяшканне для пяцярых эканамістаў. Але працавалі ўсе дружна – пра калег у Валянціны Змітровіч засталіся толькі цёплыя ўспаміны.

– Сталы стаялі адзін на адным, – гаворыць жанчына. – А калі я прыйшла ў статыстыку ў другі раз – нейкі час працавала ў іншай арганізацыі, – бухгалтэрыі ўжо не было. Усяго нас засталося шэсць чалавек, з іх два аператары-«лічыльнікі» – адзін у аўтабазе, другі ў РАНА. І мы пераехалі ў тры арэндныя кабінеты ў будынак пошты.

Неаднойчы за гэты час арганізацыю рэарганізовалі, мянялі яе назвы: цэнтральнае статыстычнае ўпраўленне (ЦСУ), Астравецкі РІВС (раённая інфармацыйна-вылічальная станцыя), Астравецкі РАС (раённы аддзел статыстыкі), які потым «пайшоў» пад Смаргонь, а затым быў уключаны ў «вобласць».

…Па сямейных абставінах з 1983 па 1989 год Валянціне Сяргееўне прыйшлося зрабіць перарыў у «статыстычнай» дзейнасці – гэты час яна працавала ў астравецкай міжгаспадарчай будаўнічай арганізацыі. А потым прыйшла перабудова, скарачэнні рабочых месцаў – і жанчына вярнулася ў статыстыку.

– Бегаць з месца на месца не люблю, – гаворыць ветэран працы. – Таму змяніла толькі дзве работы, і то па неабходнасці. Вярнуўшыся ў аддзел, да пенсіі і засталася.

ПРАЦОЎНЫЯ БУДНІ

– Першы дзень з работы прыйшла, села каля стала і думаю: папала ў дурдом! – успамінае былы эканаміст. – Гэта якраз быў пачатак месяца, панядзелак – справаздачнасць… А потым прывыкла, уцягнулася.

«Сядзела» Валянціна Змітровіч на сельскай гаспадарцы – па ўсіх калгасах раёна збірала лічбы. А іх у гэтай сферы – перад вачыма мільгаціць: тэхніка, паліва, сенакос, меліярацыя і яшчэ шмат чаго. Час ўборкі ўвогуле быў гарачай парой, як і ў аграрыяў: да прыкладу, спачатку зводзіш лічбы паасобку: жыта, ячмень, авёс, грэчка, – а потым абагульняеш усе зерневыя… І каб баланс ішоў! А калгасаў, як я прыйшла, было за 30, выходзіла на пенсію – засталося 15.

Шлях Валянціны Змітровіч ад «простага» эканаміста да галоўнага заняў не адзін год карпатлівай працы.

IMG_5383.jpg

Калектыў. 2000 год


– Прыходзілася на час водпуску і Міхайлаўну (начальніка Марыю Міхалоўскую. – Заўв.аўт.) падмяняць, – успамінае статыстык. – Я сярод калег была самай «старой», мяне і дагружалі. (Смяецца). Многа людзей у нас перабыло – адны прыходзілі, другія звальняліся.

Галоўным і асноўным інструментам эканаміста на той час былі вялікія драўляныя лічыльнікі – ні калькулятараў, ні лічыльных машын табе.

– Потым у нас з’явіўся адзін «Фелікс» (арыфмометр. – Заўв.аўт.), – гаворыць Валянціна Змітровіч. – Але лічыў ён вельмі марудна. Затым асвоілі машынку «Рабатрон», апошніх дзесяць гадоў перад пенсіяй я працавала на камп‘ютары.

– Маладыя хутка з ім разабраліся, а мне цяжкавата даводзілася, – працягвае жанчына. – Каб навучыцца, трэба было добра часу пасядзець – а як, калі тэрміны гараць? Адразу ўручную лічыла, а потым ужо лічбы ў камп’ютар уносіла.

Уявіце: у невялічкім кабінеце сядзіць пяць чалавек – і кожны на лічыльніках: ляп-ляп, ляп-ляп… Усім да 13 гадзін трэба зрабіць справаздачу. Потым гэтыя «ляпы» – нібы адбойныя малаткі ў галаве, пакуль спаць не ляжаш, – смяецца Валянціна Сяргееўна. І дадае:

– А з гадавымі справаздачамі часцяком сядзелі і да 23 гадзін. Вяртаешся з работы, а ў вокнах дамоў ужо цёмна – людзі спяць…

ПЕРАПІСАЛА – І НА АДПАЧЫНАК

За 25 гадоў у статыстыцы Валянціна «перажыла» два перапісы – у 1989-м і 2000-м. Падрыхтоўкай да апошняга сама ў асноўным і займалася. На гэта пайшло два гады. У дапамогу толькі начальнік аддзела Святлана Шлыковіч і некалькі адказных на ўвесь раён.

– Ездзілі па сельсаветах, працавалі на месцы з адказнымі, запаўнялі перапісныя лісты, – пералічвае ветэран статыстыкі. – Пытанні амаль не адрозніваліся ад сённяшніх. Лічылі перапісаных, уносілі інфармацыю ў камп’ютар – усё самі. У сельскай мясцовасці людзей тады было шмат, аднак застаць іх дома было складана. Ідзеш другі раз, трэці. Транспарту няма – пехатой па хутарах. Добра тады адпрацавалі спондаўскія перапісчыкі – іх нават у Гродне адзначылі. А часу давалася не месяц, як цяпер, а 10 дзён.

Пасля перапісу 2000-га, здаўшы ўсе “паперы” і справы, Валянціна Сяргееўна пайшла на заслужаны адпачынак.


АДНЫМ РАДКОМ

– Адвучылася на заатэхніка, але мала разумела, што гэта такое. Папрацавала – не маё. А вось з лічбамі спадабалася, таму і засталася менавіта ў гэтай сферы.

– На праверкі ў раён – тады яны частымі былі – ездзіць не любіла. Не хацелася людзей трывожыць – але ж і нас правяралі: дакументы, подпісы, колькі здадзена і колькі засталося… Даводзілася ехаць.

– Гадавыя справаздачы былі – па 40 лістоў адна, а іх – горы. Закончыўся год, пераліснулі каляндар на 1 студзеня – і за новую справаздачу.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Ольга Хотянович и из личного архива героини