Як школьнікі Астравеччыны правялі канікулы ў «Прафградзе»

15:36 / 18.08.2020
На мінулым тыдні завяршылася работа раённага  кругласутачнага летніка «Восьмы цуд свету», які размяшчаўся  на базе Альхоўскай сярэдняй школы. Як тут адпачывалі школьнікі рознага ўзросту, чым займаліся і пра што даведаліся – у матэрыяле карэс­пандэнта «АП».

– У  2017 годзе наш летнік задумваўся як аздараўленчая 9-дзёнка ў жывапіснай мясцо­васці, – расказвае педа­гог-арганізатар «Вось­мага цуда свету» Алена Кусойць. – Тады быў абраны края­знаўчы накірунак змены. Штогод праграма мяняецца, але ідэя застаецца: дзеці павінны адкрыць для сябе 8 цудаў свету.

У 2017 годзе пробная змена прайшла на «ўра», на наступны адпачынак заявак стала яшчэ больш – значыць, летнік будзе жыць, вырашылі педагогі і зноў узяліся за працу.

Сёлета тут новы эксперымент: лагер стаў 15-дзённым. Хаця першапачаткова планавалася, што за лета пройдзе 3 змены па 9 дзён, але каронавірус унёс карэктывы. 

– Спецыфіка работы, рэжым і праграма змяніліся. Сёлета ў нас адпачыла 25 дзяцей з розных школ раёна, – расказвае Алена Іванаўна. –  Працавалі мы па праграме «Канікулы ў Прафградзе». Штодзень дзеці знаёміліся з прафесіямі, якія запатрабаваны ў нашым рэгіёне.

2.jpg



Прафарыентацыйная тэматыка  выбрана  невыпадкова – у гэтым накірунку ў  школе рэалізуецца  інавацыйны праект. Такім чынам праца па праекце працягваецца і ў час летніх канікул.

Астраўчанка Нэлі Філіпчык у альхоўскі летнік прыехала ў другі раз.

– У мінулым годзе мне вельмі спадабалася. Тут цікава. Асабліва падабаецца, што мы «прымерваем» на сябе розныя прафесіі. Я мару стаць выхавацелем – дома часта вучу сваю малодшую сястру і яе сяброўку пісаць, лічыць  і чытаць. А ў летніку паспрабавала сябе ў ролі важатага – удзельнічала ў конкурсе, – расказвае дзяўчынка.

А Ксенію Кусойць увогуле можна назваць  старажылам лагера – тут яна кожнае лета. 

– У летніку атрымліваеш толькі самыя лепшыя эмоцыі. Штогод збіраецца цікавая кампанія,  мы весела і пазнавальна пра­водзім час, – гаворыць Ксенія. –  У мінулым годзе наведвалі рэдакцыю газеты і тэлестудыю – гэта было проста крута! Сёлета мы таксама вывучалі, чым займаюцца журналісты. Здаецца, мне гэта падабаецца.

4.jpg



Планавалася, што знаёмства з прафесіямі  будзе вочным, аднак давялося ўсё рабіць віртуальна. 

– Важатыя прыдумваюць та­кія формы работы, каб дзеці маглі паспрабаваць сябе ў роз­ных прафесіях, – гаворыць педа­гог-ар­ганізатар. – Нашы вы­хаванцы даведаліся  ўсе тон­касці работы медыка, по­вара, вадзіцеля, важатага, выра­та­валь­­ніка,  пагра­ніч­ні­ка і многіх іншых. 

3.jpg



Так, Ілля Сцепановіч з Астраў­ца марыць стаць урачом – у летніку ў сваім выбары яшчэ больш сцвердзіўся, калі адзін з дзён быў прысвечаны гэтай прафесіі: 

– Мы ўдзельнічалі ў конкурсах, звязаных з медыцынай і  медыцынскімі спецыяльнасцямі. А потым рыхтавалі насценгазету з падзякамі медыцынскім работнікам.

Дарэчы, не ўсе падарожжы ў прафесію былі віртуальнымі: школьнікаў  наведалі  супра­цоўнікі РАНС і  правялі для іх квэсты і конкурсы, а ваенна­служачыя пагранзаставы «Астравецкая» запрасілі хлопчыкаў і дзяўчынак на «Зарніцу».

З-за эпідэмічнай сітуацыі адпачынку дзяцей надавалася яшчэ большая ўвага: побач заўсёды была медыцынская сястра, якая сачыла за станам іх здароўя. Па прычыне прафілактыкі каро­на­ві­руса бацькі не маглі наведваць сваіх дзяцей. Але пра тое, чым яны займаюцца,  дазнаваліся ў рэжыме анлайн – у сацыяльнай сетцы «ВКантакце» была створана група, дзе пастаянна выкладваліся фотасправаздачы з уражаннямі дзяцей.

Ужо сёння, пасля закрыцця аздараўленчай змены, можна гаварыць, што канікулы ў «Прафградзе» прайшлі на вышэйшым узроўні. А значыць, да сустрэчы наступным летам!

1.jpg





Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Елена Ярошевич