На Астравеччыне сеюць рапс
На гэтым тыдні на Астравеччыне справяць сімвалічныя дажынкі: усе гаспадаркі раёна амаль абмалацілі саспелую збажыну. На парадку дня аграрыяў – падрыхтоўка глебы пад сяўбу крыжакветкавых і збожжавых.
Як з гэтым спраўляецца «застрэльшчык» сяўбы азімых культур, КСУП «Гудагай», напрыканцы мінулага тыдня паглядзеў наш карэспандэнт.
Дарэчы, на мінулым тыдні рапс сеялі толькі ў КСУП «Гудагай», а літаральна праз некалькі дзён да яго далучыліся ўсе гаспадаркі раёна. Азімы клін крыжакветкавых сёлета складзе больш за 3,5 тысячы гектараў, з якіх 2 900 зойме рапс, 795 – свірэпіца.
Рапс нараўне з цукровымі буракамі лічыцца эканамічна выгаднай культурай – вядома, калі ўродзіць. Сёлета крыжакветкавы сыпаўся добра, найлепш у КСУП «Гудагай»: на круг камбайнеры намалочвалі 42,6 цэнтнераў – да параўнання, у мінулым годзе – 34,9.
– Плошчы пад рапсам сёлета вырашылі павялічыць на 100 гектараў: усяго ім плануем засеяць 700 гектараў, свірэпіцай – 150, – расказаў галоўны аграном КСУП «Гудагай» Андрэй Ненартовіч.
Стаўка гудагайцаў на «чорнае золата» цалкам апраўдана. Крыху больш за паўгода назад на тэрыторыі механічных майстэрань у Палушах адкрыўся цэх па перапрацоўцы насення рапсу. Гэты працэс цалкам безадходны: з чорных бубачак крыжакветкавага на выхадзе атрымліваецца натуральны алей і спажыўны жмых у выглядзе цёмназялёных хлоп’яў.
Падчас майго візіту адзін з самых вопытных сейбітаў гаспадаркі Вацлаў Кандратовіч працаваў на ізабелінскіх палях. На сучасным пасяўным агрэгаце аўстрыйскай вытворчасці Pottinger, які працуе ў счэпцы з трактарам «Джон-Дзір», мужчына за дзень засявае каля 40 гектараў.
– На гэтай сеялцы працую другі сезон, да гэтага ў мяне была «Амазонія». У «аўстрыйкі» дыскавая секцыя – ляйчэй ваяваць з камнямі, не тое, што раней, – расказвае сейбіт. – Норма высеву рапса невялікая: не трэба часта рабіць перапынкі для засыпкі насення ў бункер. Працуецца няблага, праўда, вільгаці не хапае. Самі бачыце, як пыліць!
Вацлаў Кандратовіч працуе ў сельскай гаспадарцы з 1982 года
Перад тым як сеяць, глебу трэба старанна падрыхтаваць. Сёлета да пасяўной азімых у КСУП «Гудагай» набылі культыватар для інтэнсіўнай апрацоўкі глебы Karat 9 ад нямецкай фірмы Lemken.
– Культывар, канешне, класны – слоў няма, – гаворыць механізатар Рыгор Тхораў. – Пасля яго работы ў глебу дасткова ўнесці мінеральныя ўгнаенні – і ўсё: можна сеялку выпускаць, плугі ўжо непатрэбны.
Глебу пад сяўбу рыхтуе Рыгор Тхораў
Па аператыўных звестках сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, на 17 жніўня на Астравеччыне 277 гектараў засеяны рапсам (10%).
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.