Як працуюць на жніве хлебаробы КСУП “Міхалішкі”

09:03 / 10.08.2020
585

Хоць сёлета ўборачная кампанія на Астравеччыне пачалася на два тыдні пазней, аднак ураджай радуе, – збожжа дае на круг больш за 40 цэнтнераў, у той час як у мінулым годзе сыпалася толькі пад 30...

IMG_8089.jpg

Найбольш рапсу – 250 тон – сярод міхалішкаўскіх хлебаробаў намалаціў Генадзь Мілаш


Хоць па тэмпах уборкі і ўраджайнасці збожжа КСУП «Міхалішкі» замацавалася на апошняй пазіцыі ў раённай зводцы, але гэта не гаворыць пра тое, што людзі тут працуюць менш старанна і адказна, чым у гаспадарках-лідарах – КСУП «Гудагай» і «Гервяты». Хлебаробы ведаюць, як важна ў тэрміны і без страт убраць з палёў ураджай. У гэтым я ўпэўнілася, завітаўшы напачатку тыдня ў «Міхалішкі».

IMG_8057.jpg

Загадчык раслінаводчага ўчастка №1 Мар’ян Комар


Загадчык раслінаводчага ўчастка №1 Мар’ян Комар, чый парт­рэт сёлета занесены на раённую Дош­ку гонару, больш за 40 гадоў працуе ў аграпрамысловым комплексе Астравеччыны, прычым увесь час у раслінаводстве і ў адной гаспадарцы. Пра збожжа і тэхналогію яго вырошчвання, нюан­сы міхалішкаўскіх і страчанскіх глеб аграном ведае ўсё.

– Сёлета збажына радуе: з гектара ў сярэднім намалочваем каля 30 цэнтнераў. Хоць поле полю – розніца: ураджайнасць ска­ча. Напрыклад, пшаніца сыплецца пад 50 цэнтнераў. У Страчанцы абмалочвалі ячмень, па якім падсеяна канюшына, дык толькі 25 цэнтнераў з гектара атрымалі, – па дарозе ў Маркуны, дзе ішла ўборка пшаніцы, уводзіць мяне ў курс жніўных спраў загадчык участка.

Цікаўлюся ў Мар’яна Зыгмундавіча, якую культуру ён любіць найбольш.

– Па душы пшаніца – нібы з золата саткана і сыплецца з усіх збожжавых найлепш, – адказвае аграном. – Добра ўрадзіла, нават яравая. І мы нядрэнна папрацавалі: ажно тры разы яе падкармілі.

IMG_8082.jpg

Камбайнер Валерый Дзенюш на кожным жніве намалочвае па тысячы тон збожжа


Жніўны клін КСУП «Міхалішкі» сёлета складае 2 830 гектараў. Найбольш у гаспадарцы адведзена пад пшаніцу – 1 250 гектараў, найменш пад зернебабовыя – 67. Жыта каласіцца на 158 гектарах, трыцікале – на 542, ячмень – на 660, а авёс – на 153.

У дзень майго прыезду ў полі працавала адно звяно – 6 камбайнаў. Тэхніка ў «Міхалішках» размяркоўваецца ў залежнасці ад фронту работ і асаблівасцей палёў. Напрыклад, «Мега», на якой шмат гадоў шчы­руе адзін з самых вопытных механізатараў гаспадаркі Валянцін Куркуль, знаходзілася на рамонце.

Кожны год тысячу набівае камбайнер Валерый Дзенюш. У мінулыя гады ён працаваў з сынам, які сёлета атрымаў дыплом агранома ў Навагрудскім аграрна – тэхнічным каледжы. Па словах бацькі, Антон плануе працаваць у роднай гаспадарцы.

– Для мяне гэта пятнаццатая ўборка, – расказвае механізатар. – Сын дапамог да жніва падрыхтаваць «Джон-Дзір», але так склаліся абставіны, што на камбайне працую адзін. Нюансаў хапае, балазе, як і кожны год. У Міхалішках убіраць добра. Гэтая ніва, напрыклад, займае каля 100 гектараў – не трэба круціцца і пераязджаць з месца на месца, малаці сабе спакойна. Складана жаць на страчанскіх землях: палі там дробнаконтурныя і ўзгорыстыя.

Па традыцыі ўбіраць ураджай міхалішкаўцам дапамагаюць ра­ботнікі Астравецкага лясгаса – яны не толькі з лесанарыхтоўчай тэх­нікай, але і з камбайнамі на «ты».

На сёлетнім жніве Аляксандр Субаткевіч святкуе паў­налецце – ужо 18 гадоў убі­рае ўраджай. Сёлета рабіць гэта камбайнеру дапамагае студэнт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Павел Дуброўскі. На пару хлебаробы ўжо намалацілі больш за 500 тон збожжа.

IMG_8072.jpg

Камбайнер Аляксандр Субаткевіч (злева) і яго памочнік Павел Дуброўскі


З першых дзён масавай уборкі ў лідарах сярод камбайнерскіх экіпажаў КСУП «Міхалішкі» – Генадзь Мілаш і Віталь Кісель.

– На жніве працую 12-ты сезон. Год на год не даводзіцца, але сёлета збожжа ўрадзіла і рапс добра сыпаўся, – расказвае камбайнер Генадзь Мілаш. – Калі дазволіць надвор’е і тэхніка не падвядзе, думаю, напрыканцы другой дэкады жніўня ў нас будуць дажынкі.

З палёў да зернесушыльных ком­плексаў у Міхалішках, Страчанцы і Завідзінентах збожжа адвозяць КАМаз з прычэпам і тры МАЗы, адзін з якіх – з Астравецкай ЖКГ.

IMG_8047.jpg

З ніў на зернесушыльныя комплексы збожжа возяць Станіслаў Бернюкевіч, Станіслаў Мілашэвіч і Юрый Юшчык (злева направа)


Не першы год пераможцам сярод вадзіцеляў на жніўным спаборніцтве райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу становіцца Станіслаў Мілашэвіч. Сёлета шафёр 5-м у раёне і першым у гаспадарцы перавёз тысячу тон збожжа.

Яго родны брат Віктар з напарнікам Генадзем дасушваюць збожжа на зернесушыльным комп­лексе «ЛідАрай».

IMG_8118.jpg

Аператары зернесушылкі (злева направа) Генадзь Ляховіч і Віктар Мілашэвіч


…На жніве ў КСУП «Міхалішкі» ў асноўным працуюць адны і тыя хлебаробы. Яны не па чутках ведаюць, як важна ў час зжаць колас, адвезці збожжа і дасушыць яго.

IMG_8109.jpg

   Загадчык зернекомплекса Ірына Серакова


IMG_8045.jpg

Вадзіцель Іван Зімніцкі ў сельскай гаспадарцы працуе больш за 35 гадоў


IMG_8095.jpg

Намеснік дырэктара па раслінаводстве Аляксандр Ерамейчык


  – Асаблівых праблем на ўборцы не ўзнікае: хапае кадраў, паліва, магутнасцей збожжасушыльных комплексаў. Адзінае, што засмучае, – стан тэхнікі, яна даўно не абнаўлялася. Самаму «маладому» камбайну 6 гадоў, самаму ўзроставаму – 16. На пачатак уборкі нагрузка на адзін камбайн складала 350 гектараў, на сёння (4 жніўня. – Заўв. аўт.) – каля 200.

Аляксандр Ерамейчык, намеснік дырэктара па раслінаводстве.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алена Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений