28 тур конкурсу «Пазнай Астравеччыну»

09:18 / 31.07.2020

Чарговы тур конкурсу стаў для некаторых удзельнікаў моцным арэшкам. Хоць напачатку нам здавалася, што пазнаць на здымку тыльны бок будынка астравецкага млына, што стаіць у цэнтры горада, будзе няцяжка. Тым не менш, Кацярына Вараб’ёва і Андрэй Ваўчок палічылі, што гэта бровар у вёсцы Вялікія Свіраны. Крыўдная памылка, хоць і не фатальная.

IMG_20200727_210651 (1).jpg

Па дадзеных Вікіпедыі, гэты будынак  адносіцца да першай паловы ХХ стагоддзя. Хоць ёсць звесткі, што ў 1886 годзе ў Астраўцы ўжо меўся млын – цяжка сказаць, ці той самы, што зараз стаіць на Лошы. Ва ўсякім выпадку, у 1940 годзе ў раённым цэнтры, якім стаў пасля ўтварэння раёна Астравец, было толькі 5 каменных пабудоў: два касцёлы, млын, дом Коўзана (у ім цяпер знаходзіцца магазін «Ліра») і абкладзеная цэглай хата, якую прыстасавалі пад клуб.

Будынак млына мае тры паверхі і падвальнае памяшканне, вокны якога і адлюстраваны на здымку. Тут малолі муку, рабілі крупы, на ніжнім паверсе працавала сукнавалка, куды з усёй акругі прывозілі самаробнае сукно, якое выпарвалі, прапускалі праз спецыяльныя валы і рабілі грубую тканіну больш мяккай.

На жаль, у гэтым этапе конкурсу не змагала прыняць удзел Ванда Вай­шна­ровіч, якая, напэўна, як і заўсёды, дапоўніла б інфармацыю пра астравецкі вадзяны млын малавядомымі гістарычнымі падрабязнасцямі і цікавымі фактамі. Вяртайцеся, Ванда Міхайлаўна, нам вас не хапае!

Жанна Волк-Леановіч расказала, што ў 90-я гады мінулага стагоддзя будынак колішняга млына быў перададзены саўгасу «Кямелішкі» – і яго энергічны дырэктар Іван Дужык арганізаваў тут падсобны цэх, дзе вырабляліся кухонныя камбайны, якія карысталіся вялікім попытам. Іх нават адпраўлялі на экспарт – у Польшчу, Літву. Ды і ў астравецкіх гаспадынь на кухнях і сёння ёсць гэтыя простыя і надзейныя электрапрыборы, якія сумяшчалі ў сабе мясарубку, гароднінарэзку, кавамолку.

Цэх працаваў прыкладна 5 гадоў. Пасля яго закрыцця млын некалькі разоў пераходзіў то ў рукі прыватных уладальнікаў, то вяртаўся ў раённую ўласнасць. У 2009 годзе абмяркоўвалася ідэя стварыць у гэтым будынку раённы краязнаўчы музей – лепшае месца для яго размяшчэння ўявіць цяжка. Але праведзенае абследаванне паказала, што ён знаходзіцца ў аварыйным стане. 

На гэты раз удзел у конкурсе прынялі 8 чалавек, 6 з іх далі правільныя адказы, прычым ва ўсіх – Ганны Мілашэвіч, Алега Драгана, Жанны Волк-Леановіч, Марыны Кімсы, Вікторыі Іванцэвіч, Алены Памецькі – яны «пацягнулі» на 4 балы. Такім чынам лідары конкурсу не змяніліся.

Алена Памецька прызналася, што знаходзіць адказы на конкурсныя заданні ёй у большасці выпадкаў дапамагаюць ранейшыя публікацыі «Астравецкай праўды». Спадзяёмся, што і для іншых удзельнікаў яны стануць добрым падспор'ем.




Дзе гэта, што гэта?

IMG_3318.jpg

Нагадваем: далучыцца да конкурсу можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды і фотаздымкі.

Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефонах: 2-03-64, 7-08-44, +375-29-328-75-99 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з заданнем (да аўторка ўключна).




Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик