Як працуюць лідары раённага жніва – хлебаробы КСУП “Гудагай”

10:16 / 31.07.2020
256

З дня ў дзень уборачная кампанія набірае абароты. На Астравеччыне абмалочана 20 працэнтаў занятых збожжавымі і зернебабовымі культурамі плошчаў.

IMG_7228.JPG

Шосты сезон на жніве шчыруюць Валерый Вайткевіч і Славіян Захарэўскі


На сёлетнім жніве наперадзе раёна ўсяго – КСУП «Гудагай». Нагадаю, гэта адзіная на Астравеччыне насенняводчая гаспадарка – і ўраджайнасць збажыны тут самая вялікая – на круг сыплецца пад 55 цэнтнераў. І больш, чым у іншых гаспадарках, яе работнікі абмалочана – 903 гектары. Гудагайскія хлебаробы з першых дзён масавай уборкі трывала прапісаліся ў лідарах жніва і па сёння не здаюць сваіх пазіцый…

Сакрэты лідарства я паспрабавала выведаць у непасрэдных удзельнікаў жніва: агранома, камбайнераў, іх памочнікаў, вадзіцеляў і зернесушыльшчыкаў.

IMG_7503.JPG

Першыя «двухтысячнікі» сярод зернесушыльшчыкаў Вадзім Адамковіч і Віталь Андрушкевіч


Жніўны клін КСУП «Гудагай» у параўнанні з мінулым годам значна не змяніўся: пад збожжа і зернебабовыя, без уліку кукурузы, грэчкі і проса, тут адведзена амаль 3 600 гектараў: пад азімы ячмень – 75, пад яравы – 705, пад жыта – 578, пад азімую і яравую пшаніцы – па 673 і 140 адпаведна, пад трыцікале – 975. Авёс заняў 230 гектараў, а зернебабовыя 250.

IMG_7217.JPG

На прэс-падборшчыку «Тарнада» Генадзь Змітровіч за дзень намотвае каля 200 шпулек саломы

На ўборцы ўраджая працуюць 12 камбайнаў, якія разбіты на два звяны. Прынамсі, у дзень майго прыезду адны ўбіралі ячмень, другія дамалочвалі рапс. З палёў на зернесушыльны комплекс зерне адвозяць 9 МАЗаў з прычэпамі.

Іосіф Бабіч – адзін з самых шпаркіх вадзіцеляў у гаспадарцы і, як большасць працаўнікоў палёў, нешматслоўны. Найбольшая колькасць зерня за сезон, якую ён перавёз за гады працы ў «Гудагаі», 2 тысячы тон.

– Часу на размовы няма: збожжа трэба вазіць! – коратка зазначае хлебароб і дае па газах свайго МАЗа.

Агульнымі намаганнямі камбайнаў за дзень у гаспадарцы ўбіраецца каля 100 гектараў – гэта 3% ад агульнага плана. Хлебаробы ўжо цалкам убралі азімы ячмень і рапс, якія ў гэтым годзе далі на круг рэкордныя 75 і 40 цэнтнераў з гектара.

IMG_7642.JPG

Першым у раёне сярод вадзіцеляў перавёз тысячу тон зерня Іван Печкур

Цікаўлюся ў галоўнага агранома Андрэя Ненартовіча, як атрымалася вырасціць такі ўраджай.

– Рана зазіраць наперад: калі збожжа будзе ў засеках, тады можна рабіць нейкія высновы, – гаворыць Андрэй. – Пад ураджай гэтага года зрабілі добры задзел: своечасова і ў поўных аб’ёмах пасевы апрацоўвалі ад пустазелля і шкоднікаў, атрымлівалі мінеральную падкормку. І надвор’е нас не падвяло. Думаю, што за тры тыдні абмалоцім збожжа – усе перадспасылкі для гэтага ёсць: тэхніка якасная, людзі адказныя.

IMG_7191.JPG

Вадзіцелі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і пажарна-аварыйнай выратавальнай часці №1 Аляксандр Даніла і Міхаіл Янкойць дапамагаюць гудагайцам убіраць ураджай

Словы галоўнага агранома пацвярджаюцца на справе: першымі «тысячнікамі» і «двухтысячнікамі» сярод камбайнераў, вадзіцеляў і аператараў зернесушыльных установак сталі менавіта працаўнікі КСУП «Гудагай».

Чацвёрты сезон на жніве працуе камбайнерскі тандэм у складзе Яўгена Грабоўскага і Аляксандра Ермаковіча. Некалькі гадоў запар ім крыху не хапала да перамогі ў прафсаюзным жніўным спаборніцтве. Сёлета хлебаробы змаглі першымі на Астравеччыне намалаціць жаданую тысячу тон збожжа.

IMG_7634.JPG

– Камбайнерам працую 12-ты сезон, – расказвае Яўген. – Да гэтага некалькі гадоў дапамагаў малаціць светлай памяці тату Валянціну, ён усяму мяне навучыў. Бацькава навука і цяпер дапамагае: уборку ўраджаю сумяшчаю з работай механіка. Канешне, прыемна быць першым, – прызнаецца камбайнер. – Але гэта наша з Сашам агульная перамога.

– Галоўнае, каб надвор’е і машына не падводзілі, – да размовы далучаецца памочнік камбайнера Аляксандр. – Да тысячы не хапала літаральна семдзесят тон – зламаліся, але наступнай раніцай ужо выйшлі ў поле. Нездарма нашы дзяды казалі: хоць памірай, але ўраджай убірай.

Памочнік брыгадзіра раслінаводчага ўчастка №1 Леанард Мікліс дакладна і не скажа, якое па ліку для яго сёлетняе жніво: сельскай гаспадарцы ён аддаў 46 гадоў.

– Цешыць, што ўраджай значна лепшы, чым летась. Добра ўрадзілі азімыя, і яравыя няблага выглядаюць, – гаворыць аграном. – На маім участку збожжа сыплецца за 40 цэнтнераў з гектара.

IMG_7248.JPG

Вадзіцель Эдуард Безляповіч працуе на складзе

Да патрэбнай кандыцыі зерне ў КСУП «Гудагай» даводзяць на некалькіх зернесушыльных комплексах: у Малях, Германішках і Палушах. Да слова, у апошнім аграгарадку на тэрыторыі зернесклада перад пачаткам масавага жніва з’явілася новая зернесушыльная ўстаноўка «Грын Вэй»-40К.01. Пазалетась у Германішках з’явіўся падобны зернесушыльны комплекс, праўда, больш магутны.

IMG_7245.JPG

Аператар зернесульшыльнай устаноўкі Віталь Млынскі вымярае вільготнасць збожжа

– Нам не хапала сушылкі. Камбайны абмалочвалі першыя гектары, а ў Палушах заканчваўся мантаж сушылкі. На тэрыторыі збожжаскладаў зерне перавозяць вадзіцелі на ГАЗонах, напрыклад, Генадзь Масальскі за дзень перавёз па тэрыторыі больш за 400 тон, – расказвае Андрэй Ненартовіч. – Людзі ведаюць сваю справу, дапазна затрымліваюцца ў полі. Можа, пагэтаму КСУП «Гудагай» і першы?!



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алена Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений