Фестываль сямейнай творчасці прайшоў у Альхоўцы

15:16 / 30.07.2020

У Альхоўцы адзначылі дзень вёскі. Пра тое, што гэта падзея чаканая і жаданая, было зразумела па размовах, святочных уборах, разнастайных зонах актыўнага адпачынку і колькасці ўдзельнікаў свята.

Гледачы.JPG

«Хоць бы не спазніцца!»

Да пачатку яшчэ цэлых дзве гадзіны, а ў парку ля Дома культуры ажыўлена: дзеці ваўсю забаўляюцца на атракцыёнах, падцягваюцца і займаюць зручныя месцы гледачы, прыпаркоўваюць аўто госці, кантрольны абход святочнай пляцоўкі робяць арганізатары, за «кулісамі» артысты наводзяць марафет і разаграюць галасавыя звязкі.

Для жадаючых зрабіць здымак на памяць працуе фотазона. Прываблівае наведвальнікаў прыгожымі пейзажамі Альхоўкі і яе наваколля фотасушка, на якой былі прадстаўлены работы ўлюбёных у сваю старонку людзей. А непадалёк прапаноўвалі пачаставацца наварыстай юшкай.

У чарзе за юшкай.JPG


«Запрашаем на майстар-клас!»

Акрамя вакальных і харэаграфічных дадзеных, прадэманстравалі альхоўцы, дэкаратыўна-прыкладное і кулінарнае майстэрства. Выставу карцін, вы­кананых у розных тэхніках, і майстар-клас па пляценні ірландскіх карункаў падрыхтавалі свякроў і нявестка Таццяна і Вольга Ждановічы.

– Я даўно вяжу пруткамі, а карункі пачала рабіць два гады таму. Гэта даволі складаная тэхніка – не адразу атрымалася. Малюнак складаюць раслінныя матывы – кветкі і лісточкі. Часам упрыгожваю вырабы бісерам, – гаворыць, дэманструючы ажурны каўнерык на сваёй юнай мадэлі, Таццяна Ждановіч.

Таццяна Ждановіч дэманструе свае карункі.JPG

Сям’я Талуць презентавала мадэлі жаночага адзення – шыццём займаецца Аксана, і пластылінавыя фігуркі – іх па-майстэрску лепіць яе сын Канстанцін. Хлопчык, па прызнанні маці, гэтым апантаны – яго работамі ў хаце застаўлена ўсё. Дарэчы, грошы на набыццё матэрыялу, Косця зарабляе сам: збірае і здае ягады.

– Я ляплю з салёнага цеста, з гліны, са скульптурнага пластыліну – але гэта дарагі матэрыял і купіць яго ў нас складана. Каб надаць фігурцы са звычайнага пластыліну цвёрдасць, пакрываю яе лакам – так і да рук не бярэцца, – дзеліцца сакрэтамі хлопчык.

Сямя Талуць.JPG

Сёстры Дзіяна Кушлевіч і Аэліта Рылькова прадстаўлялі творчую сям’ю Саўко – гэта дзявочае прозвішча жанчын. Аэліта працуе з прыродным матэрыялам – робіць сувеніры і аздабленне для прадметаў інтэр’еру, гэтаму яна вучыць і сваіх выхаванцаў у дзіцячым садку.

У Дзіяны ж захапленне не проста эстэтычнае, яно яшчэ і смачнае – жанчына «хварэе» выпечкай.

– Я раблю прысмакі. Святочны стол родныя не ўяўляюць без майго торта, – гаворыць Дзіяна.

Сямя Саўко.JPG


«Якія ж яны міленькія!»

Прыемную нечаканасць для маленькіх гасцей свята падрыхтавала сям'я Свешнікавых з Радзюшоў. Ужо не першы раз на свята вёскі яны прыводзяць коней – жадаючыя пакатацца вярхом ёсць заўсёды. Сёлета ж сям’я арганізавала кантактны міні-заапарк, прывёзшы ў Альхоўку яшчэ коз і авечак. Дзеці літаральна абляпілі вальер: кожнаму хацелася прылашчыць жывёлак.

Кантактны заапарк.JPG


«Якія галасы! Якія артысты!»

Галоўнай падзеяй свята стаў фестываль сямейнай творчасці – ён быў юбілейным, пятым.

– З кожным годам на наш заклік прадэманстраваць свае таленты адгукаецца ўсё больш удзельнікаў, – расказала мастацкі кіраўнік альхоўскага аддзела культуры і вольнага часу Ганна Уласік. – Паўдзельнічаць у фестывалі прыязджаюць і з іншых вёсак раёна. Сёлета з песенным нумарам да нас завітала сямейная пара з Ашмяншчыны.

Творчыя здольнасці дэманстравалі Волкавы, Заруба-Сячынскія, Лазарэвічы, Ярмакі, Горыды, Часнойці, Ляховічы, Сяўрысы, Мілько, Марозы, Інаровічы, Часнойці, Уласікі – дуэты і трыа дзяцей і бацькоў, жонак і мужоў, братоў і сясцёр запальвалі на сцэне, а гледачы іх падтрымлівалі апладысментамі і падпявалі песні.

Сямя Волкавых.JPG

Сям'я Волкавых


Танцавальнае папуры ад сямі Мілько.JPG

Танцавальнае папуры ад сям'і Мілько


«Самае галоўнае – калі сям'я разам»

Згуртаванасць і творчыя таленты сямейных тандэмаў не засталіся па-за ўвагай раённай арганізацыі «Белая Русь»: усе ўдзельнікі атрымалі падарункі ад яе старшыні Ірыны Раткевіч.

   – Фестывалю ў Альхоўцы роўна столькі гадоў, колькі і ініцыятыве нашай арганізацыі «Моцная сям'я – моцная дзяржава», пачатак якой быў пакладзены ў Астраўцы, калі сямейныя каманды расказвалі і паказвалі сваё хобі. Адзін з галоўных накірункаў нашай дзейнасці – падтрымка сям’і праз паказ яе каштоўнасці і значнасці на кожным этапе жыцця чалавека. Бо калі пануе добрае надвор’е дома, будзе мір і згода  ў нашай краіне, – упэўнена Ірына Раткевіч.

Удзельнікі фестывалю.jpg

  «Глянь, ужо скрынкі з прызамі на слупе вісяць!»

Аматарам спартыўнага ладу жыцця таксама было чым сябе заняць: валейбол, армрэстлінг, дартс і пад'ём на слуп – спаборніцтвы на згуртаванасць, трапнасць, моц і хуткасць рэакцыі сабралі прыхільнікаў гэтых гульняў і выявілі мацнейшых сярод іх.

Дартс.JPG

Так, больш за ўсіх ачкоў выбіў Мікалай Мароз, наймацнейшая рука ў Сяргея Кушлевіча і Аляксандра Каспяровіча, адолеў адлегласць у 6 метраў вышынёй, скарыўшы гладкі слуп, Раман Дрэма.

IMG_7388.JPG

 

«Без вас такога свята не атрымалася б!»

Выступленне сем’яў змя­ніла канцэртная праграма, якую для альхоўцаў падрыхтавалі работнікі мясцовага СДК, артысты з Рытанскага, Кямелішкаўскага і Міхалішкаўскага аддзелаў культуры і вольнага адпачынку.

– Я ўдзячна ўсім, хто дапамог зрабіць гэтае свята: удзельнікам фестывалю, аднавяскоўцам, калегам і, канешне ж, спонсарам: кардоннай фабрыцы, Міхалішкаўскаму лясніцтву, раённай арганізацыі «Белая Русь», якія прадставілі  прызы для спаборніцтваў і бяспройгрышнай латарэі, падарункі для сямей-удзельнікаў. Без вас усіх, без вашай падтрымкі і прысутнасці гэты дзень не атрымаўся б такім! – дзякуе Ганна Уласік.  

1.jpg

Свята і сапраўды было яркім, душэўным, цёплым – як у адной вялікай дружнай сям’і, радзіма якой – Альхоўка.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: