Як адпачываюць і працуюць гудагайскія школьнікі
15:17 / 21.07.2020
– Кожнае лета на базе нашай школы адкрываецца летнік працы і адпачынку «Крафт», – расказвае намеснік дырэктара летніка Юлія Каробка. – Жадаючых правесці 18 дзён, сумяшчаючы карысны адпачынак і пры гэтым зарабляючы грошы, менш не становіцца.
З-за эпідэміі каронавіруса школьнікі падзелены на два атрады, іх раніца пачынаецца з агляду: медыцынская сястра цікавіцца станам здароўя, вымярае тэмпературу – і падлеткі адпраўляюцца спачатку на зарадку, потым – у сталовую, а затым – на месца працы.
Гудагайская школа цесна супрацоўнічае з Астравецкім лясгасам – таму на працоўны дэсант выхаванцы летніка накіроўваюцца менавіта ў гэтую ўстанову. Адзін атрад дапамагае супрацоўнікам Палушскага лясніцтва рыхтаваць агароджу для вальераў, другі займаецца праполкай лясных пасадак.
Аляксандр Ярашэвіч:
– У лагеры я ўжо трэці раз. Гэтым летам таксама вырашыў не толькі адпачыць, але і падзарабіць. Мару атрымаць правы і купіць матацыкл, грошы адкладваю ўжо не першы месяц і тое, што тут зараблю, таксама пойдзе на ажыццяўленне маёй мары.
Не баяцца працы і дзяўчаты, якія тут адпачываюць. Адна з іх – Стэфанія Козіч, у летнік яна запісалася ўпершыню, але ўжо вырашыла, што ў наступным годзе таксама пойдзе ў «Крафт».
– Наш распарадак дня арганізаваны так, што праца чаргуецца з выхаваўчымі мерапрыемствамі. Дома дапамагаю маме палоць градкі і кветнікі – тут не цяжэй, – усміхаецца дзяўчына.
У 10 гадзін раніцы школьнікі з педагогамі высаджваюцца на лясной дзялянцы – дрэўцы тут пасадзілі ў 2018 годзе. За гэты час яны прыняліся і нават падраслі. Задача – вызваліць пасадкі малодзенькіх сасёнак і елачак ад пустазелля. Дарослыя і дзеці бяруцца за працу – і вось вачам ужо адкрываюцца роўненькія радочкі будучага лесу.
– Асноўная задача нашага летніка – стварыць умовы для адпачынку і працы дзяцей, – гаворыць намеснік дырэктара летніка. – Школьнікі працуюць тры гадзіны ў дзень, астатні час – аздараўліваюцца і адпачываюць. На кожны дзень распрацаваны мерапрыемствы, акцыі, гульні і квэсты – дзецям гэта падабаецца.
За актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах школьнікі атрымліваюць падарункі. А ў апошні дзень адпачынку Астравецкі лясгас выплаціць ім яшчэ і заработную плату.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.