Як ішло станаўленне краіны – успамінае Ірына Шляхтун

12:09 / 14.07.2020
Ірына Шляхтун нарадзілася, вырасла і практычна ўсё жыццё пражыла на Астравеччыне – ёй ёсць што ўспомніць. 

– Маё пакаленне – дзеці сярэдзіны мінулага стагоддзя. Мы на­ра­­дзіліся ў вялікай краіне – Савецкім Саюзе, выраслі без вайны і жылі ў эпоху перамен, якую мудрыя кітайцы лічаць горшым пракляццем. 

Я па прыкладу сваіх любімых настаўніц Ганны Іванаўны Герт і Ганны Мікітаўны  Ігнатовіч марыла стаць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, таму паступіла ў Гродзенскі педагагічны інстытут. Яшчэ студэнткай выйшла замуж. Нарадзіўся сын. Працаваць паехалі ў Баранавічы. Жыллёвая праблема і тады была вострай, у чарзе трэба было стаяць дзясяткамі гадоў. Мы здымалі прыватную кватэру за 40 рублёў – пры маёй зарплаце ў 90 і мужавай, які дняваў і начаваў на працы, у 120. Прапанавалі месца ў Астраўцы і жыллё, хай сабе патрабуючую рамонту двухпакаёўку ў падменным фондзе – але ж сваё. І мы рашыліся на пераезд.

Тады ўсё было дэфіцытам. Купіць мэблю немагчыма, а калі і выпадала каму такое шчасце, то ва ўсіх стаялі аднолькавыя сценкі і мяккія вугалкі. Каб прыдбаць дыван, трэба было не толькі ў чарзе адстаяць, але і 3 тоны бульбы здаць. Удалося раздабыць бляшанку шпротаў ці слоік зялёнага гарошку – гэта на Новы год! Кавалак тканіны ўхапіў – хай будзе, ці дзецям што пашыць, ці сабе якую сукенку ці спадніцу. 

У Астраўцы ў школах месца беларусазнаўцы не было. Мне прапанавалі пасаду дырэктара кінатэатра «Кастрычнік». Затым стала чыноўнікам: працавала ў камітэце народнага кантролю, сакратаром выканкама райсавета – гэта быў, па сутнасці, кіраўнік спраў і старшыня раённага Савета дэпутатаў у адной асобе. 

А час які настаў – перабудова, галоснасць… Памятаю выбары 1990 года ў Вярхоўны і мясцовыя Саветы дэпутатаў. У кожнай з 70 выбарчых акруг у раённы Савет балатавалася па два-тры кандыдаты. Я ішла на выбары па Масцянскай акрузе, а маім сапернікам нечакана стала загадчык мясцовага дзіцячага садка. Пасля яна падышла да мяне: «Ірына Баляславаўна, прабачце, але мне мыла прывезлі – не магла адмовіцца. Вы ж усё роўна пераможаце». Так у тыя часы дэфіцыту куплялі і кандыдатаў, і выбаршчыкаў – за мыла, за зубную пасту... 


Потым разваліўся Савецкі Саюз. Пачаўся хапун – кожны стараўся «прыхватызаваць», што можна. На дарогах панаваў бандытызм, рэкет, страшна было вечарам выйсці на вуліцу. Зарплаты, пенсіі, дапамогі на дзяцей па 2-3 месяцы не выплачвалі. Да мяне  ў кабінет неяк жанчына прыйшла з дзіцем.

Пасадзіла малое на стол і кажа: карміце – мне няма чым! І сабралася ісці. Я ўжо і не помню, каго я падключала, прасіла, патрабавала, каб ёй выплацілі грошы. А часам у такіх сітуацыях проста даставала кашалёк… 

Людзі, і мы ў тым ліку, выжывалі з зямлі: кожны стараўся займець хоць невялікі лапік, каб пракарміць сям’ю, нарыхтаваць прыпасаў на зіму, запоўніць склепы. 

І вось першыя прэзідэнцкія выбары. Не буду маніць – я агітавала тады за кандыдата ад улады Вячаслава Кебіча. Але перамог нікому невядомы Лукашэнка. Нас палохалі: будзе люстрацыя, усіх чыноўнікаў выганяць з работы. Але новы кіраўнік дзяржавы сказаў: гэта людзі вопытныя, не флюгеры – на іх можна палажыцца. І ўсе засталіся на сваіх месцах. Мяне прызначылі кіраўніком спраў райвыканкама, які тады курыраваў і сацыяльныя пытанні. 

Пачалося станаўленне прэзідэнцкай рэспублікі. Малады кіраўнік краіны ўзяў курс на духоўнае адраджэнне. Гэта было нязвыкла: мы ўсе хрысцілі дзяцей і бралі шлюб, хаваючыся, каб не даведаліся і не звольнілі з работы. А тут зрабілі крок да духавенства. 

Памятаю, як арганізоўвала першую сустрэчу са святарамі. Мы звярнуліся да іх з просьбай дапамагчы ўладзе ў пытаннях выхавання дзяцей, грамадства. Ксяндзом-дэканам тады быў Алёйза Тамковіч, чалавек мудры, духоўна багаты, які з верай і малітвай прайшоў ссылку і дачакаўся 2 000-годдзя хрысціянства. Не магу забыць яго словы: «Не так даўно я стаяў у гэтым кабінеце – і мяне адчытвалі, што ў касцёл прыйшлі дзеці. І вось я  дажыў, што ўлады просяць дапамагчы іх выхоўваць! Усё вырашаецца там…» – і ўзняў рукі ў неба.

01.jpg

Узнагароджаныя медалём «2 000 год хрысціянства» злева направа: загадчык аддзела культуры Данута Чарнушэвіч, жыхар в. Свіранкі Леанард Лагоўнік, намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шляхтун, ксёндз-дэкан Алёйза Тамковіч, галоўны рэдактар «Астравецкай праўды» Ніна Рыбік



Дарэчы, першы абласны семінар па развіцці духоўнасці і нацыя­нальнай сферы – тады я ўжо працавала намеснікам старшыні рай­выканкама – правялі менавіта ў Астравецкім раёне – краі, дзе стагоддзямі ў міры і згодзе жывуць людзі розных нацыянальнасцей. 

Так, людзям майго пакалення ёсць што ўспомніць: з чаго мы пачыналі і да чаго прыйшлі. А памяць – гэта карані таго дрэва, на якім трымаецца свет і якія сілкуюць і голле, і лістоту. Вядома, трэба, каб жыццё мянялася, удасканальвалася – але не шляхам рэвалюцый. Бо, азіраючыся назад, магу паўтарыць вядомую кітайскую прыказку: не дай Бог нашым дзецям і ўнукам жыць у эпоху перамен.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик