Што рабіць, калі вас пакусалі насякомыя

10:48 / 14.07.2020
247
Прывітанне, сябры!

Ці здагадаліся вы, пра што пойдзе размова? Так, пра насякомых – летам іх шмат, і не ўсе яны бяспечныя. 

Узяць, напрыклад, асу, пчалу ці чмяля. З выгляду яны здаюцца міленькімі. А на справе балюча джаляць – гэта я паспытаў на сабе. 



Калі «пазнаёміўся» з чмялём, мне было гадоў пяць. Нядаўна пра гэту сустрэчу бацькі мне нагадалі:

– Дрэнная муха ўкусіла, – сказаў я, бо не ведаў тады, як яна завецца, і заплакаў – месца ўкусу на назе забалела адразу. Каб зменшыць боль, мама прыклала бутэльку з халоднай вадой.

Цяпер ведаю, што ў такім выпадку можна было працерці месца мылам, лімонным сокам ці воцатам. А калі пачнецца ацёк ці алергічная рэакцыя, трэба звяртацца ў бальніцу.

Каго-каго, а камароў летам пазбегнуць не атрымаецца. Яны і кусаюцца, і надакучваюць сваім піскам. Так, у магазінах можна купіць сродкі, якія абароняць ад гэтых насякомых, – але дзейнічаюць яны часова і дапамогуць не на сто працэнтаў. І такія ўкусы кожны чалавек пераносіць па-рознаму: можа ўзнікнуць алергія з ацёкамі і свербам.



Таксама небяспечныя мошкі. Месца, дзе яны пакусалі, звычайна расчэсваюць да крыві – гэтыя раны потым доўга гояцца.

Сверб ад укусаў камароў і мошкаў здымаюць нашатырным спіртам ці растворам пітнай соды. Здараецца, што некалькі дзён не праходзяць ацёкі, – тады ідзіце да доктара.

Яшчэ адно насякомае, якое перашкаджае добраму адпачынку, – клешч. І прычапіцца ён можа не толькі ў лесе, але ў двары дома ў вёсцы і нават у гарадскім парку. Насякомае кусае небалюча, таму знайсці яго на целе можна толькі пасля стараннага агляду. 



Выцягнуць кляшча лепш прасіце дарос­лых, а потым абавязкова апрацуйце ранку зялёнкай ці спіртам. Не лішнім будзе сха­дзіць у бальніцу, таму што насякомае з’яў­ляецца пераносчыкам інфекцыйных захворванняў.

Адным словам, выконвайце меры перасцярогі і правілы бяспекі – тады ваш адпачынак пройдзе з карысцю і без здарэнняў.

З павагай Ягор


Текст: Администратор сайта
Фото: из интернета
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений