Розныя напрамкі юрыдычнай прафесіі Алены Дукевіч

07:59 / 12.07.2020
359
У тым, што прафесія юрыста шматгранная і вельмі цікавая, галоўны юрыс­консульт інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Бела­русь па Астравецкім раёне Алена Дукевіч упэўнівалася кожны раз, уладкоўваючыся на новую работу. І кожны раз для яе гэта быў новы вопыт і  новая магчымасць паспрабаваць сябе ў іншай сферы…

2.jpg



Нараджэнне юрыста

Алена, як і большасць яе ад­нагодкаў, хацела стаць на­стаў­­ніцай пачатковых класаў, таму пасля школы вырашыла «штур­­маваць» педінстытут у Грод­не, аднак ёй не пашанцавала. Дзяўчына не адчаялася, хут­ка сарыентавалася і, каб не губ­ляць  цэлы год, вырашыла па­ступаць у Ашмянскі сельгас­тэх­нікум – там якраз быў першы набор на новую тады спецыяльнасць «юрыст». 

– Конкурс быў вялікі, – успа­мінае Алена Станіславаўна. – Да таго ж гэта быў іншы, не педа­га­гічны, профіль, а значыць і іншыя экзамены. Так што прыйшлося пастарацца.

Паняцце, чым займаецца юрыст, у дзяўчыны было агульнае. Ду­мала, у міліцыі працаваць будзе або натарыусу дапама­гаць. Ды і на прадпрыемствах та­ды юрыс­консультаў было на паль­цах адной рукі злічыць па ўсім раёне. 

Алена не расчаравалася ў вы­бары прафесіі і праз 2 гады, атры­маўшы дыплом спе­цыя­ліс­та, вярнулася ў Астравец.

ДБПМК-73

Першае рабочае месца мала­ды спецыяліст атрымала ў ДБПМК-73, дзе дырэктарам быў яе свёкар Браніслаў Дукевіч. Першы вопыт на вытворчасці ака­заў­ся вельмі прадуктыўным, хоць і складаным. Сфера дзей­насці – гаспадарчае права. На «раскачку» часу не было: прый­шла – і адразу акунулася ў работу.

Камбінат будаўнічых матэрыялаў

Пасля дэкрэтнага адпачынку Алена Дукевіч выйшла ўжо ў камбінат будаўнічых матэ­рыя­лаў, бо ДБПМК закрылі. Узначальваў КБМ Аляксандр Волк-Леановіч. 

– Было вельмі цікава: мытнае афармленне,  атрыманне і пра­даўжэнне ліцэнзіі, – успа­мінае жанчына. – І вопыт гэта быў каласальны. Цяжка справа ішла. Але, калі захацець, пераадо­лееш усё. Я кіравалася прын­цыпам: трэба ўдаска­наль­вацца кожны дзень. 

Цяжка было яшчэ і таму, што Алену «дагрузілі кадрамі», а дома яшчэ сям’я, малое дзіця і… вучо­ба: жанчына паступіла на завоч­нае аддзяленне ў Беларускі інстытут правазнаўства, які скон­чыла з адзнакай.

Белдзяржстрах

Новы этап жыцця і новы віток работы чакаў ужо вопытнага юрыста Дукевіч у прадстаўніцтве Белдзяржстраха па Астравецкім раёне. Да Алены адзінкі юрыс­консульта тут не было, таму прыйшлося ўсё пачынаць з нуля. Так яна асвоіла і страхавы напрамак юрыдычнай дзейнасці: выплаты страхоўкі, прычым немалыя, – адказнасць таксама вялікая. 

Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне 

Новая «гісторыя», новыя людзі і новая, не менш цікавая, але ж і складаная юрыдычная работа чакала Алену Станіславаўну ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

– У гэтай сферы ты аддаеш не толькі свой вопыт і час, але і нер­вы, душу, сэрца. Тады якраз  уводзілася дзяржаўная адрасная дапамога, мне даверылі гэты адказны і складаны ўчастак работы. Шмат было людзей, якія кінуліся за гэтай дапамогай. Віктар Збігневіч Свіла тады ўзначальваў  нашу камісію па выплатах – чалавек шырокай душы і са спагадлівым сэрцам. Нам хацелася дапамагчы ўсім, а так не атрымлівалася. У кожнага, хто звяртаўся, была свая жыццёвая сітуацыя, якую ты нібы прапускаў праз сябе. Перажываць гісторыю кожнага як сваю для мяне аказалася непасільнай задачай. Сямейны савет вырашыў, што маё здароўе ўсё ж важней, таму давялося шукаць другую работу.

Падатковая інспекцыя

Знаёмства са спецыфікай работы ў ІМНС адбылося заран­ня, у 2004 годзе, калі Алена Ста­ніславаўна падмяняла дэкрэтны адпачынак. Праз некалькі гадоў яна прыйшла ў інспекцыю на «пастаянку».
 
– Задача юрысконсульта – аба­раняць правы прадпрыем­ства і дапамагаць калегам, каб яны працавалі ў рамках зака­на­даў­­ст­ва. Я кантралюю тэрміны і памеры падатковых выплат, спаг­­нанне доўгу з беларускіх і за­межных прадпрыемстваў, што пра­цуюць на Астравеччыне, таму што ад гэтага залежаць зарплаты настаўнікаў, ме­ды­каў, пенсіі і сацыяльныя вып­ла­ты, – гаворыць гонар раёна.

– Наша інспекцыя сутыкнулася з сур’ёзнай праблемай: некаторыя замежныя фірмы, скончыў­шы работу на аб’ектах раёна, без па­пярэджання выязджаюць за  мяжу, тым самым паруша­ючы беларускае заканадаўства, і на радзіме аб’яўляюць сябе банкрутамі. Па правілах толькі пасля падатковай праверкі фірма можа быць ліквідавана.  Таму мы цесна працуем з эканамічным судом па выплаце такімі прад­прыемствамі падаткаў за перыяд дзейнасці на тэрыторыі нашага раёна. Ужо можна купляць карту свету, каб адзначаць, дзе працуе астравецкая падатковая інспекцыя. (Смяецца.)

Плюс прафсаюз

Да юрыдычнай дзейнасці Але­ны Станіславаўны далучы­лася не толькі кадравая работа, але і прафсаюзная. Яна – лідар пярвічкі астравецкіх па­дат­ка­вікоў. 

– Таму і сяджу адна на ўвесь вялікі кабінет, – смяецца жанчына. – Маю права.

Актывістка, якая з 5 класа і да выпускнога «заведвала казначэйскімі справамі» і была пастаяннай удзельніцай школьных мерапрыемстваў, Алена Дукевіч лёгка спраўляецца з такімі рознымі і вельмі  няпрос­тымі абавязкамі. Калек­тыў адзначыў яе арганізатарскія здоль­насці, выбраўшы старшы­нёй свайго прафкама на другі тэрмін.


ТРЫ ПЫТАННІ АБ ГАЛОЎНЫМ

1) Што больш за ўсё падабаецца ў вашай рабоце?

– Калі атрымліваеш вынік ад таго, над чым доўга і старанна карпела. Усе суды, дзе абараняла правы інспекцыі, мы выйгралі, нашы скаргі былі задаволены нават у замежных краінах, дзе заканадаўства адрозніваецца ад беларускага. 

2) Што вас, магчыма, засмучае?

– Негатыў неплацельшчыкаў. Зразумела, што яны перажываюць, бо галоўная іх мэта – зарабіць як мага больш грошай. Ёсць тыя, хто бурна рэагуе на патрабаванне, якое выстаўляе інспекцыя. Пасля чарговай такой размовы вечарам іду ў агарод або кветнік –  так, у маўчанні і адзіноце,  здабываю душэўны спакой. Зімой дапамагаюць лыжы. Альбо іду з сабакам на прагулку.

3) Ці ёсць у прадстаўнікоў вашай прафесіі  аднолькавыя якасці характару?

– Безумоўна. Гэта адказнасць за работу і вынік, спра­вядлівасць і сумленнасць.

Сёння Алена Дукевіч ужо не баіцца змяніць месца працы: не толькі ў тэорыі, але і на практыцы, здаецца, прайшла ўсе цяжкасці прафесіі і ведае ўсе падводныя камяні. Аднак яна працягвае ўдасканальваць веды –  і не лічыць ганебным зноў і зноў адкрываць звод законаў, якія вельмі хутка мяняюцца, і выслухваць парады больш вопытных калег. Толькі так, упэўнена гонар  раёна, і становяцца сапраўднымі прафесіяналамі. 

Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений