Вандроўка з вецярком

11:13 / 07.07.2020

Прыгод я не шукаю – яны самі мяне знаходзяць. Так, байкеры (з імі да гэтага часу ніяк не перасякалася) зрабілі мне вельмі цікавую і прывабную прапанову: скласці ім кампанію ў культурнай паездцы ў Нясвіжскі замак.

1.jpg

Запрашэнне аказалася з разраду «і хочацца, і колецца». Па-першае, да гэтага часу Нясвіж бачыла толькі на фотаздымках. Па-другое, хоць мне і падабаюцца матацыклы (звычайна кідаю позіркам на іх), а ехаць –страшна. Апошняе прымусіла шукаць шмат адгаворак, маўляў, і байкеры хутка ездзяць, і я нікога з іх не ведаю. Больш за гадзіну ўгаворвалі мяне, нават пробныя пакатушкі арганізавалі, падчас якіх я засвоіла два ўрокі: калі збіраешся пракаціцца на матацыкле, трэба заплесці валасы і апрануцца цяплей, асабліва вечарам ці ранкам.

Карацей, я згадзілася!

Яшчэ напярэдадні даведалася, што маршрут пройдзе праз Лідскі замак. Ну і добра, у мінулым годзе я толькі побач з ім гуляла.

Перад стартам хлопцы папярэджваюць дзяўчын, што пасля вандроўкі ў іх будуць балець пятыя кропкі. Пасля паўгадзіны язды я разумею, што ў мяне больш будуць балець рукі, гэтак моцна я ўхапілася за вадзіцеля.

– Ты не напружвайся, – раяць мне падчас прыпынку байкеры.

Добра вам, калі вы кожны дзень катаецеся – а я апошні раз на матацыкле ездзіла гадоў дзесяць назад, і то кіламетраў пяць.

Ці хутка мы ехалі? Як сказаць: праз візар шлема я не толькі паспявала чытаць назвы населеных пунктаў – дарэчы, таксама цікавыя: Дакудава, Тударава, Байкі (вядома, едучы на байку, націск паставіш на першы склад), Літва, – але і бачыла кожны лісток і кожную травінку.

2.jpg

4.jpg

Пасля знаёмства з Лідскім замкам байкеры прымаюць рашэнне набываць магніцікі ўсюды, куды яны ездзяць. За тыдзень да гэтай вандроўкі яны былі ў Міры і Навагрудку і нічога не купілі – таму перабудоўваем маршрут: адпраўляемся за магніцікамі. Такім чынам, няхай і мімаходзь, я наведала яшчэ два цікавыя месцы. У Навагрудку каля сувенірнай крамы нават патэфон паслухалі.

3.jpg

Пасля Ліды мне стала крыху смялей: пачала круціць галавой – глядзець у адзін бок забалела шыя. Але гэта яшчэ што! На зваротным шляху з Нясвіжа я ўжо дазваляла сабе кантраляваць хуткаць руху матацыкла. Неверагодная нахабнасць.

Асаблівасць такіх паездак у тым, што ў дарозе ты маўчыш. Затое ёсць час падумаць.

У выніку, мая першая (спадзяюся, не апошняя) вандроўка працягласцю амаль 500 кіламетраў атрымалася цікавай, захапляльнай і падарыла толькі пазітыўныя уражанні. Дзякуй байкерам!



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Светлана Фёдорова и из архива байкеров