Першы матч – першае паражэнне

20:52 / 03.07.2020

У Дзень Незалежнасці распачаўся чэмпіянат Гродзенскай вобласці па футболу, у якім удзельнічаюць і астраўчане. Першы матч «ФСК – Меліяратар» сыграў дома з камандай «Ашмяны». На жаль, першы блін аказаўся комам: нашы футбалісты саступілі 0:3.

02.jpg

Спачатку каманды гулялі на аднолькавым узроўні, але неўзабаве госці перахапілі перавагу, усё часцей ствараючы небяспечныя моманты ля варот астраўчан. У сярэдзіне першага тайма адна з атак ашмянцаў завяршылася голам.

Нашы футбалісты з усіх сіл спрабавалі адыграцца, але нічога не атрымлівалася. З-за няўдачы было цяжка стрымаць эмоцыі – і адзін з ігракоў «ФСК – Меліяратар» быў «узнагароджаны» жоўтай карткай. За некалькі хвілін да перапынку футбаліст зноў дапусціў парушэнне – і на гэты раз атрымаў чырвоны «гарчычнік». Астраўчане засталіся гуляць у меншынстве і на апошняй хвіліне першага тайма прапусцілі другі мяч.

05.jpg

Балельшчыкі былі, мякка кажучы, азмрочаныя ходам такіх падзей. Тым больш што пачатак другога тайма не радаваў: ашмянцы ўпарта працягвалі штурмаваць нашы вароты. На шчасце, астравецкі галкіпер стойка трымаў абарону. Ігракі нашай каманды больш ігралі на контратаках і ў іх было некалькі цудоўных момантаў, каб нарэшце размачыць лік. Аднак мяч, бы зачараваны, не спяшаўся трапляць у сетку сапернікаў. Пасля ж пацвердзілася футбольнае правіла: калі не забіваеш ты, забіваюць табе. За хвіліну да завяршэння асноўнага часу ашмянцы зрабілі лік 0:3.

04.jpg

Галоўны суддзя дадаў яшчэ чатыры хвіліны гульні, але сітуацыя не змянілася: астравецкі «ФСК – Меліяратар» прайграў 0:3.

06.jpg

Абласны чэмпіянат толькі распачаўся і спадзяёмся, што ў наступных гульнях нашай камандзе абавязкова пашанцуе.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Марина Мацкевич