Амаль 180 гадоў складае агульны сямейны стаж дынастыі лесаводаў Зданоўскіх-Дзісько
12:11 / 02.07.2020
Прадзед
Міхаіл Аляксандравіч Зданоўскі нарадзіўся ў 1893 годзе – па дакументах, а па словах родзічаў – у 1899 годзе. Дом яго стаяў на хутары Якубішкі – цяпер гэта ўскраіна Падольскага лясніцтва. Лясы заўсёды былі вялікім багаццем, а ляснік – паважаным чалавекам. Міхаіл Аляксандравіч працаваў аб’ездчыкам у Свірскім лясніцтве, акрамя таго, даглядаў панскія зялёныя ўгоддзі, ды і свайго лесу меў гектараў сто – не апошнім чалавекам быў у наваколлі.
У 1939 годзе памянялася ўлада – але не праца і адносіны да яе Міхаіла Зданоўскага: ён па-ранейшаму працаваў у сваім знаёмым да драбніц лесе, толькі цяпер яго абшары ўваходзілі ў склад Кямелішкаўскага лясніцтва Мядзельскага, затым – Свірскага лясгаса, пазней – Міхалішкаўскага лясніцтва спачатку Смаргонскага, а потым Астравецкага лясгаса. Каб было зразумела: тагачаснае лясніцтва па плошчы займала амаль палову цяперашняга лясгаса, у яго ўваходзілі лясы сённяшніх Падольскага, Кямелішкаўскага, Міхалішкаўскага, Спондаўскага лясніцтваў. І самым надзейным памочнікам і транспартным сродкам лесніка быў конь. На пенсію Міхаіл Зданоўскі выйшаў у 72 гады.
– Я думаю, што прадзед, каб не пайшоў з лесу, жыў бы, напэўна, гадоў да дзевяноста, – з сумам зазначае Канстанцін Дзісько. – Сярод лесаводаў шмат доўгажыхароў. Што і казаць – жывая энергетыка!
Міхаіл Аляксандравіч выхаваў чацвёра дзяцей. І асаблівым гонарам яго быў Альфрэд, які выбраў справу жыцця бацькі.
Дзед
З іменем дзеда ў сям’і ўзнікла блытаніна: адны звалі яго Альфрэдам, другія – Альбертам, нават у дакументах былі розныя запісы. Больш таго: у трох яго дачок імёны па бацьку розныя: дзве Альфрэдаўны і адна Альбертаўна. У тыя часы гэтаму не надавалі значэння…
Працоўную дзейнасць Альберт Міхайлавіч – будзем зваць яго так – пачынаў у 1955 годзе ў Міхалішкаўскім лясніцтве Свірскага лясгаса майстрам па лясных культурах – сёння гэта адпавядае пасадзе інжынера.
Неўзабаве талковага спецыяліста прызначылі бухгалтарам – тады для гэтага неабавязкова было мець адпаведны дыплом. Але праз нейкі час мужчына зразумеў, што адукацыя ўсё ж патрэбная – і, маючы дзвюх дачок, паступіў на завочнае аддзяленне Полацкага ляснога тэхнікума. Дарэчы, цалкам верагодна, што ў яго калідорах сустракаўся са сваім будучым зяцем: Альберт Зданоўскі закончыў яго ў 1966 годзе, а Пётр Дзісько паступіў у 1965-м.
Не дачакаўшыся, пакуль Альберт Міхайлавіч прадставіць дыплом аб спецыяльнай адукацыі, яго ў 1965 годзе прызначылі памочнікам ляснічага Міхалішкаўскага лясніцтва – з такім вопытам работы справіцца з любымі задачамі!
У 1969 годзе ў Міхалішкаўскім лясніцтве здарылася самае страшнае, што можа быць у лесе, – пажар. За дзве з паловай гадзіны полымя знішчыла больш за 200 гектараў дрэў. Страты маглі б быць куды большымі, і не толькі матэрыяльнымі, калі б на барацьбу з агнём не ўзняліся ўсе – ад малога да старога. У ліку першых быў памочнік ляснічага Зданоўскі: ён з таварышамі вынес з агню пацярпелага – уратавалі жыццё чалавеку.
Калі ў 1970 годзе тады ўжо ў Астравецкім лясгасе стварылі Падольскае лясніцтва, узначаліць калектыў прапанавалі Альберту Зданоўскаму, хоць на той час ён ужо жыў у Міхалішках.
– Нічога, пры патрэбе ў бацькі заначуеш, – супакоілі новаспечанага кіраўніка.
Начаваць у бацькі даводзілася часта: тэрыторыя лясніцтва была ад мяжы з Віцебшчынай і да Міхалішак. Хоць і былі ўжо на ўзбраенні леснікоў матацыклы, але з тэхнікай ляснічы не сябраваў, як і яго бацька, больш спадзяваўся на каня, а найперш – на ўласныя ногі. Кожны дзень у любое надвор’е – вецер, снег, дождж – з дзясятак кіламетраў напрасткі, цераз Сарочча, хадзіў на работу і назад. Гэты шлях за многія гады стаў знаёмы да кожнага прыдарожнага дрэўца і кусціка.
Менавіта Альберт Міхайлавіч фарміраваў у новым лясніцтве калектыў – а справа гэтая няпростая. Пад яго кіраўніцтвам пасаджаны сотні гектараў лясоў, найперш на пуставаўшых землях на мяжы з Літвой. Цяпер тыя кволыя саджанцы выраслі ў гонкія сосны і магутныя елкі, лясы радуюць мясцовых жыхароў багатымі грыбовішчамі і шчодрымі ягаднікамі.
Крайні злева Альберт Зданоўскі
– Я памятаю дзеда – высокі, статны, – узгадвае Канстанцін Дзісько. – На першы погляд ён здаваўся суровым, а на самой справе добрым быў, справядлівым. Вельмі не любіў, калі падманвалі, хітравалі… Мяне, малога, браў у лес, асабліва я любіў у спондаўскую зону ездзіць – там усе леснікі мяне ведалі.
Крыху засмучала Альберта Міхайлавіча, што няма каму таптаць яго лясныя сцежкі: тры дачкі – якія з іх леснікі?
Ды зялёны бог, мусіць, пачуў яго малітвы – і паслаў зяця-лесавода.
Бацька
Пётр Дзісько родам з Пастаўшчыны, з-за Лынтупаў. Закончыў Полацкі лясны тэхнікум у 1969 годзе, з месяц папрацаваў у Крэўскім лясніцтве на Смаргоншчыне, затым – армія. Пасля дэмабілізацыі прасіўся ў Пастаўскі лясгас – там месцаў не аказалася. Напэўна, нехта нябачны вёў яго насустрач лёсу: падказалі, што ёсць вакансіі ў Астравецкім лясгасе. Прапанавалі на выбар некалькі лясніцтваў – Падольскае было бліжэй за ўсіх да дому. Пачынаў майстрам лесу, у яго зону адказнасці ўваходзіла тэрыторыя сённяшняга Спондаўскага лясніцтва: Масцяны, Клюшчаны, Трашчаны – гэта ўвогуле амаль што побач з роднай вёскай.
Праз тры гады ў жыцці Пятра Дзісько адбылося дзве знамянальныя падзеі: яго прызначылі памочнікам ляснічага і ён ажаніўся з дачкой свайго начальніка – стаў ляснічаму памочнікам і на рабоце, і дома.
– Дзед не любіў з паперамі працаваць, ледзь што – «Ты, Іванавіч, дакументамі займіся, а я ў лес». Бацька прызнаваўся, што і сам рад быў бы ў лес – але ж не паспрачаешся! Калі па шчырасці, то і мне лепей працаваць у лесе, на работу з дакументацыяй застаюцца, як правіла, вечары і выхадныя, – прызнаецца Канстанцін Дзісько.
Доўгі час Зданоўскі і Дзісько змянялі адзін другога ў кіруючым крэсле: то адзін працаваў ляснічым, а другі – памочнікам, то наадварот. Пакуль у 1988 годзе Альберт Міхайлавіч не перадаў канчаткова справы маладому пераемніку, адправіўшыся на заслужаны адпачынак.
Пётр Іванавіч пасля таго ляснічым быў нядоўга: сталі ўводзіць камп’ютары, і ён не знайшоў агульнай мовы з разумнымі машынамі. А можа, не схацеў… Але лес не пакінуў: да 2016 года працаваў лесніком.
– Ён і цяпер, можна сказаць, пазаштатны супрацоўнік лясніцтва, – гаворыць Канстанцін Пятровіч. – Ведае ў лесе кожную сцежку, калі што трэба ўдакладніць на мясцовасці, то тата – першы памочнік. Штодня да бацькоў заязджаю і кожны раз павінен даць поўную справаздачу: чым сёння людзі займаліся, дзе лес садзілі ці адкуль драўніну вывозілі, колькі лесавозаў адправілі, якія навіны ў лясгасе і лясніцтве. Па-ранейшаму хоча быць у курсе ўсіх спраў. І парады дае слушныя – усё ж 45 гадоў у лясной гаспадарцы!
Сын
– Калі мяне пытаюць, колькі часу працую ў лясніцтве, я звычайна ўдакладняю: афіцыйна ці на самой справе? – усміхаецца ляснічы Падольскага лясніцтва Канстанцін Дзісько. – Увогуле мяне прынялі на работу майстрам 1 красавіка 2009 года, праз чатыры дні пасля ўручэння дыпломаў – у водпуск я не пайшоў, хацелася хутчэй пачаць самастойную працу. А ўвогуле я ў лясніцтве з таго часу, як сябе помню, – то з дзедам, то з бацькам. Калі паступіў у Полацкі лясны каледж, аднакурснікі, як нешта іншапланетнае, успрымалі слова «бусоль» – а я ўжо ўмеў гэтым прыборам карыстацца.
Хоць лёс выпрабоўваў Канстанціна на вернасць мары. Пасля 9 класа бацькі яго не пусцілі ў іх, можна сказаць, сямейную вучэльню – Полацкі лясны каледж: пашкадавалі – маленькі, шчупленькі. «Ну, тады хоць у Камарова, – заўпарціўся хлопец, – там таксама на леснікоў вучаць!» Камарова блізка – адпусцілі. А ў ліцэі падлетку з досыць прыстойнымі адзнакамі параілі ісці ў сельскагаспадарчую групу, пасля якой прымалі па скарочаны курс у БАТУ. «Хай будзе так», – пагадзіўся Косця. Але, скончыўшы ліцэй, усё роўна пайшоў у той самы Полацкі каледж, які заканчвалі ў свой час дзед і бацька.
– Мне б не сеяць, мне – садзіць! – патлумачыў ён сваё нелагічнае рашэнне: мог праз тры гады мець дыплом аб вышэйшай адукацыі, а атрымаў за той жа час толькі другую сярэдне-спецыяльную.
Зрэшты, і вышэйшую ён мае: пасля каледжа завочна закончыў тэхналагічны ўніверсітэт.
У працы Канстанцін Пятровіч пайшоў амаль след у след за дзедам і бацькам: у 2014 годзе 26-гадовага юнака прызначылі ляснічым Падольскага лясніцтва. Кіраўніцтва лясгаса, праўда, крыху непакоіла халасцяцкае становішча маладога кіраўніка: каб хоць не звезла перспектыўнага работніка ў горад якая красуня. Ды ён сам «замацаваў» у Падольскай школе маладога спецыяліста: настаўніца замежнай мовы Алена Сцяпанаўна ў мінулым годзе стала яго жонкай, а сёлета да Дня Незалежнасці маладая сям’я чакае галоўны ў жыцці падарунак – першынца.
…і іншыя родзічы
У Падольскім лясніцтве працавала да выхаду на пенсію і маці Канстанціна Пятровіча Яніна Альфрэдаўна – пажарным вартаўніком, майстрам піларамы, конюхам. Лесніком працуе і яго брат Аляксандр.
А ўвогуле працоўны стаж лесаводаў Зданоўскіх-Дзісько складае амаль 180 гадоў – і можна не сумнявацца, што гэта далёка не канчатковая лічба!
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.