Как собирали музыкальную группу, рассказали участники NN-band

10:12 / 01.07.2020
Гэты моладзевы музычны гурт узнік дзякуючы жаданню школьнікаў разнастаіць свой вольны час, займаючыся тым, што ўмеюць і ад чаго атрымліваюць неверагодны драйв. Пра першыя крокі юных музыкантаў і ўражанні ад сумеснай працы карэс­пандэнт «АП» распытаў у салісткі, стваральніка NN-band Соф’і Юрчанкі, барабаншчыка Андрэя Чумакова і акардэаніста Мікіты Васільчыка.

01.jpg



БЕЗНАЗОЎНЫЯ

– Ідэя стварыць гурт узнікла ў красавіку 2019 года. А першая рэпетыцыя прайшла  ў  пачатку мая, – узгад­вае Соф’я Юр­чанка. – Му­зы­­­кантаў, з якімі ха­цела граць, я ведала – каго асабіста, а каго па расповедах знаёмых.

Софя Юрчанка.jpg



У кампаньёны па падборы адна­­думцаў дзяўчынка ўзяла свайго земляка Андрэя Чумако­ва – абое родам з украінскага Сла­вуціча. Хлопец іграе на мно­гіх  інструментах, а галоўнае – хварэе музыкай. 

– Спачатку ў мяне была ідэя ар­га­­­нізаваць джаз-бэнд. Але май­с­троў гэтай справы я не знай­шоў… Якраз тады Сафія Юр­чан­ка вырашыла сабраць гурт, знайшла добрага гіта­рыс­та, а вось з ударнікам – бяда. Агуль­нымі намаганнямі мы адшукалі басіста, склалі план-міні­мум і сталі іграць, – расказвае Анд­рэй Чумакоў. – Сыграліся хутка, але не хапала клавішніка, – пад­ключылі Мікіту.

12.jpg



– Соня з Андрэем спрабавалі дамовіцца наконт залы для рэпетыцый – спярша ім не давалі, – далучаецца да размовы Мікі­та Васіль­чык. – А за тыдні тры да свята «Віват, гімназія» далі памяшканне.  У гурт я прыйшоў апошнім – за два дні да выступлення патэлефанавала Соня і папрасіла сыграць «Халі-галі» і «Раёны, кварталы». Так стаў удзельнікам NN-band. 

Мікіта Васільчык.jpg



Музычныя інструменты былі свае – дакладней, амаль усім забяспечваў Андрэй Чумакоў.

– У Давіда гітара свая, у мяне акардэон ёсць, але яго далёка насіць, а Андрэй жыве каля гімназіі, – гаворыць  Мікіта. 

У барабаншчыка моладзевага гурта вялікі музычны арсенал, ён вучыўся ў музычнай школе і асвоіў ударныя, гітару, фартэпіяна, акардэон, хадзіў на аркестр. 

– Хацелася мець уласныя музычныя інстру­мен­ты. З  дапа­мо­гай настаў­ніка па ўдар­ных Анатоля Івана­віча Шапалава набыў поўны камплект устаноўкі адменнай якасці. Потым пашанцавала знайсці «жалеза» – талеркі для барабаннай устаноўкі і добрыя бас- і электрагітары, – расказвае Андрэй Чумакоў.

З назвай гурта юныя аматары музыкі вызначыліся не адразу.

– Былі розныя варыянты: best­­friends-band; M&ms-band; «Группатупа» альбо «Тупогруппа»…, – прыгадвае барабаншчык.

– Назву  NN-band прапа­на­ваў мой знаёмы – яна гучыць як «ноў нэйм бэнд», што ў перакладзе азначае  «няма назвы ў бэнда». Нам спадабалася, – дзеліцца Соф’я.

Дарэчы, склад гурта атры­маўся шматнацыянальным: яго ўдзельнікі ўраджэнцы Беларусі, Расіі, Украіны, Арменіі.

На свяце Віват гімназія.jpg



Склад NN-band:

Соф’я Юрчанка – вакал,

Мікіта Васільчык – акардэон,

Рыма Камагорава – бас-гітара (прыйшла на змену Кірылу Герману),

Андрэй Чумакоў – ударныя,

Яраслаў Савін  – электрагітара,

Давід Епрэмян  – электрагітара (часам дапамагала на электрагітары Анастасія Філістовіч).

ДЛЯ СЯБЕ І ГЛЕДАЧА

Спачатку ў рэпертуары гурта было тры песні: «Раёны, кварталы», «Халі-галі», і «Нірвана». 

– Упершыню выступілі на канцэр­це «Віват, гімназія» ў кіна­кан­цэртнай зале «Астравец», – расказвае Мікіта Васільчык. – Потым – на раённым конкурсе патрыятычнай песні. Нас сталі запрашаць на мерапрыемствы…



– Часам прапаноў­валі ўдзель­­нічаць у конкурсах – але галоўнай умовай была, каб у калектыве былі вучні гімназіі. Шукалі таленты сярод аднакласнікаў. І атрымалася – класным калектывам мы ігралі на трох мерапрыемствах, – дадае Андрэй. – А ўвогуле мы стараліся праціснуцца ўсюды, куды толькі можна.

Падбіралі рэпертуар і рэпеці­ра­валі падлеткі самастойна. Бра­лі  такія кампазіцыі, каб былі за­­­дзейнічаны ўсе ўдзельнікі; раз­мяр­коўвалі партыі; развуч­валі кож­ны свой «кавалачак», а потым «склейвалі» ў адно цэлае.

– Калі нумар адпрацуем, клі­чам Святлану Станіславаўну Крас­нову, – заўважае Мікіта. – Для нас было важна, каб работу аца­ніў  прафесіянал. Нам на слых падбіраць мелодыю складана, таму шукалі ноты, часта мянялі танальнасць пад свой музычны інструмент – гэта займала нямала часу.

Як і ўсе сапраўдныя артысты, перад выступленнем астраўчане злёгку нерваваліся – хацелася, каб усё прайшло гладка. Так, у гурце ведалі, калі барабаншчык моцна лупіць па талерках і паскарае альбо збівае тэмп – ён хвалюецца. 

Падвядзенне вынікаў праекта Аранжавы атам.jpg



– «Нірвану» я не іграў – гэта рок-стыль, не для майго інст­ру­мен­та, – смяецца Мікіта Васіль­чык. – Аднак задзейнічаны ў нумары быў: стаяў ля Андрэя і на акардэоне адбіваў такт, каб ён не збіўся. Але ён так захапіўся, што на мяне не звяртаў увагі – проста іграў. Усё цудоўна атрымалася.

– У конкурсах вялікіх узнагарод мы не атрымлівалі – толькі граматы ў якой-небудзь спецыяль­на прыдуманай для нас намінацыі – каб адзначыць, – крыўдуе Мікіта.  – А ўсё таму, што сапернікаў-гуртоў у нас не было.

– Паступова гурт пачаў «ра­дзець»: сышоў трубач, пачаў «ад­лыньваць» гітарыст, – узгад­вае  Андрэй. – І тут нам прапанавалі выступіць на ве­чары сустрэчы выпускнікоў – мы «адрадзіліся». Выдатна тады выступілі. Затым у ККЗ далі яшчэ адзін канцэрт новым складам.

НЕСПАДЗЯНКІ

Здараліся часам у аст­ра­вецкіх музы­кантаў і «нечакан­чыкі», але яны ігралі для душы – гледачу гэта падабалася, таму на «пра­колы» ніхто не звяртаў увагі. 

Напрыклад, на «Віват, гім­на­зія» ў Яры­ка Савіна адар­ва­ліся адразу дзве струны, часу, каб іх памяняць, не было, а за­пасной гітары таксама. 

Альбо аднойчы на фінальнай песні барабаншчык, завяршаючы выступленне, так лупануў па та­лерцы, што такая пакацілася па сцэне – атрымалася феерычнае закан­чэнне.

Прабягаючы па сцэне, хлопец зачапіў нагой шнур ад «комбіка» – і «выключыў» на ўвесь нумар бас-гітарыста. 

Зачын падлеткамі пакладзены добры, некалькі ўдзельнікаў гурта яшчэ застаецца ў Астраўцы, таму вельмі хочацца верыць, што ў іх зноў атрымаецца сабраць аднадумцаў, якія хварэюць музыкай! 


P.S.

– Большая частка NN-band – выпускнікі. Ці ў яго ёсць будучыня? – пытаю ў маладых людзей. 

– Галоўнае знайсці барабаншчыка – гэта праблема. Мы хацелі б, каб NN-band не разваліўся – але, думаю, не атрымаецца, – мяркуе Мікіта.

– Гурт у нас класны. З-за таго, што рабяты раз’язджаюцца, хутчэй за ўсё на наступны год будзем набіраць новых музыкантаў, – плануе Соф’я.

– Не ведаю, як усё складзецца, але хацелася б сказаць пару слоў пра ўдзельнікаў NN-band. Соф’я Юрчанка – самая крутая салістка, якую я ведаю. Ярык Савін – гітарыст, майстар сваёй справы, тэхнар ад бога. Кірыл Герман – чумавы гітарыст. Давід Епрэмян – гітарыст з ядзерным патэнцыялам. Рыма Камагорава – найпрыгажэйшая басістка нашага гурта. Мікіта Васільчык – класны клавішнік і суперскі сябар. Анастасія Філістовіч – чароўная  гітарыстка, ды і проста дзяўчына мары. А для мяне гурт, як і музыка, – гэта жыццё.  І ад усяго гэтага мы атрымлівалі неверагодны драйв! – падводзіць вынік Андрэй Чумакоў. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: