Людміла Прыстаўка выбрала гандаль – аднойчы і назаўсёды
Занясенне на раённую Дошку гонару прадавец 6-га разраду магазіна «Родны кут» аграгарадка Варона Астравецкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Людміла Прыстаўка ўспрымае як павышаную адказнасць, аднак спакойна: старанна і добрасумленна яна працуе амаль 30 гадоў.
У РОДНЫМ АКАЛОТКУ
Беразоўская дзяўчына Люда, скончыўшы Варонскую васьмігодку, паступіла ў Гродзенскі кааператыўны каледж і ўжо праз год, у 1992-м, прыйшла ў гандаль Астравецкага раёна.
Пачынала прадаўцом у Бабраўніках – першыя 3 гады і былі для дзяўчыны самымі запамінальнымі. Затым працавала загадчыкам магазіна ў Варнянах, потым абслугоўвала пакупнікоў крамы ў Газе. «Асела» Людміла Іванаўна ў Вароне, дзе і працуе вось ужо 13 гадоў.
Кім марыла быць у школе, жанчына не памятае. Аднак калі ў Варнянскім ВВК праходзіла курсы швачкі і прадаўца, зразумела, што шыць – не яе справа.
– Я і сёння не ўмею нармальна шыць, – смяецца гонар раёна. – Нават муж не вытрымаў і аднойчы сказаў: «Купі ты сабе машынку».
Мабыць, выбар прафесійнага шляху Людмілы крыецца ў генах: маці, рэжысёр-пастаноўшчык па прафесіі, не знайшла ў раёне работы па спецыяльнасці, таму працавала бухгалтарам – і добра спраўлялася з лічбамі. Адвучыўшыся за швачку, не бачыла сябе ў гэтай прафесіі і сястра Людмілы – таксама перакваліфікавалася ў бухгалтара, затым скончыла курсы прадаўца і ўжо шмат гадоў стаіць за касай сталічнага магазіна.
ЗВЫКЛАЕ І ЗРАЗУМЕЛАЕ
Акрамя як за прылаўкам, Людміла Прыстаўка себе не ўяўляе, хоць, прызнаецца, працаваць у гэтай сферы складана.
– Я вельмі адказны чалавек і перажываю за тое, каб у магазіне ўсё было добра, – дзеліцца прадавец. – Трэба зрабіць – значыць, трэба. І начамі здараецца з паперамі сядзець, і рана ўстаць, каб «хвасты падцягнуць»…
Яна працуе і за прадаўца, і за загадчыка. Кожны дзень – новы тавар, новыя заяўкі і накладныя. А дома – агароды, гаспадарка, дзеці. І калі сын Вадзім ужо дарослы, то 10-гадовая Паліна патрабуе ўвагі. Так што дамашнія заданні маме прыходзіцца рабіць двойчы на вечар: спачатку яна дапамагае дачцэ, а потым садзіцца за свае.
– Дзеці выраслі ў мяне на рабоце, – з усмешкай узгадвае Людміла. – Дачка са школы прыходзіла ў магазін і была тут да яго закрыцця. Адну ісці да Беразоўкі я не адпускала. Урокі, здаралася, таксама тут вучыла, а паспаць захочацца – дзе-небудзь на лавачцы мясцілася або ў машыне драмала. Да слова, раней на работу я дабіралася пехатой ці з «хлебнікам», «таварнай» машынай або на аўтаспынам, цяпер жа на ўласнай машыне езджу.
Людміла Іванаўна лічыць, што раней было прасцей працаваць, ды і людзі былі іншымі – больш добрымі, спагадлівымі і цярплівымі. І пакупнікоў было больш. Асабліва карысталіся попытам кансервацыя – гэта цяпер бярозавы сок, салянкі і супы ўсе закатваюць самі.
Грузчыкі ў штаце магазіна не заўсёды – даводзілася тавар жанчынам-прадаўцам самім разгружаць.
– Хто бачыў, як гэта рабілася, каціліся ад смеху, – успамінае мая суразмоўца. – Адна мех солі на плечы – і папёрла, а другая следам бяжыць, знізу мех падтрымлівае. І цяпер, бывае, скрыні носім, калі хутка трэба: хапіла – і пайшла.
НА ВЫЕЗДЗЕ
Людміла Прыстаўка заўсёды ўдзельнічае ў выязным гандлі – на ўсіх мерапрыемствах у райцэнтры і аграгарадках, на сезонных кірмашах і падчас масавых гулянняў, дзе выстаўляюцца палаткі Астравецкага філіяла, абавязкова будзе і варонская. Не адмаўляецца жанчына і ад зімніх «вылазак» – такі выяздны гандаль не першы год практыкуецца ў Астраўцы каля рэстарана «Вясёлка».
– Люблю назіраць за людзьмі, свой тавар прапаноўваць і ў іншых чамусьці новаму павучыцца: прабягуся, гляну, як іншыя выстаўляюцца, – можа, цікавыя ідэі ў каго ёсць – на вус наматаю… Ну і выручка ад «выязнога» магазіну дадатковая.
АДНЫМ СКАЗАМ
– Памятаеце свой першы працоўны дзень за прылаўкам?
– А як жа! Страшна было. Тады яшчэ лічыльнікамі карысталіся – складвалі, памнажалі, дзялілі. Потым мне з Вільнюса прывезлі маленькі калькулятар – пальцам папасці па патрэбнай лічбе трэба было яшчэ пастарацца.
І першую рэвізію памятаю. Баялася: недахоп – гэта дрэнна, а колькі тавару трэба пералічыць, і каб не памыліцца! Але ўсё прайшло добра.
– Без якіх якасцей характару, па-вашаму, цяжка працаваць прадаўцом?
– Трэба мець бясконцае цярпенне. Майму за 30 гадоў работы ўжо, бывае, прыходзіць канец. (Смяецца.) Тады збіраеш апошнія сілы, каб стрымацца. Важна ўмець размаўляць з пакупніком: тут падказаць, там прапанаваць. І быць ветлівым.
– Што вам дапамае столькі часу заставацца на адным месцы?
– Па-першае, звычка. Даўно ўцягнулася і добра вывучыла сваю справу. Па-другое, а куды ляцець і чаго скакаць? Увогуле ж, маё гэта.
– А калі ўсё ж такі не кааперацыя, то што?
– Перад гандлёвым каледжам я паступала ў медвучылішча. Прыйшла на экзамен, села за парту, яшчэ раз падумала – і выйшла. Перамог гандаль. Так што, калі і бачу сябе ў іншай прафесіі, дык толькі медыкам.
Больш за ўсё Людміла Прыстаўка радуецца, калі дзень праходзіць добра і ціха: усё, што прывезена, расстаўлена, шмат чаго прададзена, паперы ў парадку, а пакупнікі былі харошыя і выйшлі з магазіна задаволенымі. Тады і настрой на наступны дзень у яе добры, і жаданне працаваць узрастае.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.