Мотатурызм: як байкершы па Беларусі вандравалі

08:24 / 29.06.2020
568
Каронавірус, мабыць, кожнаму з нас калі не сапсаваў, то дакладна змяніў планы на лета. Але гэта не нагода для таго, каб увогуле адмяніць адпачынак, які неабавязкова павінен быць далёкім… 

Рэната Яфімава з Астраўца, Рая Трэцяк і Яраслава Ладзейшчыкава з Ашмян на двухколавых сябрах скалясілі свой і суседнія раёны ўздоўж і ўпоперак, таму  сёлета вырашылі скарыстацца «безвыязнай» сітуацыяй і здзейсніць мотапраменад па роднай Беларусі. 

АБАВЯЗКОВАЯ ПАДРЫХТОЎКА

– Мы не ставілі мэтай пабываць там, куды даўно пратапталі сцежкі заўзятыя турысты, – расказвае Рэната. – Хацелася паглядзець менш вядомыя, але не менш прыцягальныя старадаўнія палацы і сядзібы. Праўда, пра­ехаць міма беларускіх жамчужын не змаглі…

– Маршрут распрацавала Рэната, – узгадвае Рая. – Яна ж была не толькі нашым правадыром, але і экскурсаводам: куды ехаць, што паглядзець, як звязацца з адказнымі людзьмі і нават даведацца пра гісторыю тых ці іншых мясцін – «гугліць» ёй прыйшлося нямала.

– Дзяўчаты ўсё ж адпачывалі, гэта я працавала, – смяецца Яраслава. – Фатаграфаваць і здымаць відэа даручылі мне не толькі таму, што раблю гэта нядрэнна, – проста я не ўмею вадзіць матацыкл!

…Два дні то пад праліўным дажджом, то пад пякучым сонцам, то пад парывамі ветру, які, здаецца, здзімаў цяжкія матацык­лы з дарогі, дзяўчаты рухаліся наперад – першае «паляванне» абяцала быць цікавым. У тым ліку і таму, што ў дарогу з сабой, акрамя грошай і мабільных тэлефонаў, новаспечаныя мота­турысткі ўзялі толькі тое-сёе з адзення і… касметычкі!

Адпраўляцца ў падарожжа, каб менавіта «на свет паглядзець», лепш без сучаснага «вадзілы» – навігатара. Па-першае, і ён не заўсёды паказвае правільную дарогу. А па-другое, вы ўсё роўна не абыдзецеся без дапамогі мясцовых жыхароў. Яны, да слова, пры кожным зручным выпадку таксама настойліва раяць турыстам: «Выкіньце вы гэтыя няправільныя навігатары!»

СЯДЗІБА УМЯСТОЎСКІХ

Жамыслаўль1.jpg



Першая кропка маршрута, якая знаходзіцца ў вёсцы Жамыслаўль Іўеўскага раёна ўразіла манументальнымі калонамі. Панскі дом лічыцца копіяй каралеўскага палаца ў Варшаве. Праўда, пра велічнасць сядзібы і заможнасць яе былых гаспадароў напамінаюць толькі рэшткі лепкі на столі і мазаікі на падлозе.   

Амаль не захаваліся парк вакол сядзібы і шырокая пад’язная алея. А вось возера ўсё гэтак жа прыцягвае рэдкіх наведвальнікаў яркім у сонечнае надвор’е металічным бляскам. 

Пасля Другой сусветнай вайны тут размяшчаліся пошта, клуб і калгасная кантора.

Амаль дзесяць гадоў сядзіба пуставала і паступова прыходзіла ў заняпад, пакуль у 2015 годзе яе не выкупіў замежны інвестар, які хацеў зрабіць тут папулярны турыстычны аб’ект з рэстаранам і  атэлем. Аднак калісьці прыгожы і велічны дом працягвае разбурацца, пагражаючы кавалкамі чырвонай цэглы, якая метэарытным дажджом сыплецца на турыстаў са столі. 

Зачынены для наведвання старадаўняя капліца і вялізная канюшня. 

МАСТЫ Ў МАСТАХ

Масты ў Мастах.jpg



Усяго мастоў у гэтым невялікім горадзе Гродзенскай вобласці, уключаючы чыгуначны, сем. Сярод іх – адзіны ў Беларусі падвясны. Мост гэты пешаходны, яго даўжыня – 193 метры, шырыня – 1,5 метра. 

Спачатку мост меў драўляны насціл і моцна раскачваўся, калі па ім праходзілі. Сёння на ім заменены тросы, усталяваны металічныя парэнчы і пакладзены новыя дошкі. 

Хоць толькі гэтае збудаванне і лічыцца славутасцю нашай краіны, іншыя мастоўскія паветраныя пуцеправоды  таксама маюць свае асаблівасці. Таму, выпраўляючыся ў Масты, можна уключыць у маршрут і іх.

НЕ ПРАЕХАЦЬ МІМА…

Ружанскага замка – беларускага Вярсалю

Ружаны1.jpg



Палац, які належаў дынастыі Сапегаў, уражвае веліч­насцю і прыгажосцю. Замак часткова адрэстаўраваны: турыстаў з розных краін свету «прымаюць» цэнтральная брама і бакавыя флігелі, у галерэі праходзяць выставы беларускіх мастакоў.

Палаца Пуслоўскіх, ён жа Косаўскі замак.

Косава1.jpg



Падобны на казачны, ён пабудаваны нібы толькі для таго, каб любавацца – здаецца, жыць у такім было б злачынствам. 

У замку больш за 100 памяшканняў, прычым прахадных няма. Славіўся ён раскошнымі заламі, прыгожай аранжарэяй  і паркам, дзе расло больш за 150 экзатычных раслін…

Рэстаўрацыя палаца працягваецца – аднаўляецца яго інтэр’ер, але палюбавацца незвычайнай прыгажосцю замка з дванаццаццю маленькімі вежамі можа кожны жадаючы. 

СЯДЗІБА СВЯТАПОЛК-ЧАЦВЯРЦІНСКАГА

Жалудок1.jpg


Знайсці рэшткі калісьці прыгожага палацава-паркавага комплексу ў Жалудку Шчучынскага раёна няпроста – з галоўнай дарогі яго не відаць. Да старадаўніх каваных варот, якія падказваюць, што тут будзе чым палюбавацца, вядзе вузкая сцежка. 

Уваход на тэрыторыю сядзібы каштуе чатыры рублі, але ёсць абавязковая ўмова: у палац не уваходзіць. «Жывыя» сцены могуць накрыць зяваку-турыста, а глыбокае падзямелле – «заглынуць» у сваё бяздоннае чэрава. 

Аднак гуляць па «французскаму» парку, фатаграфавацца на фоне напаўразбураных сцен і векавых дрэў можна хоць цэлы дзень.

Палац уражвае нават у такім непрыглядным стане. Велічнасці яму дадае флігель, падобны да мініяцюрнага сярэднявечнага замкА, капліца, каменныя млын і кузня, свіран і нават невялічкі шынок. 

Як сцвярджае інтэрнэт, аднаўленне гэтай сядзібы пачалося яшчэ ў 2014 годзе, аднак работы і сёння – не пачаты край.


Матацыклісту-ван­дроў­ніку падчас дажджу не да­дуць прамокнуць пакеты для смецця, стрэйч-плёнка і скотч, якім усё гэта заматваецца на целе.  



ШТО ЗАСМУЦІЛА

* Нягледзячы на вялікую колькасць турыстычных аб’ектаў, прызнаных гіста­рыч­най каштоўнасцю нашай краіны, большасць з іх знаходзіцца ў дрэнным стане. І нават тыя, якім даўно пашанцавала «займець» інвестараў, па ўсім бачна, ва ўсёй сваёй непаўторнасці змогуць пакрасавацца перад турыстамі не ў гэтым сезоне, і нават не ў наступным…

* Шматлікія турыстычныя аб’екты, у прыватнасці на Гро­­дзеншчыне, складана знай­­сці – да іх не ўстаноўлены ўка­зальнікі ўздоўж дарог.


Нягледзячы на ўсе «неда», якія трапіліся на шляху турыстак, першая мотавандроўка даўжынёй у 690 кіламетраў вылілася для Рэнаты, Раі і Яраславы ў  шэраг пазнавальных, эмацыянальна насычаных і запамінальных момантаў. Наперадзе новыя вандроўкі: Беларусь, хоць і невялікая, але вельмі прыгожая краіна, дзе ёсць на што паглядзець і пра што расказаць.

І, як аказалася, зусім неабавязкова ехаць у трыдзясятае царства, каб добра адпачыць і насыціць розум і сэрца новымі ведамі і эмоцыямі. У любым падарожжы галоўнае – настрой, надзейны сябар побач, ну і, вядома, касметычка! 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Ольга Хотянович
Фото: из личного архива героинь
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений