Сяргей Радзько на рабоце і дома

13:23 / 21.06.2020
562
Нават святы – прафесійныя, дзяржаўныя, асабістыя – для іх паняцце адноснае: бадай што кожны з медыцынскіх работнікаў можа прыгадаць выпадак, калі даводзілася ў самы цікавы момант пакідаць сям’ю, сяброў, калег і спяшацца да пацыентаў. Так было заўсёды – а ў сённяшняй сітуацыі, калі ўся медыцына свету, краіны, і Астравецкага раёна ў прыватнасці, знаходзіцца на перадавой барацьбы з COVID-19, адказнасць за жыццё і здароўе іншых набыла асаблівыя маштаб і значэнне. 

Нехта скажа: работа ў іх такая, самі ж выбіралі прафесію. І фармальна будзе мець рацыю. Але і прапісаныя ў кантракце службовыя абавязкі можна выконваць па-рознаму… 

Эпідэмія прадэманстравала: пераважную большасць медыцынскіх работнікаў нашай бальніцы можна лічыць гонарам Астравеччыны. Але ж немагчыма расказаць на старонках раённай газеты пра кожнага з дастойных! Таму сёння – толькі пра некаторых. У прыватнасці – пра намесніка галоўнага ўрача па экспертызе і медыцынскай рэабілітацыі Астравецкай цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы Сяргея Радзько, імя якога занесена на раённую Дошку гонару.

21.jpg


Пра COVID – і не толькі

– Сяргей Барысавіч, вам часта даво­дзіцца чуць ад пацыентаў словы падзякі? Ці гэта толькі ў апошні час, калі ўзнікла пандэмія і людзі ўсвядомілі, які груз і адказнасць кладуцца на плечы медыкаў, ледзь не штохвілінна, з нагоды і без яе, стала гучаць «Дзякуй, доктар!»? 

– Мне здаецца, што ў наш час прэстыж прафесіі ўрача моцна прыніжаны. Цяжка сказаць, наколькі ў гэтым вінаваты самі медыкі, а якую ролю адыгрывае менталітэт нашых суграмадзян, якія ўспрымаюць людзей у белых халатах як абслугоўваючы персанал. Хоць, што б ні гаварылі пра медыкаў, калі нешта забаліць, бягуць у бальніцу: дапамажыце, уратуйце!

Цяжка сказаць, наколькі шчырыя падзякі дактарам, якія гучаць зараз, і ці доўга працягнецца гэтая, як вы кажаце, акцыя. Хоць медыкам, як і любому чалавеку, вельмі важна чуць за сваю работу шчырае дзякуй. Адно гэтае простае слова можа натхніць на вялікія справы.

– Наколькі змянілася работа бальніцы і ваша, як намесніка галоўнага ўрача, у сённяшняй эпідэмічнай сітуацыі?

– У апошні час работа раённай баль­ніцы, у прыватнасці паліклінікі, памянялася кардынальна. Асноўныя сілы і сродкі кінуты на барацьбу з эпідэміяй. Работа паліклінікі перабудавана так, каб як мага менш людзей прыходзілі сюды, рызыкуючы сустрэцца з інфіцыраваным і заразіцца. Арганізаваны медыцынскія брыгады, якія выязджаюць да пацыентаў і кантактаў першага ўзроўню. Рэцэпты хранічным хворым урачы выпісваюць па тэлефонным званку.

Канешне, поўнасцю закрыць палік­лі­ніку мы не можам, таму яна падзелена на дзве зоны: чырвоную і сінію. У першай прымаюць пацыентаў  з тэмпературай і  іншымі сімптомамі віруснай інфекцыі, у другой – здаровых пацыентаў. Жыццё ж працягваецца: людзям трэба праходзіць медыцынскія агляды, трапіць на прыём да вузкіх спецыялістаў, атрымаць медыцынскую дапамогу.

Мая нагрузка павялічылася ў сувязі з тым, што значна больш выдаём лісткоў непрацаздольнасці: трэба, каб яны былі правільна аформлены, захоўваліся неабходныя тэрміны, бо за кожным дакументам – грошы, і кантроль за гэтым вельмі сур’ёзны.

– Ці паспявае намеснік галоўнага ўрача быць проста ўрачом? Ці атрымліваецца ў вас сядзець адразу на двух крэслах?

– Ведаеце, не – крэслы раз’язджаюц­ца! (Усміхаецца.)

Калі яшчэ працаваў намеснікам га­лоўнага ўрача па медыцынскім абслу­гоўванні насельніцтва, сумяшчаў адмі­ністрацыйную і лячэбную работы. Тады можна было планаваць час: скажам, да абеду правяду прыём ці зраблю абход, пасля абеду паеду на раён – ці наадварот. Цяпер жа, калі трэба адлучыцца нават не некалькі хвілін, пад кабінетам збіраецца чарга – і абстаноўка накаляецца. Я зразумеў: каб добра выконваць свае абавязкі, трэба займацца нечым адным.

Аднойчы, шмат гадоў таму…

– Давайце вернемся да вытокаў: чаму ўсё ж медыцына?

– Неяк школьнікам трапіў у бальніцу з пнеўманіяй. Не памятаю дакладна, што мяне тады зачапіла, але нешта ж запала ў душу, ужо тады захацелася стаць урачом.

Але ў нашым класе – школу я заканчваў у Навагрудку – палова ўсіх хлапчукоў, і я ў тым ліку, марылі стаць ваеннымі. Каб сумясціць гэтыя дзве мары, падаўся ў Ленінградскую ваенную медыцынскую акадэмію. І паступіў! Але арміі мне хапіла падчас здачы ўступных экзаменаў. Жыццё па раскладу – пад’ём, адбой, строем у сталовую, строем на экзамены – мне, мякка кажучы, не вельмі спадабалася. Таму, даведаўшыся радасную навіну пра тое, што я – курсант, тут жа забраў дакументы і паехаў у Гродна. Паспеў: у апошні дзень прыёму падаў заяву ў медыцынскі інстытут! Па новай здаваў усе экзамены, зноў паступіў…  

– А як выбралі спецыялізацыю? Інфекцыяніст, мне здаецца, не самая папулярная ўрачэбная спецыяльнасць.

– Можна сказаць, што яна мяне выбрала. ( Усміхаецца.)

У 1993 годзе размеркавання не было. Мы са Святланай пажаніліся яшчэ сту­дэн­тамі, наш першынец Дзімка нарадзіўся ў Гродне. Калі я заканчваў інстытут, жонка ўжо працавала ў Астраўцы. Ну і я сюды прыехаў. Вакантнымі ў бальніцы на той час былі пасады рэнтгенолага і інфекцыяніста. Я выбраў інфекцыі. Яшчэ год з’яўляўся ўрачом-стажорам – так на той час зваліся інтэрны – у Гродзенскай інфекцыйнай бальніцы. А ў 1994 годзе, як з моста ў ваду – загадчык інфекцыйнага аддзялення Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы. 

У Гродне хоць і адносна самастойна працаваў, але ўсё ж пад наглядам вопытных калег, а тут – «сам сабе і камандзір, і начальнік штаба». Добра, што кабінетам інфекцыйных захворванняў тады загадвала вопытны ўрач Ніна Аляксандраўна Кулакова, многае падказвала. Часам у незразумелай сітуацыі телефанаваў у Гродна калегам. Але ўсё роўна адказнасць на табе. У старым будынку «інфекцыі» мы і пункцыі рабілі, і менінгакокавыя інфекцыі лячылі – цяпер з такім дыягназам адразу кладуць у рэанімацыю, бо гэта «пажар», можа здарыцца што заўгодна, а тады неяк спраўляліся. Цяперашняя так званая старая інфекцыёнка, калі яе пабудавалі, палацам здавалася! Пра новае аддзяленне, якое днямі адкрылі, – мы і марыць не маглі.

Мая сям’я – маё багацце

– Ваша жонка, Святлана Уладзіміраўна, – загадчык тэрапеўтычнага аддзялення райбальніцы, вы – намеснік галоўнага ўрача. Тое, што ў сям’і двое медыкаў – гэта добра ці дрэнна? 

– На мой погляд, добра. Калі на рабоце ўзнікаюць нейкія пытанні, мы і дома можам пагаварыць, параіцца, магчыма, нават паспрачацца – пакуль не прыйдзем да агульнай думкі. Жонка ведае і разумее мае праблемы, я – яе, мы заўсёды можам падтрымаць адзін аднаго ці дапамагчы.

– Але ж існуе меркаванне, што працоўныя пытанні трэба пакідаць за парогам рабочага кабінета…

– Калі ў некага ёсць такое правіла, то яму, лічу, трэба развітвацца з медыцынай.

– Наколькі я ведаю, у вас ужо ўтва­рылася сямейная дынастыя ўрачоў?

– Можна і так сказаць. Дзіма, калі рос, увесь час круціўся каля нас у бальніцы. А калі закончыў школу, паступіў у меды­цынскі. Цяпер ён працуе ў Мінску ўрачом-эндаскапістам, яго жонка – хі­рург-отала­рынголаг.

А другі сын, Саша, ад медыцыны адмо­віўся, што называецца, у паўфінале, ён эканаміст. 

Малодшая, Аня, пакуль вызначаецца з будучай прафесіяй: яна сёлета закончыла 9 класаў. Але, падобна, медыцына і ў яе не ў прыярытэце, ёй больш падабаецца матэматыка. 

Так што цяжка сказаць, ці будзе мець наша медыцынская дынастыя працяг. Але гэта не самае галоўнае ў жыцці.

Ад чаго душа спявае

– Што для вас адпачынак? Ад чаго душа спявае?

– Вечарам, калі стомлены вяртаюся з работы, заварваю вялікі кубак моцнай кавы, іду ў пакой, як я яго называю, псіхафізічнай разгрузкі, і хвілін 10-15 сам-насам з сабою «перазагружаюся». Вядома, што кавай асабліва захапляцца нельга і таму ранкам п’ю зялёны чай, а вось вечарам гэтыя некалькі хвілін – гэта выключна мой час!

А затым… Кажуць, што лепшы адпачынак – заняцца нечым іншым. У сваім доме пераключыцца заўсёды ёсць на што, работы круглы год хапае.

–…А прыходзяць выхадныя – і вы на паляванне?

– Ну, не кожныя выхадныя – але так, паляванне люблю. І не проста пастраляць, здабыць трафей – хоць і ў гэтым ёсць свая асалода, і з паляўнічымі трафеямі ў мяне ўсё ў парадку. Найбольш люблю загоннае паляванне: гэтая некранутая асенняя ці зімовая прырода, брэх сабак, усмешкі сяброў, стрэлы ўдалечыні… Часам выходзіць на цябе лось ці алень – а ліцэнзія ў вас на здабычу, скажам, кабана, і застаецца толькі любавацца лясным прыгажуном. Можна цэлы дзень прабегаць  – язык на барадзе  – і нічога не здабыць, але атрымаць неперадавальнае задавальненне. 
Але пра гэта марна расказваць – гэта трэба адчуць…

– Як вам удалося стаць героем кнігі Наталлі Батраковай «Міг бясконцасці»? У першай яе частцы галоўная гераіня прыязджае на паляванне ў Астравецкі раён – і так маляўніча апісваецца мясцовы ўрач…

– Ну вось неяк так і атрымалася. (Разводзіць рукамі.)

Прыехалі аднойчы на паляванне, да нас далучылася кампанія з Мінска, там было некалькі жанчын. Звычайныя людзі – на паляванні ж, як і ў лазні, усе роўныя. Тады яшчэ, памятаю, кабанчыка здабылі. Потым сядзелі, размаўлялі… А праз нейкі час Наташа Івашка дае кніжку пачытаць: «Не пра цябе, часам, пішуць?» Аказваецца, і я ў героі патрапіў, хоць «роля» ў мяне там эпізадычная. (Усміхаецца.)

– А вандроўкі якое месца займаюць у вашым жыцці?

– Прызнаюся шчыра: калі б можна было адно толькі ездзіць па свеце – я б, напэўна, так і рабіў! Раней, калі ішлі ў адпачынак, ехалі ў лепшым выпадку ў санаторый. Потым некаторыя сталі дабірацца да Крыма – праўда, мы даехалі да Адэсы. А потым пайшло-паехала… З большасцю краін Еўропы ўжо пазнаёміліся. Тайланд, Шры-Ланка… Гэта, вядома, дорага, таму пакуль едзем туды, дзе бліжэй і танней.

Прычым мора, пляж – не галоўны інтарэс. Так, цудоўна, калі і гэта мае месца быць, але тыдзень ці два адно толькі мора – надакучае. А ёсць магчымасць даведацца нешта пра новую краіну, яе гісторыю, культуру, людзей – грэх яе не выкарыстаць. Калі збіраемся ў чарговую вандроўку, жонка пытае: «Што ты ўвесь час чытаеш? Рэчы трэба складваць». А я заўсёды імкнуся знайсці нешта пра мясціны, куды мы едзем: трэба ж ведаць, што там можна паглядзець. Потым часам станаўлюся экскурсаводам.

– Якая з краін найбольш запомнілася?

– У кожнай ёсць нешта сваё, адметнае. Чарнагорыя вельмі прыгожая: едзеш па горнай дарозе – і дух захоплівае! Падарожжа ў Скандынавію на пароме – ужо прыгода. Швецыя цікавая краіна. А найбольш спадабалася Нарвегія – такая магутная паўночная прыгажосць, калі за адзін дзень можна ўбачыць і зіму, і лета, і вясну…

Пра галоўнае…

– У шкале шматлікіх жыццёвых каш­тоўнасцей што для вас асноўнае?

– Дзеці.

– Самы-самы чалавек у вашым жыцці?

– Мама.

– Настаўнік?

– Само жыццё.

– Радасць?

– Калі дзеці радуюцца, калі ў іх усё добра.

– Справа?

– Ды, здаецца, усё ўжо зрабіў: ёсць дом, сад, дзеці… Застаецца чакаць унукаў – пакуль у нас толькі адзін, Міхаіл, – хацелася б мець больш…

Постфактум

– Калі б была такая магчымасць – ці захацелі б нешта змяніць у сваім жыцці?

– Напэўна, не. Я сам выбраў гэты шлях, і калі нават нешта ідзе не так, як хацелася б, – крыўдаваць няма на каго. Гэта маё жыццё.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений