22 тур конкурсу «Пазнай Астравеччыну»

08:51 / 19.06.2020
Перш чым падвесці вынікі 21 тура конкурсу, хачу вярнуцца да папярэдняга, з варнянскай вежай-альтанкай, і папрасіць прабачэння ў Марыны Кімсы: мы не заўважылі сярод дасланых ёй матэрыялаў відэа і не далічылі адзін бал. Сёння выпраўляем гэтую памылку: за мінулы тур Марына Кімса атрымала 4 ачкі і з 60 агульнымі баламі працягвае лідзіраваць у нашым конкурсе.

Што ж тычыцца апошняга задання, то «цяжкай артылерыі» зноў не атрымалася: усе нашы пастаянныя ўдзельнікі пазналі сядзібу Котвічаў паміж колішнімі вёскамі Турлы і Легаўцы непадалёк ад Міхалішак.

Рэшткі сядзібнага дома Котвічаў.jpg



Увогуле лёс гэтай некалі шыкоўнай сядзібы – жывое ўвасабленне прыказкі «Што маем – не беражом, страціўшы – плачам». Гэта сёння  цяжка паверыць, што некалі сядзіба Котвічаў у Турлах была вядома далёка за межамі сучаснай Беларусі і займала важнае месца ў эканамічным і культурным жыцці нашага краю. Яна мела 5 тысяч гектараў і злучала ў адзіны комплекс  фальваркі Палес­тына, Чэхі, Лабудзі, Міхалішкі і Газа. 

У пачатку 19 стагоддзя гэтыя землі дасталіся ад абанкруціўшагася Міхала Бжастоўскага Яну Котвічу. Новы гаспадар збудаваў тут шыкоўны сядзібны дом у класічным стылі. Цэнтральны ўваход меў порцік з калонамі і балконам. Сцены ўнутры былі паклеены шпалерамі і ўпрыгожаны старажытнымі гравюрамі і выдатнымі творамі жывапісу. Мелася багатая бібліятэка ў некалькі тысяч экзэмпляраў кніг. Дом акружалі велізарны парк на 20 гектараў, дзе былі ўстаноўлены незвычайныя, высечаныя з каменю скульптуры, і сад з кветнікамі. 



Гаспадары вельмі любілі коней і мелі вялікую стайню, рэшткі якой прадстаўлены на конкурсным фотаздымку. Будынак вылучаецца прыгожай кладкай сцен і франтонаў з валуноў з закладкай шчылін мураванымі асколкамі. Вуглы складзены шчыльна падагнанымі блокамі, высечанымі з валуноў. Вокны абкладзены чырвонай цэглай. 

Вядома, што гэты будынак ацалеў і ў Першую, і ў Другую сусветныя войны, яшчэ напрыканцы мінулага стагоддзя на ім быў дах – цяпер жа ад стайні, як і ўвогуле сядзібы Котвічаў, засталіся руіны. 

Першай на заданне адгукну­ла­ся жыхарка Міхалішак Акса­на Пеш­ка – яна атрымлівае 1 бал. Як заўсёды, цікавымі пад­­ра­­­бяз­­насцямі дапоўніла адказ вя­домы краязнаўца Ванда Вай­­шна­­ровіч – ёй налі­чана 2 балы. Ціка­­вую ін­фар­мацыю і фотаздымкі прад­ставілі Алена Памецька і Марына Кім­са – яны атрымліваюць па 3 балы. Алег Дра­ган, які да першапачатковага задання дадаў новыя фотаздымкі і відэасюжэт, а Жан­на Волк-Леановіч, Вікторыя Іванцэвіч, Ганна Міла­шэвіч і Кацярына Вараб’ёва, якія таксама даслалі відэа, атрымліваюць па 4 балы.

У конкурсе па-ранейшаму лідзіруе Марына Кімса – 63 балы, на другім месцы – Алег Драган – 62, на трэцім – Жанна Волк-Леановіч і Ганна Мілашэвіч – у іх па 56.


Дзе гэта, што гэта?

01.jpg



Нагадваем: далучыцца да конкурсу можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды і фотаздымкі.

Адказы на пы­танні конкурсу можна дасылаць у рэ­дакцыю па элект­роннай пош­це ці паведамляць па тэле­фо­нах 2-03-64, 7-08-44, +375-29-328-75-99 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з конкурсным заданнем (да аўторка ўключна).
Текст: Нина Рыбик