21 тур конкурса «Пазнай Астравеччыну»

11:29 / 12.06.2020
Пасля дваццатага тура конкурсу напрошваецца выснова: няма, мусіць, такой мясціны на Астравеччыне, якую б не пазналі нашы канкурсанты; такога ракурсу на фотаздымку, які б збіў іх з панталыку. 

Вось і на гэты раз: тое, што вядомая, бадай, усім турыстам, хто хоць аднойчы бываў на Астравеччыне, вежа-альтанка ў Варнянах была сфатаграфавана з тыльнага боку, да таго ж на здымку толькі фрагмент яе, нікога не ўвяло ў зман: усе, хто адгукнуўся, правільна адказалі на пытанне і дапоўнілі свае расповеды цікавымі падрабязнасцямі, шматлікімі фота- і відэаматэрыяламі.

вежа і млын.jpg


Вартавая вежа знаходзіцца на востраве аднаго з вадаёмаў у аграгарадку Варняны. Гэты стаў – частка воднай сістэмы з 26 сажалак, агульная плошча якіх складала 65 гектараў. 

Вежа-альтанка пабудавана напачатку 19 стагоддзя з чырвонай цэглы. Яна, а таксама вадзяны млын і рэшткі парка – усё, што засталося ад палаца-паркавага ансамбля Абрамовічаў – знакамітага шляхецкага роду князёў Вялікага княства Літоўскага. 

У 1760 годзе Юрый Абрамовіч і яго жонка пані Марцыяна распачалі будаўніцтва каменнага касцёла, а на месцы старой сядзібы Абрамовічаў заснавалі новую рэзідэнцыю. Юрый хутка памёр, і пані Марцыяна працягвала будаўніцтва сама. 

Варняны ў малюнках Н.Орды.jpg

Варнянская сядзіба на малюнку Напалеона Орды



Вежу, ды і сам востраў яшчэ называюць месцам закаханых: існуе паданне пра гувернантку і паніча, сына Марцыяны Абрамовіч. Кажуць, што старая пані не дазволіла ім ажаніцца, і дзяўчына ў адчаі ўтапілася ў ставе – цяпер на Купалле на востраве ля вежы з’яўляецца яе прывід.

Невядома, ці маглі б мы любавацца стройнай чатырохпавярховай вежай-прыгажуняй, якая даўно стала візітнай карткай не толькі Варнян, але і Астравеччыны, калі б у 1997-1998 гадах, нягледзячы на няпростае фінансавае становішча гаспадаркі, тагачасны старшыня варнянскага калгаса імя Чапаева Уладзімір Рук не прыняў валявое рашэнне аб аднаўленні прыходзячых у заняпад будынкаў млына і вежы. 

Цяпер вежа-альтанка з’яўляецца рамантычным месцам адпачынку: тут адзначаюць сямейныя святы, ладзяць іншыя мерапрыемствы. Побач абсталявана зона адпачынку – столікі і мангал, а на чацвёртым паверсе вежы можна нават забраніраваць гасцінічны нумар – часцей за ўсё гэтай магчымасцю карыстаюцца маладажоны. 

На востраў вядзе пабудаваны мясцовымі майстрамі пад кіраўніцтвам тагачас­нага калгаснага прараба Юрыя Граблеўскага раз­вадны мост – сцвярджаюць, што ў Беларусі ён адзі­ны падобны. 

Старажытныя пабудовы ў Варнянах з’яўляюцца гі­сторыка-культурнай каш­тоўнасцю Рэспублікі Бе­ла­русь.

За разгорнутыя адказы, дапоўненыя фотаздымкамі і відэасюжэтамі, па чатыры балы атрымалі Жанна Волк-Леановіч, Ганна Мілашэвіч, Алег Драган, Алена Памецька, Кацярына Ва­раб’ёва, Вікторыя Іванцэвіч. Тры балы налічаны Марыне Кімсе і два – Вандзе Вайшнаровіч.

Лідары ранейшыя: Марына Кімса – 59 балаў, Алег Драган – 58, у Жанны Волк-Леановіч, Ганны Мілашэвіч і Алены Памецькі – па 52.


Дзе гэта, што гэта?

3.jpg

Фота Алега Драгана



Нагадваем: далучыцца да конкурсу можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды і фотаздымкі.

Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефонах 2-03-64, 7-08-44, +375-29-328-75-99 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з конкурсным заданнем (да аўторка ўключна).

Текст: Нина Рыбик