Мастачка-летуценніца Яна

12:01 / 13.06.2020
Маці гімназісткі Яны Свірыды час­та гаворыць дачцэ, што тая нібыта ў аблоках лунае. А дзяўчынка і не спрачаецца – усе мастакі вялікія летуценнікі.

Так-так, Яна сапраўдная мастачка, хоць пакуль яшчэ вучыцца. І як усе творчыя людзі, школьніца па-іншаму бачыць свет і па-свойму адлюстроўвае яго на палатне.

– Звычайны чалавек не заўважае шматлікіх адценняў навокал. Напрыклад, якісьці прадмет  некаму пакажацца аднатонным. А мастак бачыць у ім некалькі колераў, – разважае дзяўчына. 

Яна Свиридо.jpg



Маляваць Яна пачала ў дзіцячым садку. Вы­ха­вацелі раілі маці: вядзіце дзяўчынку да прафесіяналаў. Але жанчына шкадавала малую: паспее яшчэ.

Прайшоў нейкі час – і Яна запісалася ў Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. І не толькі ў мастацкі гурток, а яшчэ на бісера- і саломапляценне: трэба было паспрабаваць нешта новае – раптам высветліцца, што маляванне не самы цікавы занятак. Аднак хутка зразумела: бісер і саломка – не для яе. І накіравала ўсе свае сілы на тое, што падабалася найбольш – перадаваць свет у алоўках і фарбах.

– У маляванні я крыху бунтар, – прызнаецца дзяўчына. – Нас вучылі, што фігура на палатне ствараецца паэтапна. А мне хацелася маляваць так, як я бачу – суцэльна. Увогуле, не люблю, калі маю творчасць абмяжоўваюць тэмай.

2.jpg



Школьніца з цікавасцю і задавальненнем спрабуе новыя тэхнікі і матэрыялы. Аднак, калі б яе папрасілі выбраць нешта адно, аддала б перавагу акварэлі – нягледзячы на тое, што гэта адзін з самых складаных відаў мастацкай творчасці: тут цяжка выправіць памылкі. 

4.jpg



– Праўда, я яшчэ не малявала алеем, можа, і гэта мне спадабаецца, – гаворыць Яна. – Цяпер я асвойваю маляванне на камп’ютары, гэта не так  проста – ёсць свае асаблівасці. На маніторы можна выдаліць ці перанесці аб’ект малюнка, а на палатне яго давядзецца сціраць ці замалёўваць. На паперы я адчуваю, як ідзе рука, а за камп’ютарам – пакуль не. Ёсць розніца і ў колерах. 

Крыніцай натхнення для дзяўчыны можа стаць песня, чалавек, іншыя карціны. А настрой работы будзе залежаць выключна ад характараў герояў – і ні ў якім выпадку не ад настрою мастачкі.

3.jpg



У гэтым годзе Яна скончыла трэці клас мастацкага аддзялення Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў, дзе займаецца пад кіраўніцтвам Вікторыі Казіміраўны Варановіч. За тры гады навучання карціны дзяўчынкі неаднойчы ўдзельнічалі ў конкурсах – і атрымалі годную адзнаку не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, і нават Амерыцы. 

5.jpg


Вікторыя Варановіч, педагог мастацкага аддзялення:

– Яна вельмі таленавітая, заўсёды адказна ставіцца да работы. Па ўсіх дысцыплінах дзяўчынка займаецца на «выдатна». Больш таго – ідзе крыху наперадзе праграмы. Напрыклад, на занятках мы толькі пазнаёміліся з асновамі выявы чалавека, а Яна ўжо вымалёўвае дэталі – і ў яе гэта цудоўна атрымліваецца. Яшчэ яна добра адчувае колеравую палітру. Прафесійнае спалучэнне фарбаў на карцінах Яны неаднойчы адзначалі члены журы конкурсаў.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: