Знаёмцеся: стыпендыятка спецфонду Прэзідэнта Надзея Аўгуль

10:47 / 12.06.2020
296
Надзея Аўгуль колькі сябе памятае, столькі спявае. На сямейных святах, на вуліцы і ў школе – усюды гучыць звонкі голас дзяўчынкі.

12.jpg

 

У Варнянскі філіял Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў Надзею, як і яе малодшага брата Мацвея, запісала мама. 

– З дзяцінства  мяне цікавіла музыка. Я ніяк не магла зразумець, якім чынам ноты, якія мне выдаваліся нежывымі мудрагелістымі кручкамі на паперы, ад дотыку пальцаў да інструмента ператвараюцца ў прыгожую мелодыю, – разважае шасцікласніца Надзея. – Я вельмі хацела навучыцца іграць на фартэпіяна, таму чатыры гады назад стала займацца ў школе мастацтваў.

Праз некаторы час дзяўчынку на школьным калідоры спыніла педагог па вакале Марына Вітальеўна Кіб – і прапанавала прыйсці на заняткі ў харавы клас. 

– Я крыху саромелася, але мама ўгаварыла. Сказала, што калі не паспрабую, потым буду шкадаваць, – з усмешкай успамінае Надзея. – Пасля некалькіх заняткаў з Марынай Вітальеўнай я канчаткова зразумела, што маё – не музыка, а спевы!

У музычнай школе дзяўчынка ходзіць на інды­ві­дуаль­ныя і групавыя заняткі. Галоўнае, па словах Надзейкі, – распеўка: каб атрымліваўся добры звонкі гук, трэба разагрэць і падрыхтаваць галасавыя звязкі. Для гэтага яна расказвае хуткамоўкі, па складах вымаўляе гукі, спявае пад музыку ноты…

Двухгадовая сумесная работа педагога і дзяўчынкі прынесла плён: Надзея неаднаразова перамагала і станавілася прызёрам шматлікіх творчых конкурсаў –  яе звонкі голас скараў раённае і рэспубліканскае журы.


Цікаўлюся ў маленькай спявачкі, ад каго яна даведалася, што стала лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. 

– Гэтую навіну мне паведаміла Марына Віталь­еўна, – расказвае дзяўчынка. – Я  ёй удзячна за ўсё: за веды, за падтрымку – вы б бачылі, як яна хвалюецца, калі я выступаю! Мне так пашанцавала з педагогам! 

– І сапраўды, Марына Вітальеўна знайшла ключык да сэрца Надзейкі, – да размовы далучаецца мама. – Першыя выступленні дачкі для нас усіх былі вялікім стрэсам. А потым з дапамогай настаўніцы Надзя раскрылася: калі яна выходзіць на сцэну  – адразу мяняецца, у яе крылы вырастаюць! 

Дзяўчынка прызнаецца, што яшчэ не вызначылася, кім хоча стаць. Надзі, акрамя музыкі, падабаецца англійская мова, – дарэчы, як і яе старэйшай сястры Вадарыне, якая вучыцца на лінгвістычным факультэце Купалаўскага ўніверсітэта.

– У маім рэпертуары ў асноўным беларускія ці народныя песні, – расказвае дзяўчынка. – Люблю слухаць сучасных выканаўцаў: з замежных – Білі Айліш, Джасцін Цімберлэйк, з айчынных – Ціма Беларускіх і Макс Корж. Ці хачу быць падобный да іх? – на хвіліну дзяўчынка задумваецца. – Напэўна, не! У кожнага свая дарога. Нават калі я не стану спявачкай – музыка і песня ўсё адно будуць са мной. 

Марына Кіб, педагог харавога аддзялення:

– Надзея Аўгуль – таленавітая і адказная дзяў­чынка. Акрамя таго, што яна выступае сольна, яшчэ ўдзельнічае ў вакальным ансамблі «Варняначкі». Нядаўна дзяўчаты сталі лаўрэатамі ІІ ступені аднаго з польскіх творчых конкурсаў.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений