Школьны час узгадалі выпускнікі, іх бацькі і настаўнікі

11:09 / 11.06.2020

На гэтым тыдні адзінаццацікласнікі атрымалі атэстаты і развіталіся са школай. Пра тое, чым запомняцца школьныя гады выпускнікоў, карэспандэнт «АП» распытаў у настаўнікаў, бацькоў і саміх дзяцей.

Спондаўскі НПК

Спондовский НПК Фото Анны Милошевич.jpg

Фото Анны Милошевич


Марына Бурак намеснік дырэктара.jpgМарына Бурак, намеснік дырэктара:

– Школа вельмі «абяднела», выпусціўшы ў дарослае жыццё гэтую сямёрку: Мікіта Кушлевіч і Вераніка Памецька – цудоўныя экскурсаводы, Яўген Субач, Іна Пляўга, Іван Ненартовіч і Ксенія Янушэўская – актывісты і валанцёры, Раман Ягела – хадзячая энцыклапедыя. Дзеці былі ўдзельнікамі ўсіх мерапрыемстваў.

Успомнілася, як Іван, рашаючы задачу на монагібрыднае скрыжаванне, дзе было ўказана, што ў самкі пацука дамінантная прымета развесяліў увесь клас. «Чаму самец такі нясмелы, не маглі больш мужнага знайсці?!», – прачытаўшы ўмову, недаўменна ўсклікнуў ён.

Няхай у гэтых дзетак усё атрымаецца! У роднай школе ім заўсёды рады!


Кямелішкаўскі НПК

Кямелішкаўскі НПК.jpg


Наталля Міцкун, першы настаўнік:

Наталля Міцкун першы настаўнік.jpg

– Першае знаёмства з дзецьмі ў мяне было на выпускным у садку – яны паказвалі сцэнку: Ілля Скурат быў Айбалітам, Мікіта Буйко – Бураціна, Аліна Салавей – Ліса Аліса…

Як казаў наш дырэктар, гэтых вучняў, як маладых коней – трэба ўвесь час прышпорваць, каб не разляцеліся. Сапраўды вельмі шустрыя былі, але ведалі межы дазволенага і ў патрэбны момант маглі ўзяць сябе ў рукі. І вельмі любілі маляваць. Неяк Жэня Ганчарэвіч намаляваў мяне, як еду на веласіпедзе, абвесіўшыся пакетамі, – гэта была карціна з жыцця. Я сапраўды так ехала на работу, везучы з сабой нагляднасць да адкрытага ўрока.


СШ №2

СШ 2.jpg

Кацярына Шаблавінская класны кіраўнік.jpgКацярына Шаблавінская, класны кіраўнік:

– Мае вучні любілі Дзень самакіравання – і некаторым, нечакана для мяне, вельмі падышлі ролі настаўнікаў і дырэктара. Кожны год на мой дзень нараджэння дзеці рыхтавалі нейкі сюрпрыз – у іх атрымліваліся такія прыемныя «нечаканчыкі»! Самымі запамінальнымі былі паходы і экскурсіі – у нязмушанай абстаноўцы вучні раскрываліся з іншага боку. З імі было заўсёды класна!

Мы з паўслова разумелі адзін аднаго. А калі дзеці пачыналі сваволіць на ўроках – настаўнікі ім адразу нагадвалі пра класнага кіраўніка.


Гервяцкая СШ

Выпускнікі Гервяцкай СШ.jpg


Эрыка Гудзінская, выпускніца:

Эрыка Гудзінская выпускніца.jpg

– У першым класе спачатку села за адну парту з Дашай Гудойціце. Спярша было вельмі страшна – думалася, можа, што не так зраблю і мяне будуць ругаць. Але Таццяна Міхайлаўна Раўдановіч, наша настаўніца, хутка выклікала нашу прыхільнасць да сябе – яна была такая добрая, так нас любіла, была для нас як маці.

У пачатковых і сярэдніх класах кожны год класам хадзілі ў паходы – недалёка: на ўскраек Гервят ці на кола кахання – пад Рымдзюны, там вельмі прыгожыя мясціны.


Гімназія №1

Гімназія 11 А.jpg

Дзіяна Жытковіч, педагог-арганізатар:

Dziyana_Zhytkovich.jpg

– Гэты выпуск запомніцца актыўнасцю: КВЗ, тэатральныя пастаноўкі, навагоднія ранішнікі для малышоў… – яны адклікаліся на любыя прапановы. А яшчэ: стварэннем школьнага вакальна-інструментальнага гурта NN-band – адзінаццацікласнікі складалі большую частку яго саставу: Рыма Камагорава і Насця Філістовіч – электрагітара, Мікіта Васільчык – акардэон, Андрэй Чумакоў – барабан.

Мікіта Васільчык, выпускнік:

Мікіта Васільчык выпускнік.jpg

– На першым школьным ранішніку мы ставілі інсцэніроўку «Рэпка» – я там іграў ролю Дзеда. Калі быў маленькі, так хацелася ўсё паспець, усюды паўдзельнічаць…

А старэйшыя класы – гэта «Зарніцы», турзлёты, КВЗ, рэпетыцыі, вячэрнія пасядзелкі з аднакласнікамі… Прыемна праводзілі час. Больш за ўсё баяліся ўрока англійскай мовы: экзамен жа здаваць, таму вучыць трэба было шмат, – а каму хочацца! Дык мы стараліся хоць на нейкі час адцягнуць увагу настаўніка. А разрадку мы атрымлівалі на ўроку гісторыі – у нашага настаўніка добрае пачуццё гумару. Любілі па сталоўцы дзяжурыць: першы паспее сказаць, што пойдзе , – той і на дзяжурстве.


Міхалішкаўская СШ

Міхалішкаўская СШ.jpg


Аляксандр Чайкін, выпускнік:

Аляксандр Чайкін выпускнік.jpg

– У першы паход наш клас хадзіў на Вілію за Маркуны – смажылі на вогнішчы сала, гулялі… Найбольш мне запомніўся паход у 10-м класе. Мы паехалі на веласіпедах за Туроўе – там ёсць зона для адпачынку. Дзяўчынкі адказвалі за закупку прадуктаў і кухню, а хлопцы – за гаспадарку: палаткі расставіць, дроў насекчы і г.д. Адпачывалі цудоўна: у валейбол гулялі, загаралі, песні пад калонку спявалі… А потым усыпаў няхілы доджык, і нашу палатку, у якой была дзірка, заліло – прыйшлося начаваць у альтанцы.

Раней у канцы вучэбнага года мы ўсёй школай ездзілі на прыроду – для нас ладзілі нешта кшталту турзлёта. Весела было!


СШ №1 (11 «А» клас)

СШ 1 11 А клас.jpg

Zhanna_Petryk.jpgЖанна Петрык, першы настаўнік:

– Узгадваю акуратна заплеценых дзяўчынак у белых блузачках, якія любілі размалёўваць, гуляць з Барбі і красавацца перад люстэркам. І хлопчыкаў у строгіх касцюмах, з гальштукам – было забаўна назіраць, як яны, з узлахмачанымі валасамі, бегалі па калідоры, свавольнічалі. Тут дапамагала толькі ўшчуванне: «Ты ж апрануты, як дырэктар. Дзе ж ты бачыў, каб начальнік так бегаў і крычаў?!». Цікава было назіраць, як мае малышы з азартам гулялі ў фішкі альбо стараліся ўпотайкі выцягнуць іх на ўроку з-пад парты. Гэта быў клас актыўных акцябрат і піянераў, якія ўдзельнічалі ва ўсіх школьных справах: развешвалі кармушкі, садзілі дрэвы, збіралі пасылкі для дзяцей у прытулак, спявалі, выступалі, прыводзілі бацькоў на спартландыі.

У другім класе мы рэалізоўвалі праект па лекавых раслінах, праводзілі апытанкі, складалі гербарыі, рабілі гарбату. Дэвіз нашай работы быў «Твары дабро для сябе, для людзей, для прыроды» -- жадаю выпускнікам, якую б жыццёвую дарогу яны ні абралі, каб гэтыя словы былі дэвізам іх жыцця.


СШ №1 (11 «Б» клас)

СШ 1 11 Б клас.jpg

Глеб Алітойць, выпускнік:

– У пачатковых класах у мяне з’явіліся першыя сапраўдныя сябры – з імі сябруем і цяпер. Старэйшыя класы -- гэта дыскатэкі, тусоўкі, ну і на вучобу, канешне ж, не забываліся… Так незаўважна праляцеў гэты час – мне не верыцца, што ўжо не школьнік.

Буду вельмі сумаваць па аднакласніках, па настаўніках – добрых, спагадлівых, якія разумелі, дапамагалі, да якіх заўсёды можна было звярнуцца за парадай, пагаварыць не толькі на школьныя тэмы.


Рымдзюнская СШ з беларускай мовай навучання

Рымдзюнская СШ з беларускай мовай навучання.jpg


Таццяна Махонька.jpgТаццяна Махонька, першы настаўнік:

– У 2009 годзе да мяне ў першы клас прыйшло шасцёра вучняў. Спачатку ім вельмі цяжка было прызвычаіцца да школьнага распарадку, але потым справы наладзіліся. Дзеці любілі хадзіць на прагулкі ў лес. Яны там гулялі, разглядалі кветкі, слухалі спевы птушак, назіралі за мурашамі, а потым малявалі ўбачанае. Любілі слухаць казкі, а калі самі навучыліся чытаць , ужо я іх слухала.

Пацешныя яны былі. Помню як на загадку «Пад соснамі, пад елкамі ляжыць клубок з іголкамі» замест адказа ёж я пачула: хтосьці клубок з ніткамі страціў.

Толькі, здаецца, былі маленькімі, а ўжо выпускнікі! Жадаю ім, каб захавалі памяць пра той час, калі былі дзецьмі. І добрага шляху ў жыцці!

Варнянскі НПК

Варнянскі НПК.jpg


Анастасія Садоўская, маці выпускніцы:

Анастасія Садоўская.jpg

– У 1 класе дачка давала першы званок – яна ішла разам з адзінаццацікласнікам. Караліна любіла вялікія банты і яркія рэчы, таму канцтавары ў пачатковай школе куплялі адпаведных колераў. Захавала аплікацыі-падарункі, якія мая дачушка рабіла да святаў 8 Сакавіка, Дня маці…

Амаль усе дзеці нашага класа (некаторыя прыйшлі з іншых школ) вучыліся разам з дзіцячага садка. Жадаю выпускнікам, каб не забывалі школьных сяброў, настаўнікаў, якія давалі ім веды, і каб перад імі былі адкрытыя ўсе дарогі.


Альхоўская СШ

Альхоўская СШ.jpg


Яніна Куцько, класны кіраўнік:

– У маім класе толькі тры вучні, але якія разумныя, напорыстыя, таленавітыя! Анжаліка Субаткевіч – аматар інтэлектуальных гульняў, фіналіст абласнога конкурсу «Школа бяспекі», рукадзельніца. Дзіяна Сідарэвіч сур’ёзна вывучала нямецкую мову – з ёй збіраецца звязаць прафесійную будучыню. Яшчэ дзяўчынка майстар пераўвасаблення: пад кіраўніцтвам свайго бацькі з сястрой такія музычныя нумары рыхтуюць, што здаецца, на праграму «Точь-в-точь» трапіў. Дзіма Гаўрыловіч калі за што возьмецца, то мэта будзе дасягнута. Ён цудоўны акцёр – іграў у мастацкай самадзейнасці, быў вядучым школьнага тэлебачання.

Усе трое абралі педагагічныя спецыяльнасці. Дарэчы, гэта першыя выпускнікі, якія здавалі экзамен па працоўным навучанні. Дзіма і яго аднакласніцы атрымалі другі швейны разрад.

Шкада рас ставацца з такімі цудоўнымі дзецьмі!


Гудагайская СШ

Гудагайская СШ 1.jpg


Віялета Антановіч, выпускніца:

Віялета Антановіч выпускніца.jpg

– Мая першая настаўніца Марына Браніславаўна Золатава. Мы яе вельмі любілі і часам называлі мамай. Самымі страшнымі ў пачатковых класах для нас былі школьныя лінейкі: там саромелі за дрэнныя паводзіны – баяліся, каб не назвалі. На ранішнікі да мяне прыходзіла не толькі мама, яшчэ тата, сястра і бабуля. Да святаў у школе рыхтавалі самаробныя паштоўкі, а потым я несла іх дамоў, хавала і даставала ў патрэбны час. Але, думаю, мама знаходзіла гэтыя падарункі раней і проста не падавала выгляду, што ведае пра іх.

Запомніліся ўрачыстасці, калі нас прымалі ў акцябраты і піянеры. Так хвалююча было, і так потым ганарылася сабой…

Мы былі дружнымі і вельмі жвавымі – пад намі парты хадуном хадзілі. У старэйшай школе спачатку не хацелася, каб класы аб’ядноўвалі – аказалася, дарма: было класна, весела і вучыцца, і адпачываць. Вельмі шкада расставацца!


Рымдюнская СШ з літоўскай мовай навучання

Rymdyuny_litovskaya_SSh.jpg


Анжаліка Гедройць маці выпускніка.jpgАнжаліка Гедройць, маці выпускніка:

– Вучоба не абмяжоўвалася школьнымі кабінетамі, нашы дзеці ставілі спектаклі, ладзілі канцэрты і святы – прычым яны заўсёды былі двухмоўнымі: літоўскі з перакладам на беларускі. Нават калі дзеці вучыліся ў старэйшых класах, запрашалі бацькоў, бабуль-дзядуль на ўсе святы – у школе заўсёды іх рабілі цікавымі. Кожны год школьнікі ездзілі на сустрэчу з прэзідэнтам Літвы – для гэтага рыхтавалі выступленні; для дзяцей арганізоўвалі адпачынак у лагеры ў Паланзе.

Дзякуй настаўнікам за веды, клопат, увагу, бацькоўскія адносіны да нашых дзяцей!

Матэрыял змясціў толькі невялічкую частку расказанага, але, спадзяюся, гэта будзе штуршком для ўчарашніх вучняў «пракруціць» у памяці імгненні школьнай пары.

Няхай у вас усё атрымаецца ў дарослым жыцці, паважаныя выпускнікі, жадаюць вам бацькі, настаўнікі і рэдакцыя газеты «Астравецкая праўда»! У добры шлях!



Развіталіся са школай/ ВЫПУСК-2020

Альхоўская СШ – 3 вучні,

Варнянскі НПК – 23 вучні,

Гервяцкая СШ – 7 вучняў,

Гімназія №1 – 37 вучняў,

Гудагайская СШ – 14 вучняў,

Кямелішкаўскі НПК – 9 вучняў,

Міхалішкаўская СШ – 15 вучняў,

Рымдзюнская СШ (бел.) – 5 вучняў,

Рымдзюнская СШ (літ.) – 3 вучні, Спондаўскі НПК – 7 вучняў,

СШ №1 – 41 вучань,

СШ №2 – 12 вучняў.

У СШ №3 і Падольскім НПК выпускнікоў няма.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: