Знакомьтесь: стипендиат фонда Президента Эмилия Долинчик

14:34 / 08.06.2020

Маленькія ручкі, заціснуўшы між пальцаў спецыяльныя малаточкі, імкліва і амаль незаўважна ўзлятаюць над струнамі цымбалаў – і… Міжволі хочацца ў захапленні паўтарыць словы Булата Акуджавы: «…Я надеялся понять: как умеют эти руки эти звуки извлекать!»

Эмілія Далінчык пакуль не чараўніца-музыкант – яна пакуль вучыцца, і даволі паспяхова. Сведчанне таму – не толькі выдатныя адзнакі, але і перамогі ў шматлікіх творчых конкурсах: міжнародных «Сэрца зямлі маёй», «Пакарэнне вяршынь», «Трыумф», «Гармонія», рэгіянальным фестывалі-конкурсе «Вясёлы жужа». А найбольш запомнілася дзяўчынцы перамога ў міжнародным конкурсе «Крыштальны васілёк». І не толькі тым, што яны з настаўніцай Людмілай Уладзіміраўнай падрыхтавалі цікавую п’есу «Прагулка з лялькай» – акрамя таго, цёця спецыяльна для конкурсу пашыла  ёй прыгожую сукенку, фасон якой яны знайшлі на сайце дызайнерскага адзення. А Эмілія, як і ўсе дзяўчынкі, трошкі модніца…

12.jpg

Запісаць у музычную школу Эмі – так называюць дзяўчынку ў сям’і – прасіла бацькоў яшчэ ў першым класе, але адводзіць-прыводзіць яе не было каму, мама баялася адпускаць малую адну – вырашылі пачакаць, пакуль падрасце. У трэцім класе прычын адмовіць ужо не знайшлося.

Спачатку дзяўчынцы хацелася пайсці на клас флейты, але настаўнікі пераканалі, што цымбалы  лепш. Праз нейкіх паўгода Эмілія ўпэўнілася, што і сапраўды – лепш, і нават адмовілася ад флейты як дадатковага інструмента. Сакрэт такой любові просты: яны з выкладчыкам Людмілай Столяр знайшлі агульную мову.

Людміла Уладзіміраўна харошая, вясёлая, – гаворыць дзяўчынка.

А мама, Валерыя Валер’еўна, дадае:

Менавіта настаўніца знаходзіць розныя цікавыя конкурсы, рыхтуе да іх Эмілію. Так што ў гэтых перамогах – найперш яе заслуга.

А Людміла Столяр называе яшчэ адных сааўтараў перамог:

Далінчыкі вельмі дружныя . Яны ўсе едуць на конкурс падтрымаюць Эмілію – у адказныя моманты, калі трэба сабрацца, справіцца з хваляваннем, гэта дарагога варта.

Так што шматлікія перамогі ў розных конкурсах і, як вынік, – стыпендыя спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы адоранай моладзі – плён агульных намаганняў.

Але пры ўсім гэтым Эмілія не марыць пра музычную будучыню – яна хоча стаць архітэктарам. І ўпэўнена, што музычная адукацыя ёй у гэтым вельмі спатрэбіцца.

1591194866242391.jpg

– Я хачу будаваць дамы незвычайнай формы, – марыць услых дзяўчынка. – Напрыклад, у форме музычных інструментаў – прыгожа ж будзе, праўда? І каб паўсюль гучала музыка. Можна зрабіць музычную падлогу: заходзіш у спальню – іграе ціхая спакойная музыка кшталту калыханкі. У сталовай – энергічная, бадзёрая. А ў ваннай каб была мяккая падсветка і гукі вадападу…

Эмілія адна з лепшых вучаніц не толькі ў школе мастацтваў, але і ў гімназіі, дзе яна з выдатнымі адзнакамі закончыла пяты  клас. Так што, трэба думаць, усё ў яе атрымаецца, нават калі мара раптам зменіцца. – у жыцці так бывае, і нічога страшнага ў тым няма….

Людміла Столяр, выкладчык школы мастацтваў па класе цымбалаў:

Эмілія Далінчык, безумоўна, музычна адораная дзяўчынка. Але ў конкурсах ёй дапамагае перамагаць найперш стараннасць і сур’ёзныя адносіны да ўсяго, чым яна займаецца. У дзяўчынкі цудоўная памяць, яна ўсё схоплівае літаральна на ляту. У трэцім класе стала іграць у аркестры народных інструментаў – і гэта ёй, я бачу, таксама падабаецца. Пры такім творчым патэнцыяле і адносінах да справы наперадзе ў Эміліі, я  думаю, яшчэ не адна перамога.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик