Падведзены вынікі раённага фестывалю-конкурсу юных мадэльераў і дызайнераў «Сілуэт»
13:03 / 05.06.2020
У фестывалі ўзяло ўдзел пяць устаноў адукацыі, якія прадстаўлялі калекцыі дзіцячага адзення ў дзвюх намінацыях: «Крэатыў» і «Этнастыль».
Работы ўдзельнікаў ацэньвала прафесійнае журы і наведвальнікі сайта газеты «Астравецкая праўда».
На жаль, з-за пандэміі арганізатары конкурсу не змаглі правесці фестываль у запланаваным фармаце: вочна, з запрашэннем гледачоў і паказам калекцый ужывую. Паколькі заяўкі на ўдзел паступілі і мадэлі ўжо былі адшытыя, удзельнікам было прапанавана зняць дэфіле на відэа – па прадстаўленых запісах ацэньваліся работы канкурсантаў.
Трэба сказаць, што ў такім прадстаўленні быў свой плюс: на агульнае ўспрыняцце працавалі яшчэ работа аператара і ўдалы мантаж сюжэту.
У намінацыі «Крэатыў» было заяўлена дзве калекцыі: Galaxy city цэнтра творчасці і Revers СШ №3. Па меркаванні журы найбольш дэтальна прадуманыя і тэхнічна складаныя для ўвасаблення мадэлі выхаванцаў «Школы прыгажосці» ЦТДіМ.
Galaxy city
Revers
У намінацыі «Этнастыль» спрачалася за лідарства тры дзіцячыя калекцыі: «Маленькія беларусы» СШ №1, «Вдохновение» гімназіі №1 і «Валошкі» Варнянскага НПК. Тут лепшай прызнана работа гімназістаў.
Пераможцы ў кожнай намінацыі атрымалі дыпломы аддзела адукацыі і падарачныя сертыфікаты на суму 100 рублёў ад раённай арганізацыі РГА «Белая Русь».
«Маленькія беларусы»
«Вдохновение»
«Валошкі»
Уладальніка прыза глядацкіх сімпатый вылучалі шляхам галасавання на сайце нашай газеты – без падзелу на намінацыі. Найбольшую колькасць «падабаек» (2 164) набрала калекцыя Galaxy city, яе аўтары атрымалі падарунак ад «раёнкі».
З першых вуснаў
Алена Чарняўская, педагог «Школы прыгажосці»:
– Прыемна, што нашу з дзецьмі работу ацанілі і журы, і ўдзельнікі галасавання. Маім дзяўчатам хацелася не будзённасці мадэляў, а нечага незвычайнага – прапановы наконт гэтага ўносілі ўсе: і нашы педагогі, і выхаванцы. У выніку атрымалася Galaxy city.
Шылі калекцыю цягам двух месяцаў – працавалі не толькі тыя пяць дзяўчынак, якія выступалі ў дэфіле, а ўсе выхаванкі гуртка. У нас толькі фацін для мадэляў куплены, а аснова – джынс – прынесенае непатрэбнае адзенне, якое збіралі ўсім цэнтрам. А тады гэта трэба было распароць, адпрасаваць, адабраць па колеры – каб падрыхтаваць для крою.
Каб стварыць суцэльны вобраз і годна прадэманстраваць зробленае, трэба працаваць у камандзе – адзін у полі не воін. Так, макіяж і прычоскі дзяўчаты рабілі пад кіраўніцтвам нашага педагога Анжалікі Бандарэнкі. Падборкай музыкі і адпрацоўкай дэфіле займалася харэограф Наталля Янкоўская.
Вольга Сцефановіч, намеснік дырэктара Астравецкага ЦТДіМ, арганізатар фестывалю:
– Удзел у падобным конкурсе патрабуе выдаткаў: творчая ідэя, канешне, на першым плане, але калі няма з чым яе ўвасабляць, нічога не атрымаецца. Яшчэ адзін важны момант, на маю думку, – узнагароды, каб заахвоціць да ўдзелу ў конкурсе, каб было за што змагацца – каб апраўдаць панесеныя выдаткі. Спадзяюся, што ў наступны раз у нас з’явіцца яшчэ адзін спонсар – паспрабуем выйграць грант на рэалізацыю гэтага праекта.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.