20 этап конкурсу «Пазнай Астравеччыну»

09:34 / 05.06.2020
291
«Вельмі радая, што ўвага арганізатараў конкурсу на гэты раз звернута на паўднёвую частку раёна», – гэтымі словамі пачала адказ на конкурснае заданне Кацярына Вараб’ёва. А Алена Памецька ў мінулы раз дзякавала, што не абыходзяць увагай яе родны спондаўскі край. Хочам патлумачыць, што, рыхтуючы заданні, мы імкнёмся зрабіць іх разнастайнымі не толькі па складанасці – хоць гэта, як паказваюць прамежкавыя вынікі конкурсу, паняцце адноснае, але і па геаграфіі, і па тэматыцы здымкаў, прапануючы пазнаць святыні, помнікі архітэктуры, культуры, прыроды ці проста адметныя мясціны Астравеччыны. Нам здаецца, гэта дазваляе ўдзельнікам конкурсу не толькі пазнаць і спазнаць родны край, але і дапамагчы зрабіць гэта ўсім неабыякавым чытачам. 

Конкурснае заданне 19 ту­ра было не вельмі складаным – хоць фотаздымак зроблены з не зусім звыклага ракурсу, усе ўдзельнікі пазналі  дайлідскі касцёл Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі.

010101010.JPG



Храм гэты мае багатую і няпростую гісторыю. Узведзены больш за два стагоддзі назад  у 1809 годзе ў так званым закапанскім, ці прыкарпацкім, стылі, характэрным для тагачасных храмаў Рэчы Паспалітай. У гады Першай сусветнай вайны касцёл згарэў. Коштам неймаверных намаганняў вернікаў і ахвярадаўцаў святыню адбудавалі – у 1929 годзе яна зноў адчынілася для вернікаў.  Але прыйшлі Саветы – і ў 1949 годзе храм закрылі, прыстасаваўшы яго спачатку пад збожжасховішча, а затым – пад калгасны падсобны цэх. Ванда Вайшнаровіч успамінае, што пасля адкрыцця ў Дайлідках сярэдняй школы будынак касцёла збіраліся пераабсталяваць пад спартыўную залу, ужо нават пачаліся рамонтныя работы – але прыйшлі часы перабудовы, і вернікі адстаялі свой храм: па іх шматлікіх просьбах касцёлу вярнулі першапачатковае прызначэнне. Трэцяе нараджэнне святыні  адбылося ў 1989 годзе – з таго часу і да сённяшняга дня вернікі маюць магчымасць у яго сценах размаўляць з Богам.

5555555555555.JPG



Цікавыя звесткі пра дайлідскі касцёл можна знайсці ў сённяшнім нумары ў заключнай частцы артыкула «Дайлідкі і наваколле: гісторыя вёсак і лёсы іх жыхароў», а таксама ў артыкуле «Святыні Астравеччыны. Дайлідскі касцёл», на­друкаваным у «Астравецкай праўдзе» ў снежні 2018 года – падобна, многія канкурсанты менавіта з гэтай крыніцы чэрпалі звесткі пра святыню.

На гэты раз адгукнуўся нават брэстчанін Мікалай Ланец, які падарожнічае па Беларусі і робіць прыгожыя здымкі адметных мясцін. Дарэчы, у яго фотагалерэю патрапілі і некаторыя нашы мінулыя конкурсныя заданні. Мікалай атрымлівае 1 бал, Ванда Вайшнаровіч – 2 балы, Марына Кімса, Святлана Марозава (рады зноў вітаць у нашых шэрагах!), Алена ПамецькаКацярына Вараб’ёва – па тры балы. Максімальныя 4 балы атрымліваюць Жанна Волк-Леановіч, Ганна Мілашэвіч, Алег Драган і Вікторыя Іванцэвіч, якія падрабязныя адказы дапоўнілі не толькі фотаздымкамі, але і відэасюжэтамі.

Пасля 19 тураў лідары ранейшыя: Марына Кімса і Алег Драган. А на трэцім месцы апынулася ажно тры чалавекі: Алену Памецька дагналі Жанна Волк-Леановіч і Ганна Мілашэвіч


Дзе гэта, што гэта?

12122.jpg



Нагадваем: далучыцца да конкурсу можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды і фотаздымкі.

Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефонах 2-03-64, 7-08-44, +375-29-328-75-99 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з конкурсным заданнем (да аўторка ўключна).


(Людзі на здымку выпадковыя, да задання адносін не маюць)


Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений